Валожыншчына – інклюзіўная выспа ў моры турызму: першы хостэл для людзей з інваліднасцю адкрыўся ў Беларусі

Уладзімір Патапенка, старшыня Беларускага таварыства інвалідаў, кажа, што індустрыя турызму страчвае 14-18 % прыбытку, калі не задавальняе патрэбы людзей з інваліднасцю. Аднак цяпер, прынамсі ў Валожынскім раёне, турызм адаптаваны і пад людзей з асаблівымі патрэбамі. Днямі ў Валожыне адкрыўся «Турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр для людзей з інваліднасцю» ў межах праекта «Валожын без бар’ераў: узмацненне магчымасцяў для давання сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг для людзей з інваліднасцю». Ён стаў апошнім элементам у фарміраванні першага ў Беларусі аб’екта інклюзіўнай турыстычнай інфраструктуры.
Турыстычны бізнес як важны складнік эканомікі Беларусі
«Апошні час турыстычны бізнес развіваецца вельмі паспяхова, гэта адзін са складнікаў нашай эканомікі, – распавядае намеснік старышні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Маркевіч. – У Мінскай вобласці існуюць каля 750 аграсядзіб розных аб’ектаў, якія аказваюць турыстычныя паслугі. Я памятаю, што 15-20 гадоў таму валожынцы былі першыя, хто пратоптваў сцежку ў сферы аграэкатурызму».
Валожынскі раён мае сапраўды багатую гісторыка-культурную спадчыну. Тут змяшчаецца касцёл святога Язэпа, які быў пабудаваны ў 1816 годзе, рэзідэнцыя Тышкевічаў, праваслаўная царква 1866 года, касцёл ХVІІ стагоддзя ў Івянцы, мястэчка Ракаў, вядомае сваёй кантрабандысцкай гісторыяй у міжваенныя часы… Да ўсяго гэтага Валожыншчына знакамітая яшчэ і адметным прыродным ландшафтам: пагоркамі, лясамі і і пушчай. Канечне, тут дзейнічаюць аграсядзібы, якія дапамагаюць наведвальнікам акунуцца ў атмасферу Валожыншчыны. Цяпер турыстамі могуць стаць і людзі з інваліднасцю. Нарэшце мы можам казаць пра тое, што ў нашай краіне існуе інклюзіўны турызм у поўным сэнсе гэтага слова, а не проста пералічваць аграсядзібы, дзе ёсць безбар’ернае асяроддзе.
Аднак для таго, каб стварыць турыстычны інклюзіўны прадукт у Беларусі, спатрэбілася пяць гадоў рэалізацыі праекта «Валожын без бар’ераў». Турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр, ці хостэл для людзей з інваліднасцю, стаў фінальным інфраструктурным элементам у межах гэтага праекта. Перад гэтым у Налібоцкай пушчы для людзей з інваліднасцю была адаптавана экалагічная сцежка працягласцю каля двух кіламетраў, набыты транспартны сродак для людзей з інваліднасцю. Цяпер, калі чалавек прыязджае ў турыстычны інфармацыйны цэнтр, то без усялякіх праблем можа скарыстаць транспарт, каб дабрацца ў любы пункт раёна. Пасля быў праведзены конкурс на пяць лепшых аграсядзіб, у якіх можна стварыць безбар’ернае асяроддзе. «Мы можам даць паслугі па выпечцы хлеба, па сплаве на байдарках. Турысты змогуць паназіраць за рэдкімі птушкамі, – распавядае Яўгеній Круковіч, старшыня Валожынскага раённага выканаўчага камітэта. – З 286 аб’ектаў сацыяльнага накірунку мы выбралі 19, дзе гэтаксама забяспечылі безбар’ернае асяроддзе».
Уладзімір Патапенка, старшыня Беларускага таварыства інвалідаў, упэўнены, што аналагаў праекта «Валожын без бар’ераў» няма ў Еўропе: «Гэта інклюзіўны падыход да рэалізацыі турызму агулам. Мы распрацавалі, падлічылі і занеслі на разгляд у райвыканкам Валожынскага раёна ўсе лічбы». Пасля гэтага і пачалася праца над стварэннем інклюзіўнай турыстычнай Валожыншчыны.
Турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр для людзей з інваліднасцю
Аб’ект створаны па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Яго рэалізавалі Валожынскі райвыканкам сумесна з Беларускім таварыствам інвалідаў, БГА «Адпачынак у вёсцы» і мясцовым фондам садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва «Інтэракцыя».
Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч на адкрыцці цэнтра адзначыла: «Сёння сапраўднае свята, бо мы з вамі сёння зрабілі вялікую справу: мы зрабілі крок па забеспячэнні безбар’ернага асяроддзя ў Мінскай вобласці. У 2016 годзе краіна ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў. Такім чынам, мы з вамі падпісаліся пад рэалізацыю праектаў па безбар’ерным асяроддзі па міжнародных стандартах. Спачатку мы падрыхтавалі законапраект аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі. Праект закона прайшоў ужо першае чытанне. Адзін з накірункаў, які праходзіць праз увесь законапраект, – гэта стварэнне безбар’ернага асяродку. Толькі 69% сацыяльнай сферы мае элементы даступнага асяродку. А мы кажам далёка не толькі пра элементы. Зараз зрабілі першы крок. Наша задача зараз гэтым крокам прайсціся па ўсёй краіне».
Турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр дае паслугі для ўсіх катэгорый грамадзян, ён гатовы размясціць у сваіх сценах 20 чалавек. Галоўнае яго прызначэнне –
гэта аказваць інфармацыйную падтрымку турыстам з інваліднасцю і прасоўваць турыстычны прадукт Валожынскага раёна. Тут можна ўзяць напракат спартыўны інвентар, напрыклад, ровары, грошы на якія ў якасці падарунка вылучыў установе Мінскі аблвыканкам.
Унутры будынка ёсць канферэнц-зала для правядзення канферэнцый, нарад. У пакоях стаіць па некалькі ложкаў, усталяваны спецыяльныя шафы, прыстасаваныя для людзей з інваліднасцю.
Згодна з умовамі праекта, у турыстычны цэнтр мусіў быць уладкаваны на працу чалавек з інваліднасцю. Ім стаў выпускнік гістфака БДУ Дзмітрый. «Я даведаўся, што ў гэты цэнтр на працу патрабуецца чалавек з інваліднасцю. Праз цэнтр занятасці сюды ўладкаваўся, працую тут другі тыдзень». Дзмітрый будзе распрацоўваць турыстыныя маршруты на аграсядзібы, размяшчаць інфармацыю на сайт, у будучым нават праводзіць экскурсіі.
Будынак з’яўляецца цэнтрам яшчэ і для сталых людзей. Мясцовыя пенсіянеры тут займаюцца валанцёрствам, скандынаўскай хадзьбой. Нават 83-гадовыя жанчыны ходзяць на заняткі па лячэбнай фізкультуры.
Глава дэлегацыі Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Дзірк Шубель адзначыў, што праект аказаўся складаным у рэалізацыі, з вялікай колькасцю структурных змен. Ён таксама заклікаў выкарыстоўваць досвед Валожына ў Мінскай вобласці і па ўсёй краіне.
Турызм, які мусіць быць даступны і матэрыяльна
Дырэктар Валожынскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Рай сказала, што першым нешта заўжды рабіць складана: «Праект недасканалы, але мы будзем вучыцца». Галіна таксама адзначыла, што экалагічная сцежка падчас пандэміі карысталася вялікай папулярнасцю ў беларусаў.
Уладзімір Патапенка кажа, што перавагі турыстычнага цэнтра немагчыма зразумець, калі глядзець на яго толькі як на адзін з аб’ектаў інклюзіўнай турыстычнай інфраструктуры:
«Часта мы шукаем безбар’ерную канферэнц-залу для таго, каб правесці нейкае мерапрыемства ў ваколіцах Мінска, і не знаходзім. Безбар’ернае асяроддзе – гэта адзін з элементаў праекта. Самая галоўная думка праекта – рэалізацыя самой ідэі інклюзіўнага турызму. Я перакананы, што гэта будзе запатрабавана. Магчыма, канечне, уладарам аграсядзіб прыйдзецца падкарэктаваць кошты, бо яны разлічаны на высокі прыбытак чалавека».

З Уладзімірам Патапенкам тут можна толькі пагадзіцца. Ёсць спадзяванне, што для людзей з інваліднасцю на пражыванне ў сядзібах будць усталяваны зніжаныя кошты, бо, нагадаем, пенсія інваліда 3-й групы складае 185 рублёў.
Аднак Уладзімір Патапенка перакананы, што, акрамя матэрыяльнага ўнёску, ёсць яшчэ і інтэлектуальны ўнёсак: створана працоўная група, распрацаваны план мерапрыемтваў: «Не трэба чакаць вынікаў сёння. Але праз некалькі гадоў мы дакладна пабачым, як Валожынскі раён будзе карыстацца папулярнасцю сярод турыстаў».
Вікторыя Чаплева
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.