Водары жыцця
«Люди могут закрыть глаза и не видеть величия,
ужаса, красоты, и заткнуть уши, и не слышать людей или слов.
Но они не могут не поддаться аромату. Ибо аромат – это брат дыхания».
Патрик Зюскинд
Свет водараў і пахаў нам шмат у чым невядомы і таму – загадкавы. Нехта назваў пахі машынай часу. І праўда: аднаго імгнення, аднаго лёгкага калыхання паветра дастаткова, каб узгадаць бацькоўскі дом (а ў яго свой, асаблівы пах, не падобны на пахі іншых дамоў), ці дарагога чалавека, ці мясціну, што запомнілася.
Праверыла я гэта на адкрыцці выстаўкі «Запахи жизни. Чудеса парфюмерии», якая праходзіла ў межах праекта «Куклы и запахи».
Той вечар быў падобны на цуд. За шчыльна зачыненымі дзвярыма мінскай мастацкай галерэі «Дом картин» паветра складалася, мне падалося, з адных толькі неверагодных, напаўзабытых ці яшчэ невядомых пахаў. Нагрэтыя сонцам спелыя ліпеньскія вішні, зялёны – аж кісла робіцца – яблык і зусім ужо дзіўны ў лютым водар скошанай, ужо крыху падвялай на сонцы травы… Пахі былі схаваныя ў бутэлечках, адкрывай кожную – і ўспамінай, параўноўвай, адчувай. Усе гэтыя водары ўявіў, стварыў парфумер Улад Рэкуноў.
Аўтарка і натхняльніца праекта, дызайнер дзіцячага адзення і стваральніца цудоўных аўтарскіх лялек Ірына Сазановіч запрасіла Улада, каб ён прыдумаў водары для яе лялек. Такім чынам – як сцвярджаюць аўтары, упершыню ў гісторыі – цацкі атрымалі свой асабісты водар. Яны пахнуць кедрам (гэты водар дапамагае супакоіцца), мандарынам (ён ці не ў кожнага асацыюецца з радасцю і бадзёрасцю) і малаком – бадай што самым галоўным у дзяцінстве, маміным пахам.
Ірына Сазановіч вядомая і як стваральніца дызайнерскага адзення. На прэзентацыі выстаўкі можна было пабачыць яе калекцыю аўтарскага адзення для дзяўчынак «Аліса», якую дэманстравалі жывыя лялькі-дзяўчаткі. Заўважу, што перад тым, як прадставіць сваю калекцыю ў Мінску, Ірына Сазановіч зацікавіла ёю дасведчаных у мо-дзе парыжанаў. Але ж адкрываць выстаўку яна прыехала дадому, у Беларусь. А Улад Рэкуноў, які ствараў парфуму для вядомых асобаў расійскага шоў-бізнесу, таксама не шукае папулярнасці ў Маскве ці Санкт-Пецярбургу. Ці не цягне яго да Беларусі водар Радзімы?
Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.