У Вялікі Пост – з радасцю, або як уладкаваць свой рацыён, каб не «з’есці» свайго бліжняга

Поддержи

Вялікі Пост, або духоўная вясна, – самы адказны перыяд у вернікаў. У гэты час у жыцці чалавека адбываецца шмат перамен як ва ўнутраным укладзе, так і ў знешнім, у тым ліку і ў рацыёне харчавання. Мы вырашылі завітаць у жаночы Свята-Елізавецінскі манастыр у Навінках для духоўнай падтрымкі тых, хто адчувае дзеянне Посту на сабе.

Посная кухня – зусім не складаная кухня

У манастыры мяне сустрэла матушка Еўдакія – манахіня, якая кіруе кухняй у трапезнай для паломнікаў. Матушка жыве ў манастыры ўжо дванаццаць гадоў. Пакуль манахіня была ў свеце, яна працавала выхавальніцай у дзіцячым садку.

За час жыцця ў манастыры маці Еўдакія выконвала зусім розныя функцыі. Сёння яна нясе послух на кухні ў трапезнай, дзе, акрамя яе, працуюць яшчэ восем чалавек. Працы на кухні шмат. У сярэднім, у дзень каманда гатуе на 130 наведвальнікаў. У нядзелю, вядома, на болей.

– Ці хвалюецеся вы перад пачаткам Посту? – пытаю я ў Матушкі.

– А чаму мне хвалявацца?

– Як жа! Трэба ламаць галаву над тым, што прыгатаваць! Столькі ж абмежаванняў адразу паўстае… – працягваю я.

Але матушка Еўдакія са мной зусім не згодная. Яна стала пераконваць, што посных страў шмат, і яны нічым не горшыя за мясныя стравы – ні па іх смаку, ні па карысці.

«Шмат хто перажывае, што за перыяд посту ў іх можа парушыцца здароўе, – распавядае манахіня, – але паверце, гэта не такі вялікі перыяд, каб праз неўжыванне мяса, яек і малочных прадуктаў у вас здарылася нешта са здароўем. Тым больш, мясу можна знайсці замяняльнік».

Аказваецца, цудоўна замяняе мяса фасоля і бабы. Акрамя кашаў, якімі многія харчуюцца падчас посту, можна запекчы бульбу з кальмарамі. Матушка прадэманстравала тыя посныя стравы, якія гатуюцца пры манастыры. Сярод іх быў і… прыгожы велічны торт! Аказваецца, можна спекчы каржы для торта без яек і зрабіць шакаладны крэм без малака. А ўпрыгожыць – чарнаслівам і грэцкімі арэхамі.

Пост – гэта не дыета…

Матушка накрыла цэлы стол пачастункаў, каб паказаць усю разнастайнасць посных страў. Але адразу ж нагадала, што няма сэнсу разглядаць Пост толькі як дыету. «У Пост, звычайна, яскрава пачынаюць праяўляцца нашы недахопы, напрыклад, гнеўлівасць, крыўдлівасць або празмерная эмацыянальнасць. Канечне, калі мы недастаткова царкоўныя, тады складана з гэтым змагацца. Напрыклад, ён мне нагрубіў – і ты грубіш у адказ. А калі ты разумееш, што зараз Вялікі Пост, то лягчэй будзе і цярпець, і выхаваць у сабе пэўныя цноты».

«Нядаўна наш святар казаў казанне пра тое, што перад Постам мы павінны ставіць сабе мэту: з якімі недахопамі змагацца і якіх дароў прасіць. Тады я зразумела, што ўвесь гэты час я праводзіла Пост без мэты. Ну, пост і пост… Але калі ты з мэтай праводзіш Пост, то, калі падыходзіш да Пасхі, разумееш, што сапраўды папрацаваў».

Пост – вельмі складаны перыяд для ўсіх. Хочам мы таго ці не, але менавіта ў гэты перыяд да нас у дзверы грукаюцца выпрабаванні. Праблемы на працы ці ва ўзаемаадносінах, сваркі з блізкімі людзьмі, калі ёсць рызыка, што яны могуць стаць далёкімі… Толькі варта памятаць, што спакусы і выпрабаванні патрэбны для нас саміх, каб мы выйшлі з іх абноўленымі. Абмежаванне ў ежы тут дапамагае нам дасягнуць галоўнага – цішыні ў сэрцы і малітвеннага стану.

– Ці скончацца выпрабаванні Пасхай?

– Так Пасхальны перыяд цягнецца да Ўзнясення, – усміхаецца мне матушка Еўдакія. – Гэта яшчэ 40 дзён пасля Пасхі…

Матушка кажа, што сёння нам вельмі цяжка радавацца. Мы больш умеем сумаваць, упадаць у роспач. А сапраўдная радасць прыходзіць якраз тады, калі ты не залежыш ад таго, чаго такога смачненькага сёння з’есці ці ад каго добрых слоў пачуць. Такой безмяцежнасці і радасці якраз вучыць нас перадвелікодны Пост…

Рэцэпты ад манастырскай кухні

Фасоля адварная  з цыбуляй

Інгрыдыенты:  Фасоля, таматная паста, цыбуля рэпчатая, алей.

Спосаб прыгатавання: Фасолю замачваюць на 5 гадзін, вараць да мяккасці, дадаюць соль і пакідаюць на 15-20 хвілін. Затым зліваюць ваду і пасыпаюць фасолю любой прыправай па смаку.  Дробна наразаюць цыбулю, дадаюць таматную пасту, пасіруюць яшчэ 5-8 хвілін. Затым злучаюць з фасоляй. Можна давесці да кіпення. Можна есці ў халодным выглядзе.

Бабка бульбяная  з грыбамі

Інгрыдыенты: Бульба (230 г), мука пшанічная (4 г), алей (4 г), шампіньёны свежыя (75 г), цыбуля рэпчатая (25 г), соль, перац, чорны молаты.

Спосаб прыгатавання: Бульбу пераціраюць, дадаюць муку, соль, перац, смажаныя грыбы і цыбулю. Перамешваюць, выкладваюць у форму ці гліняны гаршчок, змазваюць алеем і запякаюць да гатоўнасці.

Цефцелі грэчневыя з грыбамі

Інгрыдыенты: Каша грэчевая вязкая (70 г), цыбуля, абсмажаная да залацістага колеру (10 г), шампіньёны адвараныя (25 г), мука (8 г), соль, прыправа, алей (12 г).

Спосаб прыгатавання: Цыбулю дробна наразаюць, абсмажваюць 5 хвілін, грыбы наразаюць ломцікамі, абсмажваюць 15 хвілін, соляць, дадаюць прыправу па смаку. Пасля астывання грыбы змяльчаюць на блэндэры. Усе кампаненты злучаюць, добра вымешваюць, фарміруюць шарык, паніруюць у муцэ і абсмажваюць. Заліваюць любым соўсам і тушаць 15-20 хвілін.

 

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.


Exit mobile version