Вострыя вуглы круглага стала

Поддержи

«Даступнасць вышэйшай адукацыі для людзей з інваліднасцю» – круглы стол пад такой назвай быў праведзены 20 лістапада Офісам па правах людзей з інваліднасцю. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў «БелТІЗ» і «БелТГ», Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Дети. Аутизм. Родители», моладзевага ГА «Откровение», супрацоўнікі Міністэрства адукацыі – а іменна ўпраўлення спецыяльнай адукацыі – ды іншыя.

Насамрэч, нагодай для гэтага абмеркавання стала не адна, а адразу некалькі падзеяў. Так, у хуткім часе Беларусь мусіць падпісаць Канвенцыю аб правах інвалідаў. Ужо сама па сабе гэтая падзея важная для нашай краіны, тым больш што адзін з асноўных прынцыпаў Канвенцыі –
даступнасць адукацыі як спосаб рэалізацыі правоў чалавека. Яшчэ адна нагода для размовы – гэта дыскусіі наконт Балонскага працэса, да якога ў хуткім часе павінна далучыцца Беларусь. Разам з шэрагам магчымасцяў для нашай вышэйшай школы гэта і шмат сур’ёзных абавязкаў, на якія трэба звярнуць асаблівую ўвагу. Да таго ж, зараз у Беларусі абмяркоўваецца заканадаўства ў сферы адукацыі, і гэта яшчэ адна прычына для таго, каб абмеркаваць яе даступнасць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Міхаіл Антоненка

Ад негатыва…

Юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Вольга Трыпуцень у сваім выступленні сцісла абмалявала сітуацыю, якая склалася зараз у сферы вышэйшай адукацыі. Асобна яна падкрэсліла тое, што Кодэкс аб адукацыі рэгулюе далёка не ўсе аспекты гэтага пытання, і часам тут маюць месца дзве крайнасці. Так, існуюць проста дэкларатыўныя нормы, прапісаныя ў Кодэксе, але іх здзяйсненне на практыцы часта немагчымае. Найлепшым прыкладам будзе той жа прынцып роўнага доступу на атрыманне вышэйшай адукацыі, калі студэнт-інвалід – гэта хутчэй выключэнне з правіла. Разам з тым ёсць і празмерна ўрэгуляваныя нормы – да прыкладу, калі ў медыцынскай даведцы, якую абітурыент атрымлівае ў МРЭК, запісана, што ён можа навучацца ў спецыяльных умовах. І іменна фраза «спецыяльныя ўмовы» часта з’яўляецца сапраўднай праблемай для вышэйшых навучальных установаў. Так што прасцей бывае адмовіць чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі ў паступленні, чым стварыць тое ж самае безбар’ернае асяроддзе.

Дарэчы, што датычыцца медыцынскай даведкі – яна пацвярджае адсутнасць проціпаказанняў на атрыманне выбранай спецыяльнасці. То бок у гэтым кантэксце  – права на адукацыю непасрэдна звязанае з правам на працу, што ў прынцыпе няправільна – гэтыя правы не павінны залежаць адно ад аднаго. Любы чалавек мае права атрымаць адукацыю, а ці зможа ён рэалізаваць сваё права на працу па атрыманай спецыяльнасці – гэта ўжо іншае пытанне.

Яшчэ адна не менш важная праблема – стварэнне безбар’ернага асяроддзя ва ўстановах адукацыі. Як правіла, на ўсе запыты, якія робяцца ў ВНУ, адказ адзін і той жа – выдаткі на гэта не прадугледжаныя. І сітуацыя такая, што людзі з парушэннямі апорна-рухавага апарату вымушаныя паступаць ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт або на завочную платную форму навучання ў беларускія ВНУ. Пасля гэтага пра роўныя ўмовы для ўсіх гаворка не ідзе.

Уладзімір Дунаеў

… да пазітыва

Пытанняў, канешне, шмат – гэта і атрыманне крэдытаў на вучобу, і права на сацыяльную стыпендыю. Яе, як высветлілася, таксама можа атрымаць не кожны інвалід, а толькі той, чыя інваліднасць не стала вынікам супрацьпраўных дзеянняў або алкагольнага ап’янення.

Але, як адзначыла Вольга Трыпуцень, не ўсё так дрэнна. Разам з недасканаласцю заканадаўства можна адзначыць і пэўныя добрыя моманты. Так, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка адбываецца стварэнне безбар’ернага асяроддзя – пры гэтым ствараецца не толькі адзін элемент, напрыклад, пандус каля галоўнага корпуса, але і заезды да інтэрната, спецыяльныя пакоі для пражывання людзей з парушэннямі апорна-рухавага апарату, нізкія бардзюры. Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны закупляе штогод лінгвафоннае абсталяванне для людзей з аслабленым слыхам і зрокам. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна распрацаваў на 2015-2017 гады мэтавую праграму сацыяльнай абароны навучэнцаў, дзе абазначаныя напрамкі працы з людзьмі з інваліднасцю.

Асобна Вольга Трыпуцень расказала пра ўступныя іспыты і пра тое, як у гэтым выпадку ўлічваюцца асаблівасці абітурыента. Шэраг ВНУ адзначылі, што правядзенне экзаменаў мае індывідуальны характар – гэта могуць быць тэсты, вусныя і пісьмовыя іспыты. Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В. Сухога штогод рыхтуе камплекты экзаменацыйных заданняў для абітурыентаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця – незалежна ад таго, ці будуць у гэтым годзе такія абітурыенты. У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце для правядзення іспытаў ствараецца прадметная экзаменацыйная камісія. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава распрацаваў «Палажэнне аб індывідуальным плане навучання студэнтаў». Плануецца, што там жа ў наступным годзе адбудзецца набор студэнтаў па некалькіх спецыяльнасцях на дыстанцыйную завочную форме навучання – і ў першую чаргу гэта будзе разлічана на людзей з інваліднасцю.

– Але, – заўважыла Вольга Трыпуцень, – нават калі ўлічыць усе вышэйзгаданыя станоўчыя моманты, адзінай сістэмы даступнасці вышэйшай адукацыі ў нас няма – хутчэй, гэта набор элементаў у некалькіх ВНУ. Калі б можна было аб’яднаць усё гэта ў адным універсітэце – безумоўна, гэта быў бы поспех.

Пра праблему даступнасці вышэйшай адукацыі для людзей з парушэннямі зроку расказаў пад час круглага стала намеснік старшыні ГА «БелТІЗ» Міхаіл Антоненка. Ён асабліва адзначыў тое, што хаця жыццё ў кожнага складваецца па-рознаму, але чалавеку з якаснай адукацыяй прасцей дабіцца належнага ўзроўню жыцця. Пры гэтым людзям са слабым зрокам вучыцца –
ды і не толькі вучыцца – ці не найцяжэй, чым іншым інвалідам, бо, як вядома, ад 70 да 90 адсоткаў інфармацыі чалавек успрымае праз зрок.

Хаця размова гэтым разам ішла пра вышэйшую адукацыю, колькі словаў Міхаіл Антоненка сказаў і пра школы. Найперш, пра інклюзіўнае навучанне, распаўсюджанае ў краінах Заходняй Еўропы. У чалавека з вопытам такога навучання ў жыцці ўзнікае меней бар’ераў, таму што ён вырас у звычайным асяроддзі, а не ў замкнутым. Таму ГА «БелТІЗ» прыкладае ўсе намаганні, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі маглі атрымаць добрую адукацыю і, як вынік, цікавую працу.

Эніра Браніцкая

Не чалавек для сістэмы, а сістэма для чалавека

Пра сутнасць Балонскага працэсу слухачам распавёў прафесар Уладзімір Дунаеў.

– У 2011 годзе Беларусь падала заяўку на ўступленне ў Балонскі працэс, якая, зрэшты, была адхіленая, таму што мы не адпавядаем крытэрыям для краінаў-кандыдатаў. Акрамя падпісання Еўрапейскай культурнай канвенцыі, што Беларусь зрабіла яшчэ ў 1993 годзе, краіна павінна адпавядаць каштоўнасцям, мэтам і асноўным накірункам еўрапейскай адукацыйнай палітыкі. Гэта акадэмічная свабода, універсітэцкая аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні. А ў нас нават самыя словы «акадэмічная свабода» і «ўніверсітэцкая аўтаномія» ўспрымаюцца як палітычны выклік, – з сумам адзначыў Уладзімір Дунаеў.

– Сэнс Балонскай мадэлі навучання – у разнастайнасці, калі ўлічваюцца асаблівасці любога чалавека, – тлумачыў выступоўца. – У 2007 годзе на Лонданскім саміце быў сфармуляваны наступны прынцып: студэнты, якія паступаюць і завяршаюць адукацыю, павінны адлюстроўваць усю разнастайнасць насельніцтва. А сёння ў нас узровень вышэйшай адукацыі сярод інвалідаў у 5-7 разоў меншы, чым сярод астатняга насельніцтва.

Прафесар Дунаеў зрабіў яшчэ адну слушную заўвагу:

– Шмат у чым тое, што мы робім сёння – гэта спроба прыстасаваць самога студэнта з інваліднасцю да той мадэлі адукацыі, якая існуе. А ўсё павінна быць наадварот – трэба прыстасоўваць сістэму адукацыі да кожнага канкрэтнага чалавека.

Дзевяць прынцыпаў

Падсумаваннем размовы стала выступленне дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Эніры Браніцкай. Яна выклала цэлую стратэгію, сутнасць якой у тым, што, калі права з’яўляецца занадта ўрэгуляваным, ім бывае немагчыма скарыстацца. Інакш кажучы, перш чым заглыбляцца ў дэталі, трэба вызначыць асноўныя моманты, закласці фундамент. Эніра Браніцкая расказала пра так званыя кіруючыя прынцыпы – тыя мінімальныя нормы, якіх трэба прытрымлівацца. Усяго іх дзевяць: інклюзія – уключанасць у працэс адукацыі, роўны доступ да адукацыі, недыскрымінацыя – адсутнасць абмежаванняў у адукацыі, індывідуалізаваны падыход, кампетэнтнасць акадэмічнага персаналу, адпаведнасць вучэбных методыкаў, фізічная безбар’ернасць і дастатковасць тэхналогіяў ды дапаможных устройстваў, адказнасць універсітэтаў і дзяржаўнае фінансаванне адукацыі.

– Варта было б, каб гэтыя прынцыпы перайшлі ў Закон аб адукацыі, – падкрэсліла Эніра Браніцкая.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.