«Я ўспрымаю дыягназ сына як асаблівасць, а не як хваробу». Гісторыя Кацярыны Барышавай з Сянно
Яна не плакала, калі даведалася пра дыягназ, а пачала дзейнічаць. Ужо 21 год Кацярына Барышава даказвае, што нават самы складаны дыягназ не перакрэслівае жыццё. У яе сына Цімура – дзіцячы цэрэбральны параліч. Але хлопец чытае кнігі, малюе, гуляе ў лато і задае маці тысячы пытанняў. Гісторыя гэтай сям’і — пра бязмежную сілу любові і барацьбы. І пра тое, як пасля самай цяжкай падзеі жыццё можа падараваць новы сэнс, калі побач правільныя людзі.
Роды, якія змянілі ўсё
Цяжарнасць праходзіла нармальна, толькі была невялікая анемія. Нішто не прадвяшчала бяды, але ж роды былі цяжкімі. Цімура не ўдалавалася выцягнуць з першага разу, тады гэта зрабілі з дапамогай шчыпцоў. Адразу пасля нараджэння ў яго пачалася двухбаковая пнеўманія, малога павезлі з аршанскай радзільні ў Віцебскую бальніцу.
«Мы думалі, што ўсё будзе добра, — успамінае Кацярына Уладзіміраўна. — Ён рос звычайным дзіцем. Але ў 7 месяцаў нам паставілі дыягназ ДЦП».
Калі свет пераварочваецца
Для любой маці гэта ўдар. Але Кацярына не дазволіла сабе зламацца. Урачы прапаноўвалі лячэнне за мяжой – але грошай не было. Інтэрнэт тады яшчэ не быў такім даступным, каб шукаць дапамогу. Таму вырашылі: будзем рабіць усё, што ў нашых сілах, тут, на месцы.
Сям’я жыла тады ў аграгарадку Літусава Сенненскага раёна. Да Цімура прыходзілі настаўнікі са школы, займаліся з ім дома. Потым пераехалі ў Сянно, і хлопчык пачаў вучыцца ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Там яму дапамагалі не толькі медыцынскія спецыялісты, але і педагогі, псіхолагі. Ён вучыўся зносінам, сяброўству, жыццю ў грамадстве.
Новае жыццё

Пасля нараджэння Цімура Кацярына магла б замкнуцца ў сабе. Але жыццё працягвалася. Яна сустрэла чалавека, які не спалохаўся яе гісторыі, не адвярнуўся ад хворага хлопчыка, а прыйняў яго як свайго. Муж Сергей з разуменнем паставіўся да сітуацыі, стаў надзейнай апорай і падтрымкай у самыя складаныя моманты. Разам яны вырашылі, што ўсё пераадоляць. І праз некаторы час у іх нарадзіліся дзве абсалютна здаровыя дачкі — Дзіяна і Сафія.
Сёння старэйшая дачка Дзіяна ўжо студэнтка аграрнага каледжа, будзе эканамістам, малодшая Сафія — вучаніца сярэдніх класаў. У траіх дзяцей – розныя лёсы, але ў іх – адна моцная сям’я, якая трымаецца на любові, узаемаразуменні і падтрымцы.
Кожны дзень — маленькая перамога
Цяпер Цімуру 21 год. Разам з сёстрамі Дзіянай і Сафіяй чытае кнігі, гуляе ў лато, малюе, глядзіць тэлевізар. Раз у тыдзень да яго прыходзіць супрацоўніца Сенненскага ТЦСАН Антаніна Хлусевіч — яны займаюцца кружковай дзейнасцю.
Дзень Кацярыны Уладзіміраўны пачынаецца з зарадкі і масажу для сына. Потым — кухня. Цімур любіць назіраць, як мама гатуе, і любіць задаваць пытанні, ён вельмі цікаўны. Улетку яны шмат гуляюць на вуліцы — гэта яго любімы час.
Сям’я — галоўная апора

Кацярына прызнаецца: бяда не прыходзіць адна. Але калі побач муж Сяргей, дзеці, свякроў, сястра — усё пераадольваецца. Жанчына прызнаецца: задумацца пра другую цяжарнасць было страшна. Але падтрымка родных перамагла. Цяпер у іх трое дзяцей, і кожнае з іх — жаданае.
«Дыягназ — не прыгавор»
Кацярына Уладзіміраўна гаворыць, што важна знайсці падыход не толькі да асаблівага дзіцяці, але і да сябе.
«Прыняць новую рэальнасць нялёгка. Але, як паказвае вопыт, гэта магчыма. Можа спатрэбіцца шмат часу і сіл, але важна не даваць сабе патануць у праблеме і жыць далей», — кажа яна.
***
Гісторыя Кацярыны Барышавай — не пра слабасць, а пра сілу. Пра тое, што маці можа стаць для свайго дзіцяці цэлым светам. Дзяржава таксама робіць крокі насустрач праз цэнтры карэкцыі, сацыяльных работнікаў, рэабілітацыю. Але галоўнае — людзі, тыя, хто побач. Хто не адвярнуўся, не спалохаўся, а стаў плячом.
Калі вы сустрэнеце такую сям’ю — падтрымайце іх. Магчыма, проста ўсмешкай, магчыма, словам, справай, бо сапраўдная сіла — не ў тым, каб быць дасканалым, а ў тым, каб прымаць недасканаласць і любіць яе.
Тэкст: Надзея Зуева
Фота аўтара
Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.