Вучыцца, каб дзейнічаць: пра развіццё адукацыі для дарослых распавялі ў Мінску

Поддержи

Каб адаптавацца ў сучасным зменлівым свеце, неабходна адукоўвацца. Такая асноўная думка не раз гучала падчас прэзентацыі дзейнасці Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання «Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.» (ФРГ) у Рэспубліцы Беларусь за 2018 год.

Сапраўды, спасціжэнне новага – актуальная задача ў розныя часы. Гэта могуць быць атрыманне новай прафесіі, калі страчаная ранейшая праца, навучанне для людзей, якія трапілі ў зняволенне, але хацелі б па вызваленні прыносіць карысць грамадству, магчымасць пасільна працаваць з інваліднасцю, засваенне новых тэхналогіяў (прыкладам, інтэрнэт-банкінг, што ўсё шырэй скарыстоўваецца ў паўсядзённым жыцці)… Выніковае мерапрыемства адбылося ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханеса Рау. Сабраліся прадстаўнікі з розных куткоў нашай краіны, каб падзяліцца досведам ладжання працы ў галіне развіцця адукацыі для дарослых, пагутарыць аб прафесійных дасягненнях.

Прывіталі прысутных Галава Прадстаўніцтва «Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў» (акурат гэтак перакладаецца нямецкая назва аб’яднання) Галіна Верамейчык і рэгіянальны дырэктар «DVV International» па Беларусі, Украіне, Малдове Беціна Брант. Апошняя падзякавала прысутным за тое, што «верыце ў сілу і радасць адукацыі для дарослых». Потым адбылося знаёмства прысутных, дзе кожны коратка меў магчымасць распавесці пра сябе і сваю працу па праграмах DVV.

Сярод праграмаў арганізацыі – праекты «Вучыцца, каб дзейнічаць» (у яго ўваходзяць 17 мініпраектаў), «Жывая бібліятэка» (адукацыя для зняволеных), «Этнаакадэмія» (з курсамі па этнаграфіі, народных рамёствах і мастацтве), кампанія «Караван» (падчас яе адбываецца папулярызацыя нефармальнай адукацыі, супрацоўнікі Прадстаўніцтва ўжо наведалі 10 населеных пунктаў краіны, дзе распавядалі пра перспектывы адукацыі для дарослых, магчымасці, што яна дае людзям) ды інш.

Падчас падвядзення вынікаў году прагучала багата розных фактаў ды лічбаў. Чамусьці аўтару гэтых радкоў запалі такія. Адукацыя зняволеных людзей зніжае на 13 адсоткаў паўторнае злачынства (бадай, няшмат, але ж дакладна болей, чым зусім без яе, калі чалавек пасля турмы часцяком не ведае, куды падацца); інваліды-калясачнікі могуць атрымаць прафесію барысты (і працаўладкавацца); людзі з абмежаванымі магчымасцямі сталі цырульнікамі; «Этнаакадэмія» сумесна з Студэнцкім этнаграфічным таварыствам займаецца вывучэннем і папулярызацыяй культурнай спадчыны нашага народа.

У рамках сёлетняй дзейнасці Прадстаўніцтва – правядзенне міжнароднага конкурса сачыненняў «Па-за кадрам: ад гісторыі сям’і да гісторыі супольнасці», што ладзіўся сумесна з МГА «Гісторыка».

Падарункам усім прысутным стала выступленне Лене Рэйчал Андэрсэн з Даніі. Яна пісьменнік, футуролаг, філосаф. У сааўтарстве з шведскім бізнесоўцам Томасам Б’ёркманам напісала кнігу «The Nordic Secret: A European story of beauty and freedom» («Паўночны сакрэт»). У ёй разглядаюцца пытанні, як адукацыя дарослых уплывала на якасць жыцця ў Даніі, Швецыі і Фінляндыі, што паўплывала на развіццё сваёй сістэмы ў скандынаўскіх краінах. Слухаючы, можна было перакідваць своеасаблівыя масткі да беларускай рэальнасці – якія ідэі, дзе іх можна пераняць?

Апошнім часам у нас таксама распаўсюджаныя розныя нефармальныя адукацыйныя курсы, народныя ўніверсітэты, іншыя праекты, што нясуць дадатковыя веды розным слаям грамадства – вывучэнне беларускай мовы і гісторыі, народнай культуры, традыцыяў, атрыманне дадатковай прафесіі і пад. Пачала госця з расповеду пра сябе, пра свой досвед атрымання адукацыі і выбару жыццёвага шляху.

«Доўгі час я жыла пад кіраўніцтвам бацькоў, якія выбіралі мне навучальную ўстанову, дадатковыя факультатывы, – згадала спн. Андэрсэн. – Але неяк я вырашыла, што не буду ўвесь час жыць пад іх апекаю, пражываць распланаванае некім жыццё – сваё жыццё я мушу пражыць сама. Было складана парваць сувязі, што склаліся, але цяпер я пэўная, што жыву так, як сама вырашыла, спланавала».

Распавядаючы пра канец ХІХ ст., выступоўца зазначыла: «Гэта быў час, калі з’яўляліся новыя агрэгаты, машыны, распрацоўваліся новыя тэхналогіі вядзення сельскай гаспадаркі. І дацкія фермеры аб’ядналіся, каб сумесна атрымліваць неабходныя веды. Для дарослых людзей былі арганізаваныя народныя ўніверсітэты, дзе цягам некалькіх месяцаў ахвочыя засвойвалі новае ў вядзенні гаспадаркі».

Гэткія курсы цягам некалькіх дзесяцігоддзяў мелі станоўчы вынік. Сёння мы сапраўды можам казаць пра сакрэт дабрабыту скандынаўскіх краінаў, захапляцца не толькі руплівасцю і працавітасцю тамтэйшых людзей, але і здольнасці іх наладжваць побыт, працу, вольны час.

Скончылася сустрэча абменам думак, што дала супраца ў праектах Прадстаўніцтва, якія планы на наступны год, ахвочыя выказвалі свае прапановы, ідэі.

Уладзімір ПУЧЫНСКІ

Фота мае ілюстратыўны

характар

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.


Exit mobile version