«З маіх заняткаў абыякавымі не выходзяць». Выкладчыца БДУ, якая ўнесла інавацыйную дысцыпліну аб інклюзіўным турызме ў сістэму адукацыі Беларусі

Поддержи

Калі чалавецтва сутыкнулася з каранавіруснай інфекцыяй, турыстычная сфера ва ўсім свеце пачала мяняцца. Людзі востра адчулі бездапаможнасць, калі не было ніякай магчымасці перасекчы мяжу, каб пазагараць на моры або паглядзець славутасці суседніх краін. А як людзям з інваліднасцю, якія заўжды сутыкаліся з непадрыхтаванасцю інфраструктуры?

У Беларускім дзяржаўным універсітэце ёсць выкладчыца, якая ўжо некалькі гадоў развівае тэму інклюзіўнага турызму ў навуковай прасторы Беларусі. Яна ўнесла ў адукацыйную праграму дзве інавацыйныя дысцыпліны па гэтай тэматыцы. Наталля Міхайлаўна Барысенка-Клепач – аб інклюзіўным турызме ў Беларусі, сваіх студэнтах, праектах і марах пра будучыню, дзе кожны чалавек зможа бесперашкодна вандраваць.

Наталля Міхайлаўна Барысенка-Клепач

– Зараз я з’яўляюся старшым выкладчыкам кафедры міжнароднага турызму факультэта міжнародных адносін БДУ, – распавядае Наталля Міхайлаўна. – Я скончыла той самы факультэт, дзе зараз выкладаю. З 2009 года працавала ў сферы сельскага турызму – была менеджарам праектаў грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы», якое займаецца развіццём аграэкатурызму ў Беларусі. Дзесьці з 2013 года зацікавілася інклюзіўным турызмам, а ў 2015 прапанавала сваю дысцыпліну ва ўніверсітэце. Зараз пішу кандыдацкую, спадзяюся, скора атрымаю гэтую вучоную ступень.

Наталля Міхайлаўна прызнаецца, што прыйшла да сферы інклюзіўнага турызму праз асабісты досвед, як і многія, хто сутыкаўся з гэтай тэмай у жыцці.

– Я сябравала з хлопцам з інваліднасцю, таму мне пачалі кідацца ў вочы недахопы інфраструктуры турыстычных аб’ектаў, ды і не толькі іх. Я шмат разважала, доўга ўсё гэта «варылася» ў маёй галаве, – успамінае выкладчыца. – Вырашыла правесці семінар на тэму турызму для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Так бы мовіць, высветліць, ці ёсць зацікаўленасць у дадзеным напрамку. На семінар прыехала каля трыццаці чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі. Я пераканалася, што гэта актуальна.

/

Зараз Міністэрства спорта і турызму актыўна супрацоўнічае з Наталляй Міхайлаўнай. З ёй звязваюцца таксама і грамадскія арганізацыі – такія, як Беларускае таварыства глухіх (БелТГ), Беларускае таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ).

/

– Заняткі са студэнтамі я стараюся рабіць максімальна практыка-арыентаванымі. Праводжу некалькі лекцый, на якіх даю тэарэтычную базу, а потым інтэрактыўныя семінарскія заняткі. Кожны год запрашаю на заняткі спецыялістаў і практыкаў. Напрыклад, у гэтым годзе запрашала на заняткі прадстаўнікоў з БелТІЗ і БелТГ. Разам з імі студэнты вучыліся асновам жэставай мовы, як правільна суправаджаць чалавека з праблемамі зроку і г. д. Апроч гэтага, мы са студэнтамі ладзім заняткі па-за межамі універсітэта ў месцах, што вабяць турыстаў. Спрабуем у вазку скарыстацца пандусамі ў турыстычных аб’ектах альбо заплюшчваем вочы, каб на пэўны час адчуць сябе на месцы людзей з інваліднасцю па зроку. Мне здаецца, ніхто з маіх заняткаў абыякавым не выходзіць, – дзеліцца гераіня. – Дарэчы, дысцыпліна «Інклюзіўны турызм у Беларусі» выкладаецца толькі ў нас на ФМА, але даступна і для студэнтаў іншых факультэтаў у межах БДУ. Да нас прыходзіла дзяўчына з філфака, таксама прыязджаў прадстаўнік з Брэсцкага ўніверсітэта. Ён нават хацеў зрабіць нешта падобнае ў сваім ВНУ, але пакуль гэтая ідэя засталася толькі ідэяй.

Акрамя вучэбнай дзейнасці, Наталля Барысенка-Клепач з’яўляецца стваральнікам розных праектаў, якія сама дзеліць на навуковыя і больш практычныя.

– Праектаў у мяне нямала, канешне, нават і не ведаю, аб чым распавядаць, – усміхаецца выкладчыца. – Зараз у мяне новы праект з таварыствам глухіх: гэта стварэнне цэлага відэакурсу па асновах мовы жэстаў у сферы турызму. Таксама рабілі даследаванні ў сферы турызму: апытвалі тых, хто там працуе, пыталіся пра актуальнасць прыстасавання турыстычных аб’ектаў для людзей з інваліднасцю. Яшчэ вельмі люблю, калі са студэнтамі «вандруем» па Мінску. Пачынаючы з таго, ці можна людзям з абмежаванымі магчымасцямі без цяжкасцей набыць квіток, папіць кавы. Заплюшчваем вочы і намагаемся «разглядзець» помнікі ў скверы БДУ. Калі паспрабаваць скарыстацца безбар’ернай інфраструктурай на ўласным досведзе, разумееш неабходнасць развіцця інклюзіўнага турызму ў Беларусі.

Наталля Міхайлаўна на сваіх занятках абмяркоўвае са студэнтамі замежныя прыклады развіцця інфраструктуры для людзей з інваліднасцю. А што наконт таго, як развіццё праходзіць у нас?

– Шчыра кажучы, для мяне гэта складанае пытанне, – адказвае суразмоўніца. – Раней, калі я толькі прыйшла да гэтай тэмы, была зусім бяда. Зараз, канешне, зрабілі крокі да паляпшэння. На сайце Мірскага замка, напрыклад, ёсць версія для людзей са слабым зрокам – гэта рух наперад. Калі браць Мінск, найбольш даступныя ў гэтым сэнсе месцы – новыя гандлёва-забаўляльныя цэнтры, там паабедаць ці купіць сувеніры можна. Музеі пад пытаннем. Ёсць тыя, дзе з даступнасцю добра, а ёсць больш старыя і маладаступныя. У нас ёсць архітэктурныя стандарты, якія прапісаны ў заканадаўстве, але іх рэалізацыя, на жаль, бывае, так бы мовіць, далёкай ад ідэалу. Вялікая праблема, на мой погляд, – гэта інфармацыйны бар’ер. Няма звестак пра даступнасць турыстычных аб’ектаў, вельмі рэдка ёсць інфармацыя ў альтэрнатыўных фарматах. Але апошнім часам парадаваў чыгуначны вакзал, дзе з’явілася сістэма навігацыі для людзей са слабым зрокам.

Выкладчыца БДУ лічыць, што развіццё інклюзіўнага турызму ў Беларусі залежыць ад кожнага з нас. Трэба не проста чакаць, калі ўсё стане добра, а рабіць свой унёсак у гэта

– Прыняцце на міжнародным узроўні стандарту сістэмы ІSО ў сферы інклюзіўнага турызму (пераклад з англ.: Міжнародная арганізацыя па стандартызацыі. – Рэд.) – гэта ўнікальны рух наперад. Мне вельмі хацелася б, каб гэты стандарт быў перакладзены і выкарыстоўваўся ў нас. Трэба адразу браць лепшае, а не ісці доўгімі і не заўсёды зразумелымі шляхамі. Таксама хачу звярнуцца да чытачоў. Каб наша краіна палепшыла стан сферы інклюзіўнага турызму, патрэбна, каб удзел у гэтым працэсе бралі тры бакі: дзяржаўныя структуры, турыстычны бізнес і самі спажыўцы гэтых паслуг. Трэба, каб патэнцыяльныя турысты не згаджаліся на тое, што ёсць, а агучвалі ў поўнай меры свае патрэбы па забеспячэнні камфорту падчас вандровак, – падвяла вынік Наталля Міхайлаўна Барысенка-Клепач.

 

Дарыя Галоўчыц
Фота аўтара і з архіва Барысенка-Клепач

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.