“У нас ядуць не толькі дранікі”. Алена Серада з Турава адкрыла харчэўню з беларускімі нацыянальнымі стравамі

Поддержи

“Не было б шчасця, ды няшчасце памагло”. З такіх слоў пачала размову Алена Серада з Турава, якая ў 52 гады звольнілася з работы і адкрыла сваю харчэўню “Палюшкі”. Менавіта няшчасце, а дакладней, хвароба, падштурхнула Алену Браніславаўну пачаць жыць так, як заўсёды хацелася.

 “Менавіта хвароба прывяла мяне да пошуку сябе”

– Нарадзілася я ў іншым месцы, але на Палессі жыву ўжо 35 гадоў, менавіта ў Тураве – 26, – пачынае размову Алена Браніславаўна. – Падчас вучобы ва ўніверсітэце мне пашчасціла сустрэцца з мужам, з якім 5 жніўня мы будзем адзначаць 35 гадоў сумеснага жыцця. Пабудавалі хату ў Тураве. Тут у нас нарадзіліся двое дзетак.

Доўгі час жанчына працавала на кансервавым заводзе майстрам. Змены былі па 12 гадзін у шумных цахах. А некалькі год таму ў яе выявілі анкалогію. Хвароба стала для Алены Браніславаўны поўнай нечаканасцю.

– Першы год лячэння я была на бальнічным. Пасля, калі ўжо выйшла на працу, стала зусім дрэнна проста на змене, тады і вырашыла – усё, хопіць. Тым больш мне там ніколі не падабалася, – прызнаецца яна. – Памятаю, як сярод ночы прачнулася і разважаю сабе: навошта гэта ўсё? Вырашыла звальняцца з завода. Урэшце рэшт, мы не ведаем, колькі нам там адмерана Богам. Таму трэба жыць так, як хочацца. Раней я думала: “За што мне такая хвароба?”. А зараз разумею, што яна не “за што”, а “для чаго”. Менавіта гэтая хвароба прывяла мяне да пошуку сябе.


“На мне адказнасць: я прэзентую нацыянальную культуру сваёй краіны”

Думкі пра сваю справу ў Алены Браніславаўны былі даўно, але яна не ведала, што гэта будзе. Сусвет даў намёк.

– У маёй сяброўкі на Тураўшчыне ёсць свая аграсядзіба. Увогуле Палессе – маляўнічы куток Беларусі. Таму сюда прыязджае шмат турыстаў. Вось і да сяброўкі на яе эка-сядзібу з веганскім напрамкам прыехала сям’я з двума дзеткамі. Яны вельмі хацелі страў з мяса ды сала. Сяброўка мне патэлефанавала і папрасіла прыняць іх у сябе. Ну я і згадзілася, – узгадвае Алена. – Да сябе ў хату прыводзіць людзей не хацелася, таму я вырашыла прыняць іх у летняй кухні. Гасцям вельмі спадабалася. Я лічу, што ў любой працы важна першае ўражанне. Калі чалавек атрымлівае якасную паслугу, ён захоча падзяліцца гэтым з роднымі і сябрамі. Такім чынам, пра мяне пайшла гаворка. Сяброўка патэлефанавала і з усмешкай пытае: “Чым ты іх такім частавала? У мяне тут чарга жадаючых”.

Якраз у гэты прамежак часу дзеці Алены Браніславаўны прыехалі да бацькоў у адпачынак. Тады агульнымі намаганнямі і вырашылі адкрыць харчэўню “Палюшкі”.

– Мой сын працуе ў IT. Там праца дыстанцыйная, таму ён з калегамі мабільны. Не аднойчы прывозіў сваіх напарнікаў да нас у госці. А я з радасцю прымала іх, бо ў мяне такі характар, як кажуць, мама для ўсіх, – дзеліцца жанчына. – І вось сядзелі мы, размаўлялі. І сын кажа: “Мама, усім падабаецца тут, ёсць жадаючыя прыехаць. Дык давай зробім табе хаціну, дзе будзеш прымаць турыстаў”. І пасля гэтага прыкладна за месяц муж, сын і зяць пабудавалі тое, што зараз мы называем харчэўня “Палюшкі”.

Гаспадыня сядзібы паклапацілася не толькі пра смачныя стравы, але і прыдала ўсяму нацыянальны каларыт. “Палюшкі” – сапраўдны музей беларускасці.

– Усе рэчы, якія ёсць у хаце, належалі нашай сям’і. Некаторым з іх больш за 100 гадоў. З новага ў нас толькі стол. Зараз шмат такіх, хто не ведае, як раней жылі людзі, якія сродкі выкарыстоўвалі і як харчаваліся, – кажа Алена Браніславаўна. – Ёсць, канешне, і тыя рэчы, якія я берагу больш за ўсё. Напрыклад, калаўрот, што перадала мне свякроў. Але сваю гісторыю мае кожная рэч, пра якую я з павагай расказваю гасцям, у тым ліку іншаземцам. Таму лічу, што на мне вялікая адказнасць: я прэзентую нацыянальную культуру сваёй краіны.

Геаграфія наведвальнікаў харчэўні ўражвае – ад немцаў да аўстралійцаў. Алена Браніславаўна размаўляе выключна па-беларуску.

– Пакуль водгукі толькі добрыя, бо я рада кожнаму, – гаворыць гаспадыня. – Прыемна, калі людзі прыязджаюць здалёк. Так, аднойчы беларуска прывезла да мяне свайго мужа-мексіканца з яго бацькамі. Яна перакладала ім усё, што я гаварыла. А яны, у сваю чаргу, расказалі сваім сябрам-мексіканцам. Тыя загарэліся ідэяй прыехаць у Беларусь. Бывае, мне нашы кажуць: “Вы размаўляеце толькі па-беларуску. Гэта так дзіўна”. Мне здаецца, што было б дзіўна, калі б людзі прыязджалі на Палессе, а я з імі на кітайскай мове размаўляла.

“Можна пагрэцца на печы і пачаставацца беларускімі стравамі”

У харчэўні велізарны выбар страў: і карасі на кропных парасонах, і хатняя мясная нарэзка, і жур, і палеская юшка з галушкамі, і крупеня, і зацірка, і шмат чаго яшчэ. Ажно вочы разбягаюцца. Акрамя таго, Алена Браніславаўна можа прыгатаваць нешта асаблівае, напрыклад, страву вашай бабулі, якою яна вас частавала ў дзяцінстве ў палескай вёсачцы.

– Я шмат падарожнічала і заўсёды здзіўлялася, што пра Беларусь мала хто ведае. А калі ведае, то адразу: “у вас ядуць дранікі”. Мне крыўдна, – скардзіцца Алена Браніславаўна. –  Зараз я намагаюся напісаць кнігу рацэптаў беларускай кухні без бульбы. Па-першае, я бульбу сама не люблю. Па-другое, гэту гародніну нам прывезлі з-за мяжы. Да гэтага беларусы збіралі грыбы, ягады, крапіву і рабілі такую смакату з гэтага, што словамі не перадаць. Я хачу паказаць, што беларуская кухня нашмат больш разнабаковая і смачная. Рацэпты збірала ўсё жыццё. Шмат з іх расказала мне мая свякроў.

Для таго, каб наведаць сядзібу, трэба загадзя папярэдзіць гаспадыню і забраніраваць месца. Улетку свабодных месцаў амаль няма – разбіраюць яшчэ ўзімку. У халодныя месяцы лягчэй, але папярэдзіць аб прыездзе трэба не меней чым за 3 дні.

– Я гатую ежу толькі ў печы. Трэба разумець, што гэта не электрычная плітка, якую можна ў любы момант уключыць і выключыць. Печ – гэта арганізм, у якого сваё жыццё. Я распальваю печ толькі адзін раз у дзень. Калі вы браніруеце наведванне, то час для вас будзе не абмежаваны. Бо ў мяне прынцып: адзін дзень – адныя наведвальнікі, – тлумачыць суразмоўца. – Прыязджайце і адпачывайце душой у цішы. Мерапрыемстваў я не праводжу, таму тут не бывае шумна і не гучыць музыка. Але можна ўсё: пагрэцца на печы, агледзець беларускія старажытныя рэчы і, зразумела, з’есці нашыя гарачыя стравы. Калі хочаце, буду з вамі ўвесь дзень размаўляць і баіць байкі.

Прымае людзей Алена Браніславаўна не кожны дзень. У вольныя ад гасцей дні яна займаецца за гаспадаркай, збірае травы для гарбаты і вяжа.

– Да маёй хваробы мы трымалі кароўку. А зараз пакінулі толькі курэй ды свінней, – расказвае жанчына. – Зімой я шмат вяжу. А ўлетку збіраю зелле на гарбату: скрэпень, ліпу, мяту, чабрэц, зверабой і іншыя. Карыстаюся кнігай свекрыві. Трэба адзначыць, што гэта не лекавы збор. У мяне – для банькі, для размоў і задавальнення. Ферментую, гранулюю, дабаўляю сушаныя ягады і частую гасцей. Яшчэ пяку смачны хлеб на ўласнай заквасцы, якую таксама загадзя трэба зрабіць.

“Мы адной крыві, я не магу са сваіх браць грошы”

Алена Браніславаўна састаіць у суполцы “Я люблю жизнь”, якая аб’ядноўвае людзей са статусам “онка”. Яна лічыць, што ніхто не зразумее чалавека з анкалогіяй лепш, чым той, хто сам гэта пражывае. Таму ездзіць на розныя мерапрыемствы, якія ладзяцца на дабрачыннай аснове. І запрашае да сябе.

– Для мяне харчэўня – гэта не пра бізнес, а пра маё прызначэнне. У мяне не стаіць на мэце зарабіць як мага больш грошай. Напрыклад, я не вазьму грошай з дзетак да 6 гадоў, бо з іх такія едакі. Таксама заўжды запрашаю да сябе людзей з анкалагічным захворваннем. Мы разам пячэм хлеб, паразмаўляем, паплачам, пасмяёмся, з’ездзім па травы. Вакол – сонейка, птушкі, прырода. І я буду рада, калі пазітыву хаця б у аднаго чалавека стане больш. Нягледзячы на тое, што я ў стойкай рэмісіі і лічу, што перамагла хваробу, мы з імі адной крыві. Я не магу са сваіх браць грошы, – са слязьмі на вачах дзеліцца жанчына.

Акрамя ўсяго пералічанага, Алена Браніславаўна вядзе сацыяльныя сеткі, дзе тысячы беларусаў і іншаземцаў знаёмяцца з жыццём Палесся.

– Вядома, адна з функцый сацыяльных сетак – прасоўванне сваіх паслуг. Але праз іх адбываюцца і прыемныя знаёмствы з людзьмі. Бываюць і непрыемныя моманты. Негатыў у каментарах бачу больш ад дарослых людзей. Моладзь, наадварот, гэта падтрымлівае, – распавядае гаспадыня харчэўні. – Нядаўна была сітуацыя, дык я смяялася тры дні. Рабіла настойку з чорных парэчак на гарэлцы. І каб не казаць слова “гарэлка”, сказала “вогненная вада 50 градусаў”. Моладзь у каментарах пасмяялася, а некаторыя майго пакалення пачалі заліваць ягады звычайнай цёплай вадой. Ну няўжо няма пачуцця гумару? Ці не чыталі Фінімора Купера? Не разумею.

Напрыканцы мы запыталі ў Алены Браніславаўны, што б яна пажадала нашым чытачам.

– Не здавайцеся. Шукайце тое, што вам па душы. Можна знайсці справу свайго жыцця ў 20 гадоў, а можна, як я, толькі ў 50. Справа дапамагае жыць. Змагайцеся да апошняга. Не кідайце ніколі надзею, – сказала Алена Серада.

Дарыя Галоўчыц

Фота аўтара

 

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.