У царстве Псіхеі*
Як жывецца людзям з інтэлектуальнымі парушэннямі ў нашым грамадстве і ў інтэрнатах.
Што адбываецца за сценамі інтэрнатаў для людзей з псіхічнымі парушэннямі? Наколькі праўдзівыя звесткі (хутчэй – чуткі), якімі мы валодаем? Нядаўна Офіс па правах людзей з інваліднасцю прадставіў увазе грамадскасці даследаванне на тэму «Ацэнка гатоўнасці аказання паслугаў людзям з інтэлектуальнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі на ўзроўні мясцовых суполак Беларусі». Даследаванне было праведзенае ў межах кампаніі «Дэінстытуалізацыя як магчымасць прасоўвання правоў чалавека ў дачыненні людзей з інваліднасцю з інтэлектуальнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі ў Беларусі». Да даследавання акрамя Офіса спрычыніліся літоўская арганізацыя «Перспектывы псіхічнага здароўя» і Еўрапейская сетка незалежнага пражывання (Брусель).
Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі распавёў, што за аснову даследавання былі ўзятыя дадзеныя, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе і якія можна лёгка праверыць, – публікацыі, прававыя дакументы, статыс-
тычныя дадзеныя. Як лёгка можна здагадацца, такой інфармацыі вельмі мала, а яшчэ менш сапраўды карысных звестак. Даследчыкі не знайшлі ніводнага дакумента, падобнага на справаздачу аб дзейнасці інтэрната, затое дастаткова было паведамленняў аб засваенні грашовых сродкаў, аб тым, што ўсе задаволеныя, што скаргаў няма.
Сфакусаваная даследчая праца была вакол артыкула 19 Канвенцыі аб правах інвалідаў, які сцвярджае права на незалежны лад жыцця. Незалежны – гэта значыць не ў інтэрнаце, само ж паняцце дэінстытуалізацыі вызначаецца як арганізацыя паслугаў сацыяльнай абароны, сацыяльнай дапамогі такім чынам, каб у чалавека не было неабходнасці сыходзіць з сям’і, з дома для атрымання неабходнага догляду за сабой.
Пад час працы даследчыкі разгледзелі шэраг пытанняў.
Псіхічныя парушэнні. Абывацельскі падыход да людзей з парушэннямі псіхікі просты: іх трэба лячыць ці ізаляваць. Па статыстыцы, у Беларусі каля 30 тысячаў чалавек маюць такія парушэнні, у межах краіны лічба гэтая досыць невялікая. Аднак даследчыкі кажуць, што да 40% членаў любога грамадства маюць эпізадычныя ці пастаянныя праблемы з псіхічным здароўем. 200 тысячаў беларусаў маюць устойлівыя праблемы з псіхікай і знаходзяцца на дыспансерным уліку (асноўная частка пакутуе ад алкагалізму, прычым апошнія некалькі гадоў назіраецца рост дыспансерызацыі з-за алкагольных расстройстваў і нервовых станаў). Паводле еўрапейскага вызначэння гэтая катэгорыя людзей павінна мець інваліднасць, але ў Беларусі статус інваліда ім не надаецца, хаця такія досыць сур’ёзныя парушэнні з’яўляюцца, па сутнасці, правобразам інваліднасці.
Цяпер у Беларусі дзейнічае 151 спецыялізаваная псіхіятрычная ўстанова, 108 псіхатэрапеўтычных, 146 наркалагічных – прыкладна такая ж статыстыка ў іншых краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. Дапамога, якую атрымліваюць людзі з інтэлектуальнымі парушэннямі, – гэта рэгулярны агляд спецыялістам і назначэнне лекаў (сёння ў нашай краіне праблемы псіхічнага здароўя вырашаюцца ў асноўным медыцынскімі спосабамі).
Сацыяльныя паслугі. Атрымаць іх можна двума спосабамі: або ў інтэрнаце, або ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Інтэрнат – традыцыйная форма аказання дапамогі. З 81 такой установы 47 – псіханеўралагічнага профілю, 10 – дамы-інтэрнаты для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Можна мерка-
ваць, што зараз у інтэрнатах знаходзіцца каля 18 тысячаў чалавек – выснова была зробленая з паведамлення, што ў 2016 годзе там мусіла быць 18,5 тысячы месцаў для пражывання, ці, як кажуць, коек. Альтэрнатыва інтэрнатам – тэрытарыяльныя цэнтры, яны ёсць у кожным раёне і цяпер разрасліся ў аддзяленні дзённага знаходжання і іншыя структурныя падраздзяленні. Задача ТЦСАНаў – арганізаваць у рэгіёне поўны комплекс паслугаў для вырашэння праблемаў сацыяльнай дапамогі.
Адукацыйныя паслугі. Аднак тэрытарыяльныя цэнтры таксама з’яўляюцца кампенсацыяй таго, што ва ўстановах адукацыі не могуць знаходзіцца дзеці з інтэлектуальнымі парушэннямі. Больш прасунуты характар маюць цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі (ЦКРНіР), па сутнасці, яны з’яўляюцца своеасаблівымі рэсурснымі цэнтрамі і забяспечваюць вырашэнне праблемаў інклюзіўнага развіцця. Сканцэнтраваныя там супрацоўнікі маюць вузкія спецыяльнасці, якія складана развіць у выкладчыкаў агульнаадукацыйных школаў.
Доўгі час існаваў канфлікт з-за таго, што дзеці, атрымаўшы дастаткова якасную адукацыю ў ЦКРНіР, далей не скарыстоўвалі гэтыя веды і станавіліся проста інвалідамі з пенсіяй. У 2013 годзе былі распрацаваныя рэкамендацыі, каб догляд за дзецьмі, якія скончылі ЦКРНіР, але не могуць жыць самастойна, перадаваўся ў ТЦСАНы і каб ступень дапамогі моладзі з інваліднасцю не знізілася ў выніку ўзроставага пераходу.
***
Асобна даследчыкі разгледзелі інтэрнаты, распавёў Сяргей Драздоўскі. Інфармацыя пра тое, што і як там адбываецца, была ўзятая з асобных артыкулаў, і, як правіла, уражанне ствараецца жудаснае, зазначыў выступоўца. Пачаць хаця б з таго, што гэта поўнасцю закрытыя ўстановы, для сустрэчаў патрабуецца дазвол адміністрацыі. Але інтэрнаты таксама паддаюцца маніторынгу і ацэнкам, якія былі зробленыя праз прызму асноўных правоў і патрэбнасцяў чалавека.
Жыллё. У інтэрнат перасяляюцца, як правіла, на ўсё жыццё. Паводле стандартаў на аднаго чалавека павінна прыхо-
дзіцца не менш за 7 кв.м жылой плошчы, але гэтая норма, хутчэй за ўсё, дастаткова ўмоўная, бо ў некаторых дзіцячых інтэрнатах да 15-18 чалавек жывуць у адным памяшканні. У дарослых – у асноўным 2-3 чалавека ў пакоі, але бывае і 4-6. Фактычна ні ў адным інтэрнаце не было знойдзена пацверджання таму, што гэтыя пакоі з’яўляюцца для іх насельнікаў правобразам жылля. Уласная мэбля, прадметы ўжытку, магчымасць замкнуць памяшканне – у рэальнасці нічога гэтага няма, для беларускіх інтэрнатаў гэта паралельная рэальнасць. Выбраць пакой і суседзяў, з якімі давядзецца жыць, нібыта ёсць магчымасць, але часта канчатковае рашэнне ўсё роўна прымае адміністрацыя.
Працаздольнасць. Калі чалавек трапляе ў інтэрнат, ён пазбаўляецца працаздольнасці. Усе вышэйзгаданыя 18 тысячаў чалавек не могуць працаваць, апякуе іх адміністрацыя. Пры тым што ў інтэрнатах звычайна 300-500 чалавек, у некаторых – да 800, складана ўявіць дырэктара ўстановы, у якога пад апекай некалькі соцень чалавек. Пазбаўленне працаздольнасці адбываецца праз суд, але гэтыя працэсы мала нагадваюць судовыя паседжанні, якія можна ўбачыць у тэлепраграмах кшталту «Суд идет». Такія суды звычайна доўжацца не больш за 15 хвілінаў, за гэты час суддзя паспявае азнаёміцца з матэрыяламі псіхіятрычнай экспертызы і іншымі дадзенымі. У судзебным рашэнні запісваецца, што чалавек пазбаўляецца працаздольнасці для змяшчэння ў інтэрнат, то бок для таго, каб яму маглі лепш аказваць сацыяльныя паслугі. Аднак не згадваецца, што змяшчэнне чалавека ў інтэрнат – гэта яшчэ і зручнасць адміністрыравання.
Варта сказаць, што разам з працаздольнасцю чалавек пазбаўляецца таксама права мець сям’ю і дзяцей, права звяртацца да правасуддзя (за яго гэта можа зрабіць апякун – калі захоча, канешне) і інш. – усяго 17 правоў.
Павага прыватнага і сямейнага жыцця. Як правіла, гаворка пра гэта не ідзе. Вядомыя сітуацыі, калі жанчынаў без іх згоды адпраўлялі на аборт, але часта немагчыма дакладна высветліць, з’яўляецца аборт рашэннем жанчыны ці прымусам адміністрацыі. Сяргей Драздоўскі распавёў, што ў адной сітуацыі аборт удалося прадухіліць, але колькі ўсяго было такіх сітуацыяў, складана сказаць.
Медыцынскія паслугі. У кожным інтэрнаце ёсць галоўурач, а пацыенты знаходзяцца на дыспансерным уліку. Аднак ёсць падставы казаць, што нават зняволеныя ў турмах маюць лепшую медыцынскую дапамогу, чым насельнікі інтэрнатаў.
Персанал. У кожным інтэрнаце жыве шмат людзей з рознымі дыягназамі. Аднак вельмі часта персанал установы не можа здзяйсняць патрэбную рэабілітацыю. Амаль усе інтэрнаты размешчаныя па-за вялікімі населенымі пунктамі або ўвогуле за дзясяткі кіламетраў ад гарадоў і вёсак (Мінск тут з’яўляецца выключэннем). Персанал – людзі з бліжэйшых паселішчаў, якія нярэдка ідуць туды працаваць з-за недахопу працоўных месцаў. Сам інтэрнат, па сутнасці, можа з’яўляцца горадаўтваральным прадпрыемствам.
Праца. Працоўныя адносіны ў інтэрнатах утвараюць сапраўды замкнёнае кола. Людзі выконваюць пэўныя абавязкі, але яны пазбаўленыя працаздольнасці, з імі нельга заключыць дамову. Але людзі працуюць! Гэта значыць, што ў інтэрнатах, па сутнасці, выкарыстоўваецца рабская праца. Некаторыя інтэрнатныя ўстановы спрабуюць прадставіць працу насельнікаў як іх працоўную рэабілітацыю, але прадстаўнікі сацыяльнай сферы могуць пацвердзіць, што працоўная рэабілітацыя – гэта запланаваны працэс, а не спантаннае прыбіранне смецця або праполка градак.
Скаргі. Выказаць сваю незадаволенасць жыхары інтэрната могуць таму, хто адказ-вае за пражыванне, – адміністрацыі, і яна ж ад імя чалавека мусіць на сябе сама скардзіцца. Уявіць такую сітуацыю досыць складана. Ёсць выпадкі, калі ў інтэрнатах ствараюцца папячыцельскія саветы, але пацверджання іх дзейнасці даследчыкі не змаглі знайсці, хутчэй за ўсё, гэта толькі спроба ўзмацніць патэнцыял установы для збору сродкаў.
Эканоміка і фінансаванне. Інфармацыі пра гэтыя сферы дзейнасці інтэрнатаў фактычна няма, аднак вядома, што на падтрыманне дзейнасці інтэрнатаў адводзіцца прыкладна ў тры разы больш сродкаў, чым на стварэнне ўмоваў незалежнага пражывання.
Рэабілітацыя і выхад з установы. Сёння рэальнасцю з’яўляецца тое, што чалавек трапляе ў інтэрнат і ўжо не выходзіць з яго да сваёй смерці. Праўда, ёсць адзінкавыя выпадкі, якія пацвярджаюць, што жыццё чалавека з інтэлектуальнымі адхіленнямі па-за надзейнымі сценамі інтэрната магчымае. Гэтыя выпадкі і называюцца дэінстытуалізацыяй.
Ніна КАЗЛЕНЯ
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.