Усім – па сямнаццаць!

Поддержи

У калідоры Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна Мінска – вясёлая мітусня, гоман, смех. Раз-пораз чуюцца вітанні, вось нехта абдымае знаёмых… Асцярожна абмінаючы прысутных, заходжу ў залу, дзе хутка мусіць распачацца святочная імпрэза. Але не паспяваю нават зарыентавацца, што і дзе, як мяне таксама ледзьве не абдымаюць: «А, гэта з нашай газеты прыйшлі!».Згодна ківаю – так, з газеты, і прыладжваюся на краёчку канапы. Вось бы ўсюды журналістаў так сустракалі – з абдымкамі!

Хутка пачалося свята. Афіцыйнай нагодай для яго стаў Дзень імянінніка, які ў Першамайскай раённай арганізацыі Мінска Беларускага таварыства інвалідаў ладзяць двойчы на год – у маі, бліжэй да Дня Перамогі, і зараз, у кастрычніку. Але ж кастрычнік адметны яшчэ адным важным святам – Днём маці. Не буду паўтараць зараз, што мама – галоўны чалавек у жыцці кожнага; не таму што паўтарэнне будзе лішнім – проста ўсе мы выдатна гэта ведаем. Дык ці маглі такую нагоду абмінуць сваёй увагай арганізатары мерапрыемства? Натуральна, не – тым больш, што гэтым разам прыгожая палова чалавецтва склала нават не палову, а вельмі значную колькасць прысутных на сустрэчы. Напэўна, гэта і правільна, бо мамай, бабуляй ці дачкой з’яўляецца кожная з жанчынаў.

Зрэшты, нават кажучы «жанчыны», я адчуваю лёгкі дысананс. Ну не падыходзіць гэтае грувасткае слова да ўдзельніцаў імпрэзы. Мімаволі хочацца, звяртаючыся да іх, сказаць «дамы». Відаць, прыкладна гэтак жа лічыць і старшыня раённай аганізацыі Першамайскага раёна Аляксандр Пятрэнка – успамінаю, як ён, звяртаючыся да прысутных, казаў: «Дзяўчаты, дзяўчаты, рассаджвайцеся хуценька!». І дзяўчаты, дарэчы, зусім не былі супраць такога звароту. Ужо калі надышоў час віншаванняў, усе разам яны вырашылі – імёны ды прозвішчы імяніннікаў называць будуць, а лічбы іх юбілеяў няхай застануцца загадкай. Як на маю думку, калі б нехта ў той дзень і паспрабаваў раскрыць гэтую таямніцу, напэўна, ён памыліўся б. Такое часам здараецца, калі пашпартны ўзрост не адпавядае ўзросту душы. Ды што там не адпавядае – ён нават і побач не стаіць. Тым больш калі ў прыемны зман уводзяць адкрытыя ўсмешкі, радасць у вачах ды нястрымная весялосць. А маршчыны на твары – ну што ж з імі зробіш. І ўвогуле – яны, ведаеце, з’яўляюцца ад усмешак. Ды вы і самі можаце гэта праверыць – усміхніцеся, і адразу каля вачэй з’явяцца тоненькія маршчынкі. Іншымі словамі, яны кажуць не пра колькасць гадоў, а пра радасць ды весялосць, з якімі тыя гады былі пражытыя. Так што ўзрост – гэта рэч вельмі адносная. Тое ж пацвердзіла і дырэктар цэнтра Алена Філімонава, якая таксама зазірнула на свята са шчырымі віншаваннямі: «Самае галоўнае – не колькасць гадоў, а тое, на колькі мы сябе адчуваем».

Таму супольна было вырашана, што ўзрост імянінніцаў вялікага значэння не мае. Агучыла гэтае рашэнне вядоўца імпрэзы Надзея Лядоўская: «Сёння нам усім па трыццаць!». А ў адказ на гэта з залы прагучала: «Чаму па трыццаць? Нам па сямнаццаць!». Спрачацца, дарэчы, ніхто не стаў. Такой здольнасці можна і павучыцца – гэта ж трэба ўмець лічыць свой узрост так адмыслова, каб пражытых гадоў за плячыма з кожным разам рабілася не болей, а меней. Сапраўдны талент.

Галоўнай стваральніцай святочнай атмасферы была Надзея Мікалаеўна. Яна, як яркі агеньчык, прыцягвала да сябе ўвагу ўсіх прысутных. Варта заўважыць, што ўжо не ўпершыню Надзея Лядоўская з’яўляецца вядоўцай Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў, што ладзіцца штогод у рамках «Славянскага базару» (пра гэта таксама пісала нашая газета). Таму «трымае» аўдыторыю яна надзвычай прафесійна, і спосабаў для гэтага ведае нямала. Самы дзейсны з іх, напэўна, дыялог са слухачамі. Але аднымі толькі размовамі справа не абышлася. Як вядома, без песні і свята не свята. Таму рабіць сустрэчу па-сапраўднаму святочнай Надзеі Лядоўскай дапамагала Ірына Міхайлоўская. У іх выкананні амаль адразу пасля пачатку імпрэзы загучалі песні «Домик окнами в сад», «Яблоневый вечер», «Расцвела под окошком белоснежная вишня», «Ах, судьба моя, судьба» ды шмат іншых – добра вядомыя ўсім, улюбёныя не адным пакаленнем. Найлепшым таму доказам было захапленне, з якім падпявалі выканаўцам слухачы. А калі нехта і не падпяваў, то толькі таму, што спяваць і танчыць адначасова, згадзіцеся, не вельмі зручна. Што ж да песен, то калі і быў у іх сум, то – светлы. Няхай і не вернуцца назад прамінулыя гады, але як добра бывае іх успомніць. Таму што – і, відаць, гэта такі закон жыцця – з пражытага ды перажытага нам успамінаецца толькі добрае. Думаецца, так і павінна быць.

На заканчэнне імпрэзы Надзея Мікалаеўна падзялілася са слухачамі мудрым выслоўем, параіўшы ім і, напэўна, сабе самой «глядзець наперад з надзеяй, назад – з удзячнасцю, уверх – з верай, а па баках – з любоўю». І сапраўды – калі глядзець па баках з любоўю, ёсць вялікая верагоднасць сустрэць тых, хто ў жыцці кіруецца тым жа самым прынцыпам.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.