У Горадні адкрыўся цэнтр дапамогі дзецям з самай цяжкай формай інваліднасці
Пры горадзенскім дзіцячым хоспісе адкрыўся паліятыўны цэнтр, дзе дапамагаюць дзецям з самай цяжкой формай інваліднасці. Памяшканне пад яго бясплатна дала праваслаўная царква, передае svaboda.org.
Цэнтар паліятыўнай дапамогі адкрыўся пры Горадзенскім дзіцячым хоспісе ў сярэдзіне ліпеня. Памяшканне бясплатна перадаў хоспісу прыход храма прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага. Ягоны настаяцель айцец Іаан Велісейчык будаваў цэнтар для паломнікаў, а калі пачуў, што хоспіс шукае будынак, вырашыў ахвяраваць гэтае памяшканне.
Тут будуць аказваць сацыяльныя паслугі невылечна хворым дзецям з хоспісу. Хоспіс апякае сёння 66 сем’яў, якія выхоўваюць такіх дзяцей. Таксама паслугі будуць аказваць усім цяжка хворым дзецям за ахвяраванні.
Паслугі паліятыўнага цэнтру − класычныя ЛФК і масаж; укладкі, якія дазваляюць правільна раскласці рукі і ногі дзіцяці, каб цягліцы расслабляліся; нетрадыцыйная форма ўсходняй мэдыцыны − Су-джок-тэрапія; паслугі псыхолага. Тут працуюць абілітолагі, псыхолаг, спэцыяліст па камунікацыі з бацькамі, Су-джок-тэрапэўт, шукаюць сацыяльнага работніка.
Раней тут ладзілі дабрачынную акцыю «Хвалі дабрыні» − у хоспісе малявалі карціны, а потым рабілі выстаўку і прадавалі іх. Так хоспіс набыў абсталяванне для дзяцей, агульным коштам каля 20 тысяч эўра.
Адмысловыя крэслы дапамагаюць надаць дзіцячаму целу такое становішча, калі ня так моцна баліць. Хадункі для дзяцей з гіпэртонусам вучаць малых хадзіць. Сэнсорны гамак дазваляе дзіцяці асэнсоўваць сябе ў прасторы, атрымліваць новыя адчуванні без болю.
Гіпатрэнажэр замяняе каня, ён такі ж цёплы, робіць такія ж рухі. Столік з ацяпленнем грэе адразу косці, ад касцей цяпло ідзе да цягліцаў і расслабляе іх.
Матрац, які цалкам адаптуецца пад самыя дробныя няроўнасці дзіцячага цела, дапамагае глыбока расслабіцца і здымае боль, як быццам у вадзе.
«Вельмі шмат што цяжка хворым дзецям супрацьпаказана. Мы павінны знайсці такія прыстасаванні, так са спэцыялістамі падысці, каб можна было не пакласці і чакаць, пакуль дзіця памрэ, а каб можна было з ім працаваць. З любым дзіцем можна працаваць», − кажа дырэктарка хоспісу Вольга Вялічка.
Паліятыўны цэнтар запрашае да сябе спэцыялістаў, мэдыкаў, абілітолагаў, рэабілітолагаў, сацыяльных работнікаў, псыхолагаў, якія гатовыя вучыцца, пераймаць досвед і пазней дапамагаць цяжка хворым дзецям. Тады дзецям не патрэбна будзе ездзіць за мяжу, каб атрымаць рэдкія сёння ў Беларусі паслугі.
«Тут так класна, свежае паветра, тут зусім па-іншаму [пачуваюцца] дзеці. Тут як дома, там [у асноўным будынку хоспісу] усё ж паліклініка. Тут адчуваецца, што сваё, роднае, набліжана да хатніх умоваў. Больш месца. Ёсць царква, касцёл, можна вазіць дзяцей на прычасце», − кажа маці Дашы Аксана.
У будучыні тут плануюць стварыць месца сацыяльнай перадышкі для жанчын, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. Будзе працягваць працу бацькоўскі клуб.
Хоспіс у Горадні − недзяржаўная, некамэрцыйная арганізацыя. Яна існуе дзякуючы спонсарскай дапамозе перадусім буйных беларускіх прадпрыемстваў, ахвяраванням людзей і праектнай дзейнасці (гранты). Дзяржава не выдзяляе сродкаў на яе ўтрыманне.
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.