У Гродна працуе ўнікальная крама падарункаў ручной работы беларускіх майстроў «Лёля»

Гродна – адзін з самых адметных беларускіх гарадоў, сюды любяць прыязджаць турысты не толькі з Беларусі. Наяўнасць пешаходнай вуліцы надае гораду своеасаблівы шарм, а шматлікія крамы і ўтульныя кавярні, што месцяцца тут, зробяць прагулку па вуліцы незабыўнай. Сярод іх і крама «Лёля», якая прапануе сваім наведвальнікам вырабы ручной работы беларускіх майстроў. Гаспадыня крамы Дар’я Фядотава-Вановіч згадзілася пагута рыць з намі.
– Дар’я, раскажыце, калі ласка, як з’явілася ваша крама?
– Я вучылася ў Мінскім лінгвістычным універсітэце, дзе атрымала прафесію перакладчыка англійскай мовы, потым пераехала ў Гродна. Спачатку працавала па прафесіі, затым з’явілася сям’я, пайшла ў дэкрэт. Мне стала крыху сумна без звыклай актыўнасці, бо я чалавек няўрымслівы. Мне заўсёды падабаліся аўтарскія рэчы, яны надаюць настрой, у іх ёсць нешта незвычайнае. Часта разглядала на сайтах работы майстроў. Я падумала, што гэта можа быць цікава не адной мне. Так вось і з’явілася ідэя крамы падарункаў і сувеніраў. Пачала збіраць матэрыял, памяшканне шукала, усталёўвала кантакты з майстрамі.
А рэалізавалася мая ідэя 16-га кастрычніка 2016 года. Адкрыццё крамы ўпрыгожыла прысутнасць сяброў, бацькоў, былі і некалькі майстроў. Мы рады былі сустракаць нашых першых гасцей. Людзі, якія прыйшлі да нас у дзень адкрыцця, сталі нашымі пастаяннымі пакупнікамі.
Падчас адкрыцця людзі заходзілі і разглядалі ў магазіне прадстаўленыя рэчы: завушніцы, брошкі, вязаныя цацкі, керамічныя вырабы, сумачкі, скураныя кашалькі, вязаныя шапкі, свечкі, зробленыя рукамі розных майстроў Беларусі. Аказалася, што я не проста адкрыла краму падарункаў і сувеніраў, а сваё сэрца для кожнага, хто прыходзіць у гэтае месца. Мы вельмі рады кожнаму пакупніку, бо разумеем, што ён падзяляе нашу зацікаўленасць прыгожым.
– Як з’явілася назва крамы – «Лёля»?
– Гэта была выпадковая сітуацыя. Я тады чытала кнігу пра арнаментальнае мастацтва, мяне зацікавіла пано «Лёля». У беларускай міфалогіі – гэта багіня вясны, кахання і прыгажосці. Вось так назва сама знайшла мяне.
– З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся ў сваёй працы?
– Вядома, у фантазіях уяўляеш адно, а ў жыцці выходзіць крыху інакш. Скажам так, гэта навучальны праект. Давялося пазнаваць новае, вывучаць адміністрацыйную частку справы, наладжваць кантакты з майстрамі. Цяжка было наладзіць гандаль, таму што спачатку мы адчыніліся ў малалюдным месцы. Калі з’явілася магчымасць пераехаць, мы з радасцю перамясціліся ў новае месца, дзе стала больш пакупнікоў, але і працы стала значна болей. Хэн-мэйд – гэта такая сфера, дзе даводзіцца шмат кантактаваць з людзьмі, бо адзін майстар не можа зрабіць шэраг рэчаў. Таму ў нас каля 300 чалавек майстроў, з якімі мы заўсёды на сувязі. Усё трэба памятаць, асартымент у нас вельмі вялікі. Бізнес – гэта перш за ўсё дысцыпліна, арганізаванасць, адказнасць.
– Крама – ваша асноўная праца?
– Мы працуем з мужам, для яго гэта не асноўная праца. Я маці дваіх дзетак, імкнуся падзяляць працу і сям’ю. Размяшчаю рэчы сама, каб пакупнікі адразу бачылі, што дзе стаіць. Цікавыя рэчы ручной працы прадстаўлены майстрамі з розных гарадоў Беларусі. Рэчаў шмат, і людзям бывае цяжка зрабіць выбар, бо вочы разбягаюцца. Мне заўсёды прыемна дапамагчы парадай. Людзі купляюць нешта мілае, каб упрыгожыць дом ці зрабіць падарунак камусьці.
– Які самы актыўны месяц продажаў?
– Звычайна пачатак і канец лета, таму што людзі прыязджаюць у наш горад, гуляюць, а наша крама прыцягвае шмат увагі аўтарскімі працамі. І, вядома, перад навагоднімі святамі. Што можа быць лепш, чым зрабіць цікавы запамінальны падарунак?
Я хачу, каб у нас кожны змог знайсці для сябе асаблівую рэч, якая будзе ўздымаць настрой, нават стане сімвалам надзеі, веры і любові.
У краме Дар’і Фядотавай-Вановіч кожны абавязкова знойдзе рэч, якая яму спадабаецца, здолее выбраць падарунак на любы густ, бо і сама крама – гэта сапраўдны падарунак гораду, які гэтага варты.
Алена Шчарбук
Фота аўтара
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.