З прафесійным падыходам

Поддержи

Заўсёды прыемна бачыць выдатную працу. Асабліва натхняе сур’ёзнае стаўленне да прафесіі ў сацыяльнай сферы, бо, як вядома, якаснае сацыяльнае абслугоўванне стварае ўмовы для вырашэння складаных жыццёвых сітуацый. Пра дзейнасць сацыяльнай службы, структурныя падраздзяленні і прафесійныя дасягненні мы даведаліся, наведаўшы Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Барысаўскага раёна.

Территориальный центр социального обслуживания населения Борисовского районаПерш за ўсе выклікае інтарэс аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Зараз яго наведваюць сорак дзевяць чалавек, пяцёра – на надомным абслугоўванні. Спецыялісты аддзялення займаюцца сацыяльна-бытавой адаптацыяй наведвальнікаў. Маладых людзей прывучаюць да самастойнага жыцця і жыцця ў грамадстве. Для гэтага сфарміравана мноства гурткоў з «гаваркімі» назвамі: «Вясёлы пекар», «Чароўны клубок», «Фантазія». Увогуле, наведванне гурткоў запланавана не толькі для маладых людзей, але і для пенсіянераў, для якіх на базе аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту сфарміравана свая сістэма заняткаў.

Ці не самым папулярным з’яўляецца гурток «Камп`ютарная пісьменнасць». Ён прызначаны для навучання людзей старэйшага пакалення. Заняткі вядзе Эльвіра Аляксандраўна Астроўская, інвалід 2-й групы. Пажылыя людзі з задавальненнем асвойваюць новыя тэхналогіі і імкнуцца ісці ў нагу з часам. Дайшло да таго, што пенсіянеры практычна не тэлефануюць адно аднаму, а абменьваюцца паведамленнямі ў групе «Залаты ўзрост» сацыяльнай сеткі «Аднакласнікі». 

Выдатна праходзяць заняткі па англійскай мове. «У многіх нашых наведвальнікаў дзеці ці ўнукі жывуць за мяжой. Каб мець зносіны з сям’ёй свайго дзіцяці, гаварыць на адной мове, даводзіцца прыстасоўвацца. Ратуе тое, што большасць нашых пенсіянераў ведаюць нямецкую. Такім чынам прасцей авалодаць новай мовай, бо ўжо ёсць нейкі навык», – растлумачыла дырэктар ТЦСАН Вольга Вітольдаўна Капыток. Акрамя гэтага, ва ўстанове можна наведаць заняткі па псіхалогіі і нават навучыцца асновам фінансавай пісьменнасці. Здавалася б, якая ўжо тут фінансавая пісьменнасць, усе людзі дарослыя, вопытныя. Аднак дэнамінацыя рубля двухгадовай даўнасці ўсур’ёз збянтэжыла пенсіянераў, і кансультацыі прадстаўніка банка ім сапраўды дапамаглі.

А чаго варта развучванне новых песень у «Музычнай гасцёўні». Ды што там, ні адно свята не абыходзіцца без выканання новых твораў!

Территориальный центр социального обслуживания населения Борисовского районаАсаблівым гонарам цэнтра з’яўляецца зала эргатэрапіі. Эргатэрапія – гэта комплекс рэабілітацыйных мерапрыемстваў, якія праводзяцца для аднаўлення паўсядзённай дзейнасці чалавека. Кажучы прасцей, спецыяльная лячэбная гімнастыка для трэніроўкі дробнай маторыкі і каардынацыі. Гэтаму спрыяюць адмысловыя падушачкі і трэнажоры. За вядзенне такога неабходнага напрамку ў цэнтры адказвае Яўген Аляксандравіч Грачышкін. Мужчына – інвалід 2-й групы, праходзіць працоўную рэабілітацыю. Як кажуць яго навучэнцы, не шкадуе ні старога, ні малога, таму ёсць і рэзультат.

Территориальный центр социального обслуживания населения Борисовского районаНу і, вядома ж, вялікую ўвагу ў цэнтры надаюць спорту і здароўю. Для развіцця гэтага напрамку арганізаваны гурток, які наведваюць дзве групы жадаючых. У іх актывісты займаюцца скандынаўскай хадой. Аднак тут ёсць абавязковая ўмова. «У групах не прабачаюць тых, хто прыходзіць з дрэнным настроем. Калі ты прыйшоў займацца – будзь добры пакінуць асабістыя праблемы і скаргі за парогам. Бо людзі ж прыходзяць па пазітыў, яго і трэба несці ў грамадства», – распавяла намеснік дырэктара ТЦСАН Таццяна Георгіеўна Чуйкова. Гэта мудрае рашэнне захоўвае пазітыўны настрой і дазваляе людзям быць прадуктыўнымі. Таму што гурткоўцы не проста ходзяць, але і праводзяць сацыяльныя акцыі па меры магчымасцяў. Напрыклад, на шляху руху збіраюць усё смецце, якое трапіцца.

Акрамя гуртковай дзейнасці ў цэнтры можна займацца ў майстэрнях. Яны, як кажуць, на любы густ: паліграфічная, пральная, швейная і кулінарная. Усё максімальна функцыянальна і прадумана. Кожны наведвальнік зможа знайсці для сябе занятак па інтарэсах. Такія імправізаваныя ўрокі, як паветра, неабходныя інвалідам, асабліва маладым. Хлопцы і дзяўчаты ўсебакова развіваюцца: тры разы на месяц наведваюць раённую бібліятэку, раз на тыдзень плаваюць у басейне на базе Мінскага абласнога фізкультурна-аздараўленчага клуба інвалідаў «Гефест».

Территориальный центр социального обслуживания населения Борисовского района
Кіраўнік гурткоў «Спорт і здароўе» і «Эргатэрапія» Яўген Аляксандравіч Грачышкін

Акрамя таго, для маладых інвалідаў праводзяць заняткі па працатэрапіі. На такіх занятках маладыя людзі асвойваюць навыкі карыстання электрапрыборамі, вучацца даглядаць сябе ў побыце, прызвычайваюцца да акуратнага нашэння і абслугоўвання асабістых рэчаў, асвойваюць уменне аказваць першую дапамогу сабе і іншым. Словам, прайграюць сітуацыі, якія могуць адбыцца з кожным у рэальных абставінах. Важнае месца для рабят – пакой адпачынку. Тут яны могуць адцягнуцца ад будзённых спраў, заняцца любімай справай асобна ад астатняй групы хлопцаў і дзяўчат, мець зносіны па інтарэсах. Вядома, ва ўстанове ёсць на што паглядзець. Маецца нават свой зімовы сад, раслінамі для якога падзяліліся наведвальнікі і супрацоўнікі цэнтра. На сценах прытуліліся экзатычныя папугаі і дзівосныя расліны, якіх з любоўю малявала таленавітая супрацоўніца ўстановы, – гэта сапраўдная зона рэлаксацыі.

Аднак як жа быць тым, у каго няма магчымасці наведваць цэнтр сацыяльнага абслугоўвання ці, можа быць, ёсць больш надзённыя праблемы? У гэтым выпадку людзі звяртаюцца да паслуг аддзялення суправаджальнага пражывання. Як патлумачыла загадчыца аддзялення Інэса Васільеўна Максімава, для інвалідаў з парушэннем апорна-рухальнага апарату цэнтрам прадастаўляюцца паслугі памочніка па суправаджэнні. Такі спецыяліст знаходзіцца побач з інвалідам ад месца пражывання да пункту прызначэння і на зваротным шляху. «У нас гэтым пытаннем займаецца малады чалавек. Спачатку людзі насцярожана ставяцца да нашага калегі. Але пасля першага суправаджэння настолькі давяраюць, што ўсе сумневы папросту знікаюць», – распавяла Інэса Васільеўна.

Территориальный центр социального обслуживания населения Борисовского районаДля аказання паслугі ёсць спецыяльны графік, куды ўносяцца заяўкі. «А што, калі тэрміновая справа?», – пытаюся я. «Мы што-небудзь прыдумаем, пастараемся дапамагчы ў любым выпадку», – запэўніла мяне спецыяліст. Адметнасцю аддзялення суправаджальнага пражывання можна лічыць актыўную працу з інвалідамі па слыху. Ва ўстанове маецца свой сурдаперакладчык, які не толькі выконвае свае службовыя абавязкі, але і выкарыстоўвае ў рабоце мабільныя дадаткі skype, viber, а значыць, знаходзіцца на сувязі са сваімі падапечнымі практычна кругласутачна.

І гэта толькі малая частка таго, чым займаюцца ў сацыяльнай установе. Вядома ж, тэрытарыяльных цэнтраў шмат, але ці ў многіх з іх пануе такая клапатлівая атмасфера? Судзіць, вядома, не нам, а тым, хто наведвае ўстанову. Аднак прымусіць людзей прыходзіць і займацца творчасцю або звяртацца па дапамогу ў вырашэнні цяжкай жыццёвай сітуацыі немагчыма. Альбо давер ёсць, альбо яго няма. І тут важная не столькі літара закона, колькі простая чалавечая спагада, якой з лішкам хапае супрацоўнікам ТЦСАН. У кожнага аддзялення свае задачы і напрамкі дзейнасці, новыя планы і мэты. Але ёсць у іх тое, што аб’ядноўвае, – імкненне да развіцця і неабыякавасць. На тым і стаяць.

Вольга НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ

Фота аўтара і з архіва ТЦСАН

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.