У Смаргонскім судзе разглядаецца справа аб дыскрымінацыі супрацоўніка па прыкмеце інваліднасці

Поддержи

Вядома, не шмат спраў аб дыскрымінацыі ў сферы інваліднасці разглядаецца ў нашых судах. Дыскрымінацыю цяжка даказаць з той прычыны, што няма прамога закона, на які маглі б абапірацца суддзі пры вынясенні выракаў. Але гэта не азначае, што людзі з інваліднасцю не сутыкаюцца з дыскрымінацыяй на працоўных месцах. Суд Смаргонскага раёна прыняў позву і разглядае прадмет дыскрымінацыі на базе адмаўлення ў прыстасаванні і адсутнасці безбар’ернага асяродку на месцы працы работніка з інваліднасцю.

Наступствы інфекцыйнай хваробы

У суд на ўстанову адукацыі «Смаргонская дзіцячая школа мастацтваў імя М. К. Агінскага» падаў кампазітар, настаўнік і музыка Тэймур Пагасян. У мясцовай школе мастацтваў ён адпрацаваў 24 гады. Тэймур піша музыку, робіць аранжыроўкі, складае песні. Таксама ён выкладае заняткі па класе фартэпіяна, гітары, кантрабаса. Па словах яго жонкі Ірыны, якая звярнулася да нас яшчэ ў красавіку, Тэймур, інвалід 2-й групы, доўга трываў дыскрымінацыю на працоўным месцы. Але шэраг абставін прывёў да таго, што Тэймур звярнуўся ў суд з заявай аб устараненні дыскрымінацыі на яго працоўным месцы.

У Тэймура наступствы поліяміэліту, які перанёс, калі яму было два гады. Тэймур удзячны лёсу, што выжыў пасля інфекцыйнага захворвання. У яго быў параліч ног, а пасля лячэння засталіся скрыўленні стоп і частковае скрыўленне пазваночніка. Тэймур у дзяцінстве з цяжкасцю перасоўваўся, займацца музыкай яму было супрацьпаказана. Але хлопчык усё адно граў на акардэоне. А пасля паступіў у вучылішча на аддзяленне кантрабаса. На 4 курсе вучылішча стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу. Затым паступіў у кансерваторыю ў Азербайджане.

Зараз Тэймуру хадзіць досыць цяжка. Нават з кіем, ён сам можа прайсці не больш за 20 метраў.

/

Ірынай Тэймур жанаты ўжо 14 гадоў. Ёй вельмі балюча за таленавітага мужа, які штодня сутыкаецца з прыніжэннем і цяжкасцямі, калі ідзе на працу, таму яна ўсяляк намагаецца распавесці пра яго праблему.

/

Працоўныя будні

Бар’еры, з якімі сутыкаецца Тэймур, пачынаюцца ўжо на ўваходзе на працу. Музычная школа, дзе ён працуе, знаходзіцца ў старым, але адрамантаваным будынку з высокім ганкам. Ганак школы пачалі абсталёўваць поручнямі толькі ў 2012 годзе. Але праз рэалізацыю школай праграмы бяспекі школьнікаў гэтыя поручні перакрылі металічным плотам. Тэймур, з цяжкасцю абапіраючыся на кій, сам падымаецца па прыступках на ганак.

У той жа час стаянку для машын людзей з інваліднасцю аднеслі на супрацьлеглы бок ад ганка. Каб дайсці да поручняў, неабходна перайсці дарогу. Толькі ў мінулым годзе пасля неаднаразовых прашэнняў у ДАІ і раённы прафсаюз Тэймуру дазволілі ставіць машыну недалёка ад прыступак. «Гэта, канечне, лепш, чым нічога, – кажа Ірына, – Але гэтага недастаткова. Напрыклад, гумовых дыванкоў на яго шляху да дзвярэй няма».

Ірына кажа, што Тэймур неаднаразова прасіў змяніць умовы яго доступу да школы. Але ўсе яго просьбы, па словах жонкі, былі праігнараваны кіраўніцтвам школы мастацтваў. Ірына кажа, што ў адказ чулася, маўляў, для яго быў пабудаваны пандус.

«Тэймур працуе 24 гады ўжо ў школе. І толькі два гады яму і іншым людзям з інваліднасцю, якія працуюць у школе, сталі даваць адну базавую да дня інвалідаў», – абураецца Ірына.

Сеў у лужыну

Ірына ўзгадвае, як у якасці прадстаўніка Тэймура яна не так даўно прысутнічала на прафсаюзным сходзе ў музычнай школе. З той прычыны, што актавая зала знаходзіцца на другім паверсе і Тэймур можа траўміравацца пры пад’ёме, Ірына вырашыла прысутнічаць там замест мужа. «Перад тым, як сесці ў зале, я прадставілася і спытала людзей, ці не супраць яны, калі я буду прысутнічаць на сходзе замест свайго мужа. Сход аднагалосна пагадзіўся. «Усе пытанні, якія разглядаліся на сходзе, тычыліся Тэймура ў тым ліку. Але абмеркаванне гэтых пытанняў і ўдзел у прыняцці рашэнняў былі для яго недаступныя ў любой форме – ні ў вуснай, ні ў пісьмовай. Яго ніхто не ставіў у вядомасць аб прынятых рашэннях або абмеркаваннях. У выніку я была вымушана сысці са сходу».

Там Ірына намагалася распавесці пра сітуацыю, якая адбылася на Калядным канцэрце, які праходзіў у раённым Доме культуры. Тэймур вымушаны ўдзельнічаць у канцэртах як работнік музычнай школы. Уваходы клуба не абсталяваны поручнямі. Самастойна Тэймур не змог выйсці з клуба. Калегі яму дапамагалі, але нават яны не змаглі яго ўтрымаць на слізкай падлозе. Яму нічога не заставалася, як сесці на зямлю, прама ў лужыну, і такім чынам паўзці да сваёй машыны. На вачах у калег, дзяцей і іх бацькоў. «Яго можна было вызваліць ад удзелу ў гэтым канцэрце праз умовы надвор’я, – з горыччу кажа Ірына. – Але дырэктарка прымусіла яго ўдзельнічаць у ім».

Прытым, калі Тэймур напісаў заяву на матэрыяльную дапамогу на імя дырэктаркі, яму было адмоўлена. «Прычына адмовы, якая змешчана ў лісце, выглядала некарэктна, калі не сказаць, што абразліва, у дачыненні да чалавека з інваліднасцю. Атрымліваецца, што дырэктарка сама вырашае, калі ён з’яўляецца інвалідам, а калі не!»

Каронавірус і ўмовы працы Тэймура

Напэўна, трыванне Ірыны скончылася, калі ў Беларусь прыйшла пандэмія каронавірусу. Яна кажа, што дырэктарка школы не прыняла мер бяспекі, каб абараніць Тэймура Пагасяна: «Ёсць ліст ад ААН аб абароне людзей падчас пандэміі. Людзі тут адносяцца да асаблівай катэгорыі, ім патрэбна асаблівая ўвага ў гэты час. І ў гэты ж час быў арганізаваны сход, на якім прысутнічала 80 чалавек». Нагадаем, што і па звестках САЗ людзі з інваліднасцю – гэта тыя людзі, якія знаходзяцца ў групе рызыкі. Сусветная арганізацыя аховы здароўя парэкамендавала працадаўцам забяспечыць людзей з інваліднасцю дадатковымі мерамі абароны.

«Я высветліла, што адміністрацыя школы парушае ў дачыненні да Тэймура працоўнае заканадаўства. Паводле працоўнага заканадаўства яму павінен выдавацца працоўны водпуск працягласцю не менш за 30 каляндарных дзён. А яго працоўны водпуск складае 24 каляндарныя дні. Калі правесці падрабязную праверку, то знойдзецца яшчэ больш парушэнняў. І не толькі ў дачыненні да яго», – упэўнена Ірына.

/

«У цяперашні час мой муж, ад імя якога я накіроўваю заяву, знаходзіцца ў прыгнечаным стане, адчувае маральныя і фізічныя пакуты, – піша ў заяве Ірына. – Яму балюча ўсведамляць, што яго, які аддаў значную частку свайго жыцця ўстанове адукацыі, дзецям, музычнаму мастацтву, як чалавека і як педагога зняважылі ў вачах калег. Перажываць гэта прыніжэннне яму вельмі балюча, бо як чалавек мастацтва ён глыбока эмацыйна ўспрыняў тое, што адбылося».

/

Рашэнне падаць у суд

Ірына распавядае, што далёка не адзін год Тэймур звяртаўся да наймальніка з просьбамі аб такой арганізацыі працы, якая б улічвала яго фізічную здольнасць пры перамяшчэнні і фізічную даступнасць будынка школы, а таксама правядзенне заняткаў на першых паверхах. «Але мы не былі пачуты», – кажа Ірына. Магчыма, Тэймур і ўпакорыўся б таму, што меў. Але падзеі апошняга часу, як кажа Ірына, увялі яго ў смутак канчаткова.

У адпаведнасці з артыкулам 14 Працоўнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, асобы, якія лічаць, што яны падвергліся дыскрымінацыі ў сферы працоўных адносін, маюць права звярнуцца ў суд з адпаведнай заявай аб ліквідацыі дыскрымінацыі. У сваёй заяве ў суд Тэймур прасіў прызнаць дзеянні ўстановы адукацыі як тыя, якія носяць дыскрымінацыйны характар па прыкмеце інваліднасці. Пагасян патрабуе пакласці гумавыя дыванкі з двух бакоў ад поручняў або забяспечыць прыборку снегу ў зімні перыяд, увесці барацьбу са стэрэатыпамі, забяспечыць безбар’ернае асяроддзе пры арганізацыі вучэбнага працэсу.

Папярэдняе пасяджэнне

У судзе Смаргонскага раёна прайшло папярэдняе пасяджэнне, дзе разглядалі позву Пагасяна як позву аб дыскрымінацыі ў сферы інваліднасці. Суддзя прапанавала дырэктарцы школы вызначыць, якія канкрэтныя захады яны могуць прадпрыняць для таго, каб арганізаваць працу Пагасяна такім чынам, каб не было прыцяснення правоў па прыкмеце інваліднасці.

/

«Я так разумею, што суд хоча схіліць да прымірэння бакоў, – каментуе юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі, які кансультуе гэту сям’ю. – Таксама суд папрасіў сфармуляваць Тэймура Пагасяна, на якія нормы нацыянальнага права мы абапіраемся, калі патрабуем устараніць дыскрымінацыю».

/

Але тут зноўку, як і ў безлічы іншых выпадкаў, камень сутыкнення заключаецца ў тым, што, акрамя Канвенцыі, такіх законаў у Беларусі не існуе. Рэдакцыя газеты «Вместе!» будзе сачыць за тым, як будуць разварочвацца падзеі вакол гэтай судовай справы. Юрысты кажуць, што само па сабе прыняцце справы судом – гэта важны прэцэдэнт.

 

Вікторыя Чаплева
Фота Алега Граблеўскага

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.