«Ёсць пандус, а што далей?» Гісторыя жыцця Ігара Швайкі з Ганцавіч

Многія жыхары невялічкага горада Ганцавічы, напэўна, звярталі ўвагу на прымайстраваны пандус, які вядзе да балкона шматпавярховага дома насупраць рынку. Пачынаючы з вясны да позняй восені, вакол гэтай прыстасаванай канструкцыі цвітуць рознакаляровыя пятунні. Адразу бачна, што ў гэтай кватэры жывуць людзі, якія ўмеюць ствараць прыгажосць вакол сябе, а гэтае дабудаванае прыстасаванне сведчыць аб тым, што ў жыцці ім даводзіцца даволі няпроста.
Ігар Мікалаевіч рухаецца з дапамогай інваліднага вазка, але гэта было не заўсёды… Неаднойчы сніцца яму той ракавы дзень, які падзяліў яго жыццё на дзве часткі. Першая – ён вясёлы сямігадовы хлопчык, дзяцінства якога напоўнена вясковымі забавамі і дзіцячымі турботамі. І другая – трагічны выпадак, калі пад коламі аўтамабіля загінуў сябар Юрка, а яго жыццё напоўнілася змаганнем з хваробай, якая прагрэсіравала штогод, а затым – інвалідны вазок.
У вёсцы Дзяніскавічы, дзе нарадзіўся і вырас Ігар, сям’ю Швайкаў называюць па мянушцы – Кебецавы – якая пайшла ад прозвішча дзеда – Кебец. Дзед з сям’ёю ў гады вайны прыйшоў у Дзяніскавічы з Гомельшчыны. Тады шмат бежанцаў шукалі прытулку, уцякаючы з фашысцкага пекла. Дабіралася сям’я праз лясы і балоты доўга і цяжка. А калі ўжо ад голаду і холаду ісці не было сілы, знайшла сям’я Кебец прытулак у палескай вёсцы Дзяніскавічы.
Ігар з цеплынёй у голасе ўзгадвае свайго дзеда, бо ўсё яго дзяцінства прайшло побач з гэтым добрым, працавітым чалавекам. Незабыўныя ў памяці засталіся паездкі на пасекі (дзед быў калгасным пчаляром). Як жа любіў ён разам з дзедам увіхацца каля вулляў: «Бывае, пчала ўджаліць за вока так, што і свету не бачыш, але і выгляду не пакажаш, што баліць: перад дзедам сорамна плакаць, трэба цярпець!» Цярпенне… Як жа гэтая акалічнасць спатрэбілася Ігару ў жыцці!
А яшчэ Ігар Мікалаевіч з цеплынёю ў голасе ўзгадвае гады дзяцінства, калі ў калгасе ўсім хапала працы. А ім, падлеткам, калгаснае кіраўніцтва давярала працу з коньмі. Вазілі апілкі, салому. Абеднім часам садзіліся на каня і ай-да на дамбу купацца. А затым з маленькай торбачкі даставалі лустачку хлеба з салам альбо пасыпанага цукрам, і напрацованыя з вялікай асалодай смакавалі. І так штодня…
Школьныя гады праляцелі, як адно імгненне. Была яшчэ спроба Ігара паступіць у Віцебск ва ўніверсітэт па спецыяльнасці «Прыкладное мастацтва», але зразумеў: вясковаму самавучку не хапае вопыту. Перамалёўваць карыкатуры з «Вожыка», маляваць партрэты родных – усё, што ўмеў юнак. А гэтай навукі не хапала. З ранняга дзяцінства вельмі любіў маляваць, калі падрос, захапленне мастацтвам толькі ўзмацнілася. Вельмі любіць маляваць маслам, асабліва – пейзажы.
Свае работы Ігар Мікалаевіч дорыць сябрам і родным. Засталося некалькі карцін, якія ўпрыгожваюць матуліну хату ў Дзяніскавічах. Зараз на такі занятак мужчыне не хапае часу. І не дзіўна. За нейкую няпоўную гадзіну, пакуль я гасцявала, мабільны тэлефон мужчыны не змаўкаў.
У канцы кастрычніка Ігару Швайку споўнілася 47 гадоў. Кожны дзень у яго распісаны па хвілінах. Засвоіў камп’ютар і інтэрнет, дзе для сябе знаходзіць шмат карыснай інфармацыі. Напрыклад, аб лекавых раслінах. Даведаўся аб карысці глогу і паспрабаваў нават на дзедавай сядзібе засадзіць плантацыю гэтай карыснай раслінай. Неяк захапіўся гадоўляй трусоў. Адчувае сілы і жаданне працаваць, хоць і абмежаваны ў руху.
Ёсць захапленне ў Ігара Мікалаевіча для душы – гэта кулінарыя. Часцяком ён любіць пакулінарыць на кухні. Спячэ торцік альбо шарлотку. І разам са сваёй любай Надзеяй Яраславаўнай бавіць час за кубкам гарбаты. Хіба гэта не ціхае сямейнае шчасце?
Здаецца, што жыццё Ігара Швайкі напоўнена штодзённымі клопатамі і звычайнымі сямейнымі справамі. Але сутыкаецца мужчына з цяжкасцямі, якія для звычайнага чалавека незаўважныя: «Ёсць пандус,– кажа ён, – а што далей? Ні ў магазін, ні ў бальніцу, ні ў транспарт я не магу заехаць без дапамогі старонняга чалавека».
Пакідала я кватэру з думкаю аб тым, што кожнага з нас лёс можа кінуць на калені, але не кожнага прымусіць змірыцца з гэтым. Усё залежыць ад чалавека. Яго лёс – гэта яго характар. І прыклад гэтаму – жыццё Ігара Швайкі.
Таццяна Маляўка
Фота з асабістага архіва галоўнага героя
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.