У 65 гадоў купіла гітару і дала волю свайму таленту. Ірына Мезенцава складае вершы, піша музыку, спявае і ладзіць канцэрты
Праца на камбінаце, выхаванне сыноў і штодзённыя жаночыя клопаты – такім было жыццё Ірыны Мезенцавай (Здановіч) з Баранавічаў. Але яе душа заўсёды цягнулася да творчасці. У 65 гадоў Ірына Васільеўна купіла гітару і дала волю свайму таленту. Гэта гісторыя аб тым, што ніколі не позна пачынаць.
“Не тое, пра што марыла”
– Я не саромеюся свойго ўзросту і лёгка кажу: мне – 77 гадоў, – упэўнена пачынае расказ Ірына Васільеўна. – Нарадзілася я ў сям’і першай, яшчэ ёсць два браты і сястра. Гэта быў нялёгкі час – пасляваенны, таму дзецям трэба было рана сталець. На правах старэйшай я больш за астатніх працавала па хатняй гаспадарцы, клапацілася пра малодшых. А браты іншым разам і па карку атрымлівалі ў выхавальных мэтах, – смяецца яна.
Пра сваіх бацькоў Ірына Васільеўна расказвае з пяшчотай. Тата, Васіль Пятровіч, ураджэнец Курскай вобласці, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Вызваляў Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Быў паранены, але пасля шпіталя зноўку пайшоў на фронт. З баямі дайшоў да Прагі. З будучай жонкай, Надзеяй Сцяпанаўнай, пазнаёміўся ў Ваўкавыску. Вяртацца дамоў пасля закачэння вайны не было сэнсу – ён рана асірацеў. Так і з’явілася новая сям’я на беларускай зямлі.
– Бацькі былі звычайнымі савецкімі людзьмі, шмат працавалі, – працягвае суразмоўца. – Да першага класа мы жылі ў вёсцы, потым пераехалі ў Ваўкавыск. Маці працавала на заводзе, а бацька – на будаўніцтве. Дзяцінства нельга назваць простым. З 7-га класа я на ўсё лета ўладкоўвалася на працу, каб купіць школьную форму. У асноўным, такіх як я падлеткаў, бралі палоць гародніну.
Пасля школы Ірына планавала паступіць на педагагічны факультэт у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Не атрымалася. Тады яна вырашыла паехаць працаваць у Баранавічы на баваўняны камбінат.
– Безумоўна, не тое, пра што марыла, але можна было зарабляць, ды і пазнаць самастойнае жыццё, – кажа Ірына Васільеўна. – Днём я працавала ў прадзільным цэху, а ўвечары спяшалася ў тэхнікум лёгкай прамысловасці. За 15 гадоў на тэкстыльным камбінаце я стала майстрам.
У Баранавічах дзяўчына выйшла замуж і нарадзіла двух сыноў. З мужам не склалася: пасля 20-ці гадоў сумеснага жыцця сям’я распалася. Аднак, па словах Ірыны Васільеўны, яны засталіся ў добрых адносінах, бо ёсць агульныя дзеці і ўнукі.
– Сыны ў мяне цудоўныя. Малодшы, Андрэй, жыве ў Мінску, працуе прадпрымальнікам. А старэйшы, Аляксандр, некалькі гадоў таму пераехаў у Маскву і працуе камерцыйным дырэктарам, – дзеліцца суразмоўца. – Абодва атрымалі вышэйшую адукацыю. Калі яны паехалі вучыццца ў Мінск, мяне былы кіраўнік камбіната запрасіў у Арменію на ліквідацыю вынікаў Спітакскага землятрусу. Я працавала ў аддзеле кадраў. Пасля – на будаўніцтве жылля для перасяленцаў з Чарнобыля ў Бранску на той жа пасадзе. У 90-я гады вярнулася дамоў. Працу ў той час складана было знайсці, а адукацыю дзецям патрэбна было даць. Таму стала чаўночніцай, гандлявала сумкамі з Польшчы ды Расіі.
“Вы мяне не крыўдзіце”
У 65 гадоў у Ірыны Васільеўны пачалася бяссонніца. Па начах яна ўсё часцей успамінала маладыя гады, калі пісала вершы.
– У адзін момант вырашыла: усё, хопіць сумаваць, бяру грошы і іду ў краму па гітару, – распавядае яна. – У музычнай школе я ніколі не вучылася. У дзяцінстве вельмі хацела навучыцца граць на скрыпцы, але маці сказала, што такі занятак хлеба не дасць. Ды і часу не было, бо патрэбна даглядаць малодшых дзетак. Было тады крыўдна і горка. А ў 65 гадоў я зразумела, што губляць мне ўжо няма чаго.
Пасля набыцця музычнага інструмента Ірына Васільеўна пайшла ў мясцовы музычны каледж да выкладчыка ігры на гітары Уладзіміра Антоненкі.
– Калі прыйшла, патлумачыла, што з маладосці пішу вершы. А зараз хачу яшчэ навучыцца і акампанаваць. Ён быў уражаны маім імкненнем і адразу сказаў, што не атрымаецца. Бо вучыцца граць на гітары трэба было ў маладым узросце. А я яму ў адказ: “Вы мяне не крыўдзіце. Гэта мая мара”. Настрой у выкладчыка застаўся скептычным, але акорды ён паказаў, – усміхаецца суразмоўца. – Пасля некалькіх заняткаў я адчула ўпэўненасць і пачала вучыцца дома самастойна па відэа ў інтэрнэце. Часта я проста слухаю шмат розных мелодый, па 50 штук на дзень – і замежных, і нашых. А пасля гэтага ствараю сваю, арыгінальную, якая б адлюстроўвала настрой вершаў.
Па пашпарце Ірына – Здановіч, але творчым псеўданімам абрала прозвішча бацькі – Мезенцава. Як кажа сама, для таго, каб праслаўляць свае карані.
– Адразу я пайшла ў мясцовы Дом культуры і запісалася ў клуб для людзей пенсійнага ўзросту “Беспокойные сердца”, – працягвае жанчына. – Там знайшла сяброў і аднадумцаў, якія ацанілі мае вершы. З задавальненнем дзялілася творчасцю, якую шмат гадоў хавала ў душы. Мы спявалі мае вершаваныя радкі, пад якую я акампанавала. Аднак захацелася яшчэ больш – запісаць у студыі ўласныя песні. На дапамогу прыйшоў Васіль Бурак, гукарэжысёр Жамчужненскага сельскага Дома культуры, што недалёка ад Баранавічаў. Я яму напявала мелодыю, а ён пісаў фанаграму.
“Гэта маё жыццё”
Трэба адзначыць, што на запіс у студыі Жамчужненскага СДК даваў дазвол яго дырэктар. І гэта дапамога бескарысная. Тады Ірыне Васільеўне таксама захацелася адплаціць дабром.
– 10 гадоў таму я выступіла ініцыятарам стварэння клуба для пажылых людзей “Никогда не поздно” пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва горада Баранавічы. Дзесьці 5 гадоў я была кіраўніком клуба, але потым пачаўся каранавірус. Давялося прыпыніць дзейнасць, – уздыхае жанчына.
Акрамя пандэміі, якая не абыйшла бокам і Ірыну Васільеўну, яна перанесла аперацыю на сэрцы. Пра хваробу не любіць размаўляць, бо лічыць, што ёсць людзі, якім горш.
– Мне прапаноўвалі пайсці на медкамісію, каб атрымаць 3-ю групу інваліднасці, але я адмовілася, – прызнаецца суразмоўца. – Пагутарыла з дзецьмі. Яны сказалі, что не пакінуць мяне і будуць дапамагаць. Цяпер на душы спакойна. Пасля пандэміі вырашыла не вяртацца ў клуб па той прычыне, што там пасаду кіраўніка займае ўжо іншы чалавек. І я стварыла новы клуб “Встреча”. Не магу без творчасці. Гэта маё жыццё.
Разам з тым Ірына Мезенцава наведвае Баранавіцкае раённае бібліятэчнае аб’яднанне, на базе якога дзейнічае літаратурна-творчае аб’яднанне “Купальскія зоры”. Таксама спявачка з’яўляецца членам грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў – Беларускага таварыства інвалідаў і Беларусага таварыства інвалідаў па зроку.
– Нягледзячы на тое, што сама інваліднасці не маю, я ўсё роўна адчуваю сябе там не лішняй, – кажа жанчына. – Як і ўсе, выплачваю унёскі, але пазіцыяную сябе як валанцёра. У 2017 годзе я нават прадстаўляла Баранавіцкую гарадскую арганізацыю БелТІ на Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў. У намінацыі “Аўтарская песня” атрымала першае месца. Дыплом мне, дарэчы, уручаў жывы на той час Ігар Лучанок, светлая памяць яму.
За 12 гадоў творчай дзейнасці ў Ірыны Васільеўны шмат дасягненняў як на мясцовым, так і рэспубліканскім узроўнях. За гэты час яна выпусціла 4 зборніка вершаў, напісала больш за 130 песняў, якія выконваюць майстры не толькі з Баранавічаў, але і з усёй Беларусі. Напрыклад, адну з іх узяў у свой рэпертуар Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”.
– Я шмат часу цікавілася творчасцю гэтага калектыву. А некалькі гадоў таму вельмі захацелася пазнаёміцца з імі асабіста, – працягвае размову спявачка. – Сын знайшоў інфармацыю, што іх студыя знаходзіцца ў мінскай філармоніі. Я прыехала, калі ў іх была рэпетыцыя. Прывезла з сабой на флешцы песні, папрасіла іх паслухаць і паабяцала падарыць, калі нешта спадабаецца. І яны абралі песню “Прывітальная”. Мне было так прыемна, што мая творчасць мае такое шырокае прызнанне. Акрамя таго, мае песні выконваюць народны ансамбль песні “Крушына з Крошына”, спявачка Галіна Бабонава з Баранавіцкай ГА “БелТІ” і іншыя.
Канцэрт у Мінску
17 лютага плануецца вялікая канцэртная праграма “Я люблю тебя, слышишь…”, прысвечаная Дню ўсіх закаханых. Канцэрт пачнецца ў 16:00. Месца: Палац культуры ветэранаў, вул. Янкі Купалы, 21. Кошт за ўваход: 10 рублёў. Ініцыятарам мерапрыемства стала Ірына Мезенцава разам з баранавіцкім паэтам Юрасём Мазалевічам.
– Разам з аднадумцамі часта езджу з дабрачыннымі канцэртамі па дамах-інтэрнатах, школах, бібліятэках. У гэтым годзе ў нас з баранавіцкім паэтам Юрасём Мазалевічам адбыўся творчы тандэм. Мы не толькі ездзім самастойна, а яшчэ і запрашаем таленавітых аўтараў у клуб “Купальскія зоры”, дзе яны прэзентуюць вершы, – тлумачыць суразмоўца. – І нам захацелася выступіць разам з імі ў Мінску, каб сталічная аўдыторыя пазнаёмілася з баранавіцкімі выканаўцамі.
Ірына Васільеўна ўжо выступала ў Мінску некалькі гадоў таму ў праграме святочнага канцэрта да 8 сакавіка. У яе засталіся кантакты працаўніка Палаца Рэспублікі, якая і дапамагла з пляцоўкай для канцэртнай праграмы, што плануецца ў лютым гэтага года. Плануюцца выступы дзевяці выканаўцаў, сярод якіх ёсць і лаўрэаты Міжнароднага фестываля творчасці інвалідаў імя І. Лучанка. Таксама будуць і маладыя выканаўцы. Вядучы праграмы – Юрась Мазалевіч.
– У праграме і вершы, і песні, і танцы. Людзі ўсе розныя. Напрыклад, чароўны джаз выканаюць браты Гарбуновы. Гэта сыны нашага бацюшкі. Я ўбачыла, як яны іграюць у гарадскім скверы: адзін на гітары, а другі на скрыпцы. У іх музыку я адразу закахалася. Запрасілі іх у ТЦСАН, а зараз і ў Мінск. Будуць людзі не толькі з Баранавічаў. Напрыклад, са спяваком Вячаславам Салаўёвым мы пазнаёміліся на конкурсе ў Брэсце, адкуль ён родам. Прыходзьце, не пашкадуеце, – запрашае ўсіх Ірына.
Па словах Ірыны Васільеўны, яны чакаюць кожнага жадаючага раздзяліць з імі любоў да творчасці.
– Запісаныя песні – гэта цудоўна, але нам хочацца жывога ўзаемадзеяння з людзьмі. Калі глядзіш у вочы і бачыш эмоцыі іншага. З фінансавымі пытаннямі мне дапамагаюць сыны. Аднойчы ў нас была размова, у якой ён мне сказаў: “Мама, Бог табе даў місію: прыносіць людзям радасць. А мы падтрымаем цябе”. І папрасіў паабяцаць яму больш ніколі пра гэта не гаварыць, – са слязамі на вачах дзеліцца яна. – Адзін мой знаёмы сказаў, што калі б я хаця б у гадоў 40 пачала спяваць і пісаць, то ўжо была б вялікім чалавекам. Але я імкнуся ні пра што не шкадаваць. Я палюбіла сябе і сваё жыццё такім, якім яно ёсць. І жадаю кожнаму не верыць у стэрэатыпы пра ўзрост, ніколі не падаць духам і заставацца маладым у душы.
Дарыя Галоўчыц
Фота з архіва Ірыны Мезенцавай
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.