У Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў адбыўся творчы вечар юнай паэтэсы з Віцебску

Надзеі Мазур – 15 гадоў. Нягледзячы на дыягназ ДЦП, дзяўчынка піша вершы. На Міжнародным дзіцяча-юнацкім літаратурным конкурсе “Берег мечты” дзяўчынка заняла трэцяе месца. На яе верш “Лягушонок” дуэт “ДоЛя” выконвае песню. А чатыры гады назад выйшаў першы зборнік вершаў Надзеі Мазур “Мое творчество”. У мінулым годзе пабачыў свет і другі – “Любовь повсюду”. Вершы з апошняга і чытала аўтарка на сваім творчым вечары ў Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў.
“Талент – шчыра любіць”
– У цябе, Надзейка, дзіўны талент – шчыра любіць, – сказала, адкрываючы імпрэзу, Людміла Кандрашова, дырэктар рэабілітацыйнага цэнтра. – Любіць сваю краіну, сям’ю, людзей. І твае вершы гэтаму доказ.
На паэтычны вечар прыйшло шмат прыхільнікаў паэзіі, але галоўным і самым верным сярод іх была мама Таццяна.
– Надзея нарадзілася на 29-м тыдні маёй цяжарнасці з вагой усяго 980 грамаў, – расказвае Таццяна. – Я вельмі хвалявалася. Урачы нічога канкрэтнага не казалі, мабыць, каб не пужаць прагнозамі.
Таццяна прызнаецца, што з дыягназам дачкі яна ніяк не магла змірыцца. Толькі два гады таму змагла не баяцца гаварыць пра гэта.
– Мне здавалася, што з намі не магло такога здарыцца і медыкі памыліліся, – кажа яна. – Я нават казала ім, маўляў, пабачыце, Надзея будзе танцавать. Але з цягам часу прыйшло прыняцце дыягназу.
Таццяна шмат чытала дачцэ кніжак, давала слухаць класічную музыку і працавала над развіццём Надзейкі.
– Дачушка пачала размаўляць, калі ёй споўніўся годзік і два месяцы, што было даволі рана нават для здаровага дзіцяці, – працягвае яна ўспаміны. – Праз два месяцы пасля гэтага дактары агучылі дыягназ – ДЦП. Але мы не марнуем надзеі на паляпшэнне, бо клеткі мозгу яшчэ дасканала не вывучаны. Ні адзін чалавек у свеце не зможа даць дакладны прагноз.
“Людзі не паверылі, што дзіця можа пісаць вершы”
Акрамя Надзеі, у сям’і Мазур падрастае брацік. Ягору зараз дзевяць гадоў. Хлопчык нарадзіўся здаровым. Менавіта яму і прысвяціла свой першы верш сястрычка.
– Калі майму браціку споўніўся годзік, мне захацелася зрабіць для яго падарунак, – узгадвае Надзя. – І я паспрабавала напісаць вершык. Зрыфмавала чатыры радкі. Мне яны спадабаліся, як і сам творчы працэс.
Маці Таццяна падказвае, што на той час дзяўчынцы было ўсяго пяць гадоў. Яна наведвала нядзельную школу. На адным са святаў дзяцей запрасілі прачытаць вершы. І Надзейка ўпершыню агучыла свой верш “Чудный дом”.
– Адразу людзі не паверылі, што ў такім узросце дзяўчынка сама змагла скласці верш, – расказвае Таццяна. – Вядома, Надзя не магла трымаць у руках аловак. Таму я сама запісвала на паперу яе вершыкі. Зараз яна мае свой дыктафон, на які начытвае новыя радкі. У дачкі ўжо больш за 100 твораў.
Першы зборнік вершаў выйшаў, калі Надзі споўнілася 11 гадоў.
– Мы часта ездзім на рэабілітацыю ў Брэсцкі абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей “Тонус”, – працягвае Таццяна. – Псіхолаг цэнтра Кацярына Тарасава звязалася з дабрачынным фондам “Новое поколение”, які і дапамог выпусціць першы зборнік вершаў Надзеі. З выхадам у свет другога таксама пастараліся тыя ж шчырыя людзі. А з прэзентацыяй зборніка дапамог Эдуард Авецісян, старшыня праўлення Віцебскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. Таксама ўдзячна дырэктару віцебскай бібліятэкі імя Горкага Алене Багацёнак.
“Я мацней”
Зараз Надзея Мазур вучыцца ў 8-м класе звычайнай віцебскай сярэдняй школы. Наведваць урокі ёй дапамагае маці.
– Мы ходзім у інтэграваны клас, дзе Надзя – адзіная, хто мае групу па страце здароўя, – тлумачыць Таццяна. – Мы з дачкой “вучымся” разам штодзень. Я аформілася на працу ў школу на 0,5 стаўкі, каб быць побач з ёю.
Таццяна кажа, што спачатку наведванне школы для Надзі, як і для яе самой, было вялікім страхам. Дачцэ прапаноўвалі надомнае навучанне. Але Таццяна цвёрда стаяла на сваім: наведваць школу дзяўчынка будзе, як і ўсе звычайныя дзеці.
– Я моцна хвалявалася за кожную кантрольную працу дачкі! Ведала, што Надзя вельмі разумная дзяўчынка. Аднак мне хацелася даказаць кожнаму, што яна нічым не горшая за астатніх. На справе ж атрымалася, што нават лепшая. Зараз Надзя вучыцца на выдатна і з’яўляецца лепшай вучаніцай у класе, – з гонарам дзеліцца маці.
Складаць у дзіцячым узросце не зусім дзіцячыя вершы – з’ява не ардынарная. Таццяна кажа, што Надзя мудрэйшая за свой узрост. З ёй з задавальненнем размаўляюць старшакласнікі, студэнты. Ім цікава разам абмяркоўваць розныя тэмы.
– Я мару, каб маёй паэзіяй зацікавілася яшчэ больш людзей, – разважае Надзея. – Апошнім часам пішу на філасофскія тэмы. Таксама не цураюся такіх тэм, як каханне, сум, радасць. Маё натхненне – увесь навакольны свет. Дыягназ не перашкаджае займацца тым, што падабаецца. Былі моманты, калі на душы было цяжка. Але я мацная!
Дарыя Галоўчыц
Фота аўтара і з архіва сям’і Мазурё
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.