«У прыбіральню – пры незачыненых дзвярах, на другі паверх – на руках мужа». Як мінскія гасцініцы рыхтуюцца да II Еўрапейскіх гульняў
Напярэдадні гульняў Офіс па правах людзей з інваліднасцю праводзіць маніторынг даступнасці інфраструктуры Мінска. Наколькі гарадскія аб’екты гатовыя да турыстаў з інваліднасцю? Ці ўлічвае Мінск наогул, што сярод турыстаў бываюць і людзі з інваліднасцю? Мы даследавалі безбар’ернае асяроддзе гасцініцы «Спорт», а таксама паспрабавалі зайсці ў блізкія да яе месцы грамадскага харчавання.
Валанцёрка-вазочніца
Іна акрэсліла: «Як правіла, слова «безбар’ерка» выклікае наступную эмоцыю «О, пандус!» – і на гэтым усё. На самой справе, «безбар’ерка» – гэта далёка не проста пандус!». І, аказваецца, існуе шмат крытэрыяў даступнага асяроддзя. Адзін з іх – бесперапыннасць. Гэта значыць, што на шляху ў чалавека (не толькі на інвалідным вазку, але і з кійком, проста сталага, стомленага, на абцасах альбо з дзіцячым вазком) не павінна быць ніякіх перашкод ад выхаду з дому да любога аб’екта, да якога ён накіроўваецца.

Пра іншыя крытэрыі даступнага асяроддзя ў сферы турызму я даведвалася разам з валанцёркамі Інай і Людмілай.
Недаступны туалет і стойка рэцэпцыі
Галоўны ўваход гасцініцы «Спорт», што месціцца на вуліцы Якуба Коласа, пакуль на рэканструкцыі. Таму мы ўваходзілі праз запасны ўваход. Заходзілі – гэта, канечне, гучна сказана. Пандус каля яго ўсталяваны, але падняцца па ім самастойна інваліду-вазочніку немагчыма. Валанцёркам прыйшлося прасіць дапамогі.
Дырэктарка гасцініцы «Спорт» сказала, што «пандус на запасным уваходзе зроблены па старых нормах». Гэта значыць, што праехаць па ім самастойна вазочнік не можа. Але дырэктарка праводзіць нас да галоўнага ўваходу, які зараз на рамонце, і кажа, што тут пандус будзе зроблены па ўсіх нормах.

Тэсціруем будучы пандус. Пандус-та будзе, але дзверы… А дзверы… адчыняюцца не ўнутр, а вонкі. «Як жа вазочнік зможа сам заехаць па вашым пандусе?» – пытае Іна.
Дырэктарка адчула няёмкасць – яна такога не чакала. «Гэтым жа праектам займаліся прафесіяналы, я нават падумаць не магла, што дзверы будуць адчыняцца не ў той бок. Добра, што вы прыехалі. Бо пакуль мы на стадыі рамонту, можам нешта памяняць і зрабіць па-іншаму».
У новым праекце, акрамя абяцанага пандуса, прадугледжана яшчэ і больш нізкая стойка рэцэпцыі. «Наша гасцініца – стары будынак. Другі і трэці паверх – гэта жылыя пакоі, першы – адміністрацыйны паверх. Ліфт у гэтым будынку зрабіць немагчыма, таму засяленне інвалідаў-вазочнікаў тут праблематычна».
Дайсці да касы ў гасцініцы «Спорт» – квэст для інваліда. Каб да яе дайсці, трэба блукаць па калідорах і, зрэшты, перайсці парог вышынёй 5 сантыметраў. Дарэчы, дапушчальная вышыня – 2,5 сантыметра.
Ці зможа інвалід, калі раптам заедзе ў гэту гасцініцу, схадзіць у прыбіральню? Яе для людзей з інваліднасцю тут няма. Мы зайшлі ў жаночую прыбіральню. Дзверы кабінкі адкрываюцца вонкі. Кабінка настолькі вузкая, што калі інвалід і здолее перасесці на ўнітаз, то дзверы кабінкі будуць адчыненыя.

Глядзім далей – паркоўка. На ёй няма знаку таго, што ёсць месцы для інвалідаў. Праўда, дырэктарка паабяцала, што знакі на паркоўках хутка з’явяцца.
Іна, як дасведчаны эксперт па Мінскіх гатэлях, зрабіла наступную выснову па гасцініцы «Спорт»: «Канечне, нумар паглядзець мы не можам, бо іх на першым паверсе няма. Ды там, думаю, усё стандартна. Туалетам вазочнік будзе карыстацца з адчыненымі дзвярыма. І не толькі вазочнік, але і той, у каго проста праблемы з каленнымі суставамі – ён не змесціцца там з зачыненымі дзвярыма. Але да нас паставіліся добразычліва і, спадзяюся, прыслухаюцца да нашых парадаў».

Па словах Іны, праблема ў тым, што часта персанал гасцініцы разлічвае на тое, што інвалід будзе з суправаджаючым. «Бывае, заязджаеш у гасцініцу, нумар адаптаваны, але калі заходзіш у прыбіральню, то заязджаеш нагамі ў санвузел – не развярнуцца… Памятаю, быў выпадак, калі гасцініца была поўнасцю адаптавана. Але на сняданак было немагчыма патрапіць – яго падавалі на іншым паверсе, куды ліфт не хадзіў. Пачынаеш высвятляць, маўляў, чаму вы казалі, што інваліды адпачывалі і ўсё было добра?
Аказваецца, што жанчыну-вазочніцу муж паўсюль на руках насіў… Добра, калі ёсць такі муж. А ў мяне няма суправаджаючага. Так што рабіць? Таму перад тым, як параіць некаму гатэль, я раблю здымкі, каб мы вырашылі, можна туды засяляць людзей, ці не».

Каманда валанцёраў наведала фактычна ўсе гатэлі і турыстычныя месцы сталіцы. Па словах Іны, у крупных гатэлях, такіх, як «Гарни», «Мінск», «Еўропа» асаблівых праблем з безбар’ерным асяроддзем няма. Напрыклад, у рэстарацыі пры гатэлі «Гарни» ёсць прыбіральня для людзей з інваліднасцю, але там няма поручняў. Супрацоўнікі паабяцалі, што да пачатку гульняў яны з’явяцца».
Для засялення ў гасцініцы людзей з інваліднасцю Іна рэкамендавала наступныя месцы: «ІВВ», «Бонатэль». «Можна і гасцініцу «Мінск», калі не карыстацца абедзеннай зонай», – жартуе Іна.

Яна кажа, што агульна, у галоўных гасцініцах Мінска персанал вельмі ветлівы: «Калі прыязджае нехта на інваліднай калясцы, то пра гэта ведае ўвесь персанал. Калі ён прыязджае на машыне, то яму арганізоўваюць паркоўку. Пытанняў па суправаджэнні наогул няма».
Як мы даследавалі кавярні
Ці можа інвалід дзесьці пахарчавацца ў грамадскіх месцах? Ці харчавацца, як і сядзець, ён павінен дома?
Мы перайшлі дарогу, і перад намі стала бачна кавярня «Васількі». Праўда, унутр увайсці не маглі доўга. Дзвюхстворчатыя цяжкія дзверы…

Прытым, створка адчыняецца знутры. У залі – на калясках не развярнуцца. Столікі і канапы знаходзяцца на подыумах, таму да іх не пад’е-дзеш на вазку аніяк. Валанцёркі знайшлі толькі адзін столік на стойцы, дзе маглі б паабедаць два калясачнікі, не больш. Затое ў кавярні быў туалет, прыстасаваны для людзей з інваліднасцю.

Побач была кавярня «ПіцаТэмпа». Тут даследчыцы засталіся задаволенымі: сталы ў банкетнай зале дазваляюць пад’ехаць вазку.
– А дзе б вы самі параілі пахарчавацца? – пытаю ў Іны.
– З горам папалам, можна і тут, – усміхаецца Іна. – Цудоўнае месца – «Сваё кафэ» на Веласіпедным завулку. З таго, што мы паглядзелі, магу параіць рэстаран «Пан Хмелю» пры гасцініцы «Гарни», але да яго можна зайсці толькі праз гасцініцу, бо інакш – і невідушчы чалавек, і кульгавы пераб’юць сабе ногі».

Цікава, ці паспеюць гатэлі і кавярні выправіць хібы і дарабіць тое, чаго не хапае да даступнага асяроддзя да Еўрапейскіх гульняў? Зрэшты, «безбар’ерка» патрэбна не толькі для турыстаў-інвалідаў. І хацелася, каб пра гэта ўзгадвалі часцей.’
Вікторыя ЧАПЛЕВА
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.