«Я рабіла ўсё сама і шкадавала. Гэта была памылка». Маці, якая 29 гадоў вучыцца любіць дачку з ДЦП без лішняй апекі

Поддержи

Яна нарадзіла здаровую дзяўчынку, але ў тры месяцы здарылася непапраўнае: запаленне лёгкіх, затым памылка медыкаў і дыягназ – ДЦП. Сёння Танюшы 29, а для мамы яна ўсё яшчэ маленькая дачка, якая баіцца зрабіць што-небудзь не так. Ірына Стрынкевіч расказала, як перажывала боль, чаму песціла дачку і як вучылася яе адпускаць. А таксама аб матчыным сэрцы, якое баіцца, але верыць.

«Магла паплакаць, але нікому не паказвала»

Ірына Стрынкевіч нарадзілася ў Маладзечанскім раёне, у вёсцы Александрова. Потым пераехала ў Смалявічы, дзе жыве ўжо 28 гадоў. У яе трое дзяцей і ўжо трое ўнукаў. Жанчына працуе кладаўшчыцай на хлебазаводзе. Яе жыццё – звычайнае, але адна гісторыя зрабіла яго зусім незвычайным. Танюша, малодшая дачка, нарадзілася здаровай. Усё змянілася за некалькі хвілін, калі ёй было тры месяцы.

«Немаўля прастудзілася, было запаленне лёгкіх. Ёй паставілі кропельніцу ў галаву, туды трапіла паветра, – узгадвае Ірына Эдмундаўна. – Калі мы атрымлівалі групу інваліднасці, я распавяла пра гэта прафесару. Ён сказаў: “98 працэнтаў, што гэта ўпускальніцтва ўрачоў”», – узгадвае Ірына Эдмундаўна.

Маленькая Таня доўга не магла сесці, пачала хадзіць толькі пасля года і васьмі месяцаў, галава была павернутая направа. Урачы супакойвалі: «Усё пройдзе», але не прайшло. Частка мозгу была пашкоджана. Так у сям’ю прыйшоў дыягназ, які змяніў усё.

«Было вельмі цяжка ўсведамляць. Я ўсё насіла ў сабе, дзяліцца ні з кім не хацела. Магла сама сабе паплакаць, паперажываць, але нікому не паказвала», – кажа сураз­моўніца.

«Я шкадавала, і гэта была памылка»

Гады ішлі. Старэйшыя дзеці – Дзмітрый і Алена – раслі, а Таня заставалася «дзіцем», хоць патроху станавілася дарослай. У мамы з’явілася жаданне берагчы, хаваць ад цяжкасцяў, рабіць справы па доме самой. «Гэта называецца гіперапекай»,– гаворыць гераіня.

«Я шкадавала дачку. Мне здавалася, што ў яе не атрымаецца нешта зрабіць ці зробіць гэта не так, як трэба. Калі дачка хвалюецца, у яе рукі трасуцца, яна можа разліць, разбіць. Я рабіла ўсё сама: засцілала ложак, мыла пасля яе посуд. Дзеці злаваліся на мяне: “Ты яе балуеш, яна ж у нас не такая і хворая”», – ўспамінае жанчына.

Цяпер Ірына Эдмундаўна прызнае: старэйшыя дзеці мелі рацыю. «Трэба было быць строгай, прывучаць да самастойнасці. Таня больш умела б, больш адаптавалася», – разумеючы свае памылкі ў выхаванні, тлумачыць Ірына Эдмундаўна.

«Яна ходзіць у цэнтр, як на работу»

Сёння Танюша наведвае тэрапеўтычны цэнтр у Смалявічах, дзе з ёй займаюцца педагогі Кацярына Валер’еўна Рабчык і Аксана Уладзіміраўна Красніцкая, Святлана Фёдараўна і Юлія Аляксандраўна. Таня ходзіць туды штодня, акрамя суботы і нядзелі. Яна вучыцца рукадзеллю: малюе карціны па нумарах, збірае алмазныя мазаікі. Аднойчы нават працавала прыбіральшчыцай, калі патрэбна было падмяніць супрацоўніцу.

Маці асаблівай дачкі расказвае, што Таня сама збіраецца, п’е каву, ідзе ў цэнтр. Але дзяўчына дрэнна арыентуецца ў часе. «Ёй трэба сказаць: “Таня, выходзь». Дадому вяртаецца самастойна. У яе ёсць сяброўка Дзіяна з суседняга пад’езда, яны разам наведваюць цэнтр», – расказвае маці.

Адна з галоўных магчымасцяў, якая дае надзею, – гэта ўдзел у праграме сацыяльнай адаптацыі да самастойнага жыцця людзей з асаблівасцямі. Гэта першая ў Мінскай вобласці трэніровачная кватэра для людзей з інваліднасцю, што знаходзіцца ў вёсцы Жажэлка Смалявіцкага раёна.

«Там чатыры дзяўчынкі і чатыры хлопцы жывуць па два тыдні, вучацца гатаваць, мыць, прыбіраць, планаваць пакупкі. З імі побач педагог, але яны робяць усё самі», – тлумачыць суразмоўніца.

Па словах маці, Тані вельмі падабаецца. Там дзяўчына вучыцца самастойнасці. «Нават у краму можа схадзіць: купіць хлеб, малако, калі ёй растлумачыць», – кажа Ірына Эдмундаўна.

«Свае ж не адмовяць, але свет быў жорсткі»

Самае цяжкае, калі свет за межамі сям’і не прымае. У двары дзеці кпілі, абзываліся. Балюча было да слёз. «Мне было вельмі шкада яе», – уздыхае маці. Але сёння становіцца лягчэй. Грамадства змянілася, людзі сталі больш цярплівымі. Дзеці, што жылі ў суседніх дварах, цяпер дарослыя і не звяртаюць увагі на незвычайнасць Тані.

Дома Танюшу любяць усе. Для ўнукаў Алісы, Ромы і Жэні – Таня не «асаблівая цётка», а свай чалавек. Яна можа пагуляць з імі на пляцоўцы, дагледзець, калі маме трэба адлучыцца.

«Таццяна размаўляе з малымі, як дарослая. Але ў душы яна сама малая: параўноўвае сябе з дзецьмі. “Чаму ім можна, а мне нельга?” – пытаецца», – усміхаецца маці.

Жыццё працягваецца

Галоўнае, што Ірына Эдмундаўна засвоіла за гэтыя гады: не трэба баяцца жыць. Яна працуе, выхоўвае ўнукаў, ходзіць на працу. Таня жыве сваім жыццём – з цэнтрам, з кватэрай, з сябрамі. Яна яшчэ не цалкам самастойная. Але з кожным годам – больш.

На пытанне, што б Ірына Эдмундаўна параіла такім жа маці асаблівых дзетак, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі, адказвае:

«Трымайцеся… І не бойцеся любіць, – раіць мая гераіня. І тут жа падхопліваецца і дадае: – Але не рабіце ўсё за дзіця. У дзіцяці будзе сваё жыццё. Яно павінна ўмець жыць самастойна. А галоўнае – гэта ваша крывіначка, і вы яе любіце. Гэтая любоў дапаможа».

Тэкст: Надзея Зуева
Фота з уласнага архіва гераіні

 

 

Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.


Exit mobile version