Цот-няцот. Кароткая гісторыя жыцця і смерці хлопчыка Юры

Поддержи

Гэтая гісторыя здарылася ў канцы мінулага стагоддзя. Што мяне прымушае зноў да яе вярнуцца? Таму што гэта можа здарыцца з любым чалавекам: з дзіцем альбо з дарослым. Тут розніцы няма. Таму і вяртаюся…

30 кастрычніка ў 11 гадзін раніцы, праз тыдзень пасля аперацыі, у 9-й клінічнай бальніцы памёр 14-гадовы хлопчык Юра К.

Хто гэта быў? Проста хлопчык. Жыў у Рагачоўскім раёне. Вучыўся ў школе. Ціхі, засяроджаны, любіў чытаць сур’ёзныя кнігі, быў выдатнікам. На жаль, усё ў мінулым часе. Смерць, як вядома, не выбірае. І мы не можам выбраць, калі нам паміраць, – у 14 ці ў 104. Цот-няцот…

У Юры была вельмі цяжкая і рэдкая паталогія спіннога мозгу. Урачы потым казалі: дзіўна, што ён дажыў да 14 гадоў, непапраўнае магло здарыцца значна раней. Практычна ў любы момант.

Смерць – рэч несправядлівая. Мажліва, самая несправядлівая. З несправядлівасцю чалавек змірыцца не можа. Вось і бацька Юры, Віктар Іванавіч, сельскі настаўнік, змірыцца не змог.

Напярэдадні

Тады Віктар Іванавіч даслаў мне ліст. Ён прасіў разабрацца: ці мог зыход аперацыі быць іншым? Зараз я выкладу яго ліст у крыху скарочаным варыянце, бо ён вялікі. У Юры прызнавалі паталогію ў вобласці першага шыйнага пазванка ў месцы пераходу спіннога мозгу ў галаўны. Нейкі час таму ў Гомелі зрабілі магніта-рэзанансную тамаграфію (МРТ). Знайшлі звужэнне канала і сцісканне мозгу. Бацькі звярталіся да траўматолагаў, мануальных тэрапеўтаў. Роскід меркаванняў быў даволі вялікі. Адны лічылі, што з узростам усё пройдзе, другія – што трэба прыстасоўвацца жыць з гэтым.

У 1997 годзе Юру вазілі ў 9-ю мінскую бальніцу да знакамітага акадэміка А. (ён, дарэчы, ужо памёр). Ён запатрабаваў здымкі. Прадаставілі. За гэты час нейкіх асаблівых змяненняў у Юры не назіралася.

Але ў апошні год у хлопчыка пачалі слабець рукі і ногі, паходка стала няўпэўненая. І ў жніўні бацька зноў павёз сына ў 9-ю бальніцу. Прывезлі і здымкі. Але ўрач Сяргей К. сказаў, што для параўнання патрэбны новыя здымкі МРТ. Здымкі, старыя і новыя, прывезлі. Ніякіх змяненняў за тры гады выяўлена не было. Неўрапатолаг таксама не выявіў прагрэсіруючай хваробы.

7 кастрычніка бацька з сынам прыехалі ў Мінск. Сустрэліся з урачом К., потым – з загадчыкам дзіцячага нейрахірургічнага аддзялення Т. Віктар Іванавіч некалькі разоў перапытваў: «Я не прашу гарантый, але ці ёсць надзея на паляпшэнне?» – «Горш не будзе», – адказвалі яму. Віктар Іванавіч даў распіску, што згодны на нейрахірургічнае абследаванне і ўмяшальніцтва. Пасля гэтага ён быў вымушаны паехаць дадому на работу і вярнуўся ў Мінск толькі 22 кастрычніка, перад аперацыяй.

21-га Юра патэлефанаваў бацьку і паведаміў, што аперацыя заўтра, у 9 гадзін. Сын таксама сказаў, што яго вазілі ў нейкі навукова-даследчы інстытут на абследаванне, але там ад аперацыі адмовіліся.

Аперацыя цягнулася каля трох гадзін. Бацька дачакаўся, пакуль сына павезлі ў рэанімацыю. Аперыраваў акадэмік А. Сяргей К. сказаў, што аперацыя прайшла паспяхова.

Юра апрытомнеў, але дыхаць самастойна не мог, не мог паварушыць ні нагой, ні рукой. Ніжэй галавы хлопчык быў паралізаваны. Спачатку бацьку гаварылі, што такі стан можа працягнуцца тыдзень, яшчэ раней – што ў тым месцы знаходзяцца жыццёва важныя цэнтры і г.д. Віктар Іванавіч патэлефанаваў акадэміку. Той доўга рассказваў пра стан хворага, а пад канец сказаў: «Прабачце».

Бацька яшчэ не мог паверыць у горшае. Калі яго пускалі да сына, ён пераконваў таго: усё будзе добра. «Ты мне верыш?» – пытаў бацька, а Юра адказваў вачамі – веру.

«Ведаеце, – пісаў Віктар Іванавіч, – мяне нават пакінулі ў бальніцы, далі асобную палату вокнамі на рэанімацыю. Колькі я маліў Бога дапамагчы яму, даць яму дыханне, вярнуць сілу ў ручкі і ножкі!..» Медыкі яшчэ спрабавалі штосьці рабіць, гаварылі аб паўторнай аперацыі. Але 30-га ў Юры спынілася сэрца. Ён памёр.

«Я адвёз ім жыццярадаснае, разумнае, на нагах дзіцё, я паверыў ім, а каго я прывёз? Дзе цяпер мой сынок? А як мне цяпер жыць? Як мне жыць, калі ўсё навокал нагадвае пра яго? Як мне ісці ў школу, весці ўрокі ў класе, браць у рукі журнал з яго імем?»

Пасля

Пасля было гора. Пасля было… Увогуле, лепш за бацьку я не напішу: «Чаму так тайна ўсё рабілася? Чаму нас так праігнаравалі? Узялі, зарэзалі – і атрымайце. Дый потым, праз месяц, ні прабачэнняў, ні тлумачэнняў. Як жа так? Нам ідуць спачуванні з Італіі, Германіі, дзе бываў Юра. А дома – цішыня. Адзін ваш герой не верыць міліцыі, а я не веру ўжо ні ў што. Я не веру нават, што вы возьмецеся дабіцца ісціны…»

«…Мне спакою ўсё роўна не будзе ніколі. Гэта было самае дарагое ў маім жыцці, мы ніколі не разлучаліся, заўсёды разам. Няўжо бацькі павінны хаваць сваіх дзяцей?..»

Анамнэз

Такім чынам абвінавачванні былі вельмі цяжкія. Настолькі цяжкія, што калі б яны сапраўды былі справядлівыя, то… Хаця фантазіраваць тут, напэўна, не зусім да месца. Пакінем у спакоі эмоцыі, якіх у лісце Віктара Іванавіча было цераз край (што цалкам зразумела), звернемся да фактычнага боку. Загадзя прашу прабачэння ў медыкаў за магчымыя недакладнасці пры выкарыстанні спецыяльнай тэрміналогіі.

– Прыкладна за чатыры гады да аперацыі, – расказвае ўрач дзіцячага нейрахірургічнага аддзялення 9-й бальніцы Сяргей К., – бацька заўважыў, што ў Юры пачалі слабець канечнасці, ён пачаў худнець. У нас няма магчымасці рабіць тамаграфію. Бацьку парэкамендавалі заняцца гэтым самому. На здымках стала бачна, што паталогія прыроджаная, прычым двайная: і касцей пазваночніка, і спіннога мозгу. Спінны мозг быў зрушаны, атрымалася такая перацяжка.

Паталогія была ў небяспечным месцы, побач размешчаны жыццёва важныя цэнтры, якія адказваюць за дыханне, глытанне і інш. Мы вазілі хлопчыка ў НДІ траўматалогіі і артапедыі, абследавалі. Юра быў стабільны. Прынялі рашэнне аперыраваць. Але бацькі не было, а ад нас патэлефанаваць па міжгорадзе нельга. Карацей, суткі перад аперацыяй хлопчык правёў адзін. Хаця, трэба сказаць, дзеці ў нас самі не ляжаць, толькі з бацькамі.

Аперацыя была зроблена правільна. Падчас яе высветлілася, што першы пазванок недаразвіты, па сутнасці, гэта была не костка. Але, відаць, падчас аперацыі адбылося зрушэнне, змянілася становішча пазваночніка адносна чэрапа. Гэта зрушэнне вельмі небяспечнае. Ледзь-ледзь – і ціск на жыццёва важныя цэнтры. Верагодна, гэта і адбылося…

Суткі хлопчык знаходзіўся на штучнай вентыляцыі лёгкіх, сам дыхаць ён не мог, – працягвае Сяргей К. – Пасля гэтага ўжо прыехаў траўматолаг і выказаў свой погляд: патрэбна была стабілізуючая аперацыя, каб выпраміць пазваночнік. Але ў час аперацыі яго не было.

– Траўматолаг пры такіх аперацыях прысутнічаць абавязаны?

– У прынцыпе, так, бо паталогія была двайная – і пазваночніка, і спіннога мозгу.

– Што б змянілася, калі б ён быў?

– Магчыма, ён бы выбраў іншую тактыку.

– А калі б аперацыя не адбылася?

– Усё б прагрэсіравала. З цягам часу цалкам магчымы быў бы параліч і… той жа вынік. А аперацыя была накіравана на тое, каб пазбегнуць негатыўных момантаў. Увогуле прыроджаная паталогія праяўляецца ў розных узростах – і ў тры, і ў восем. Тут вось – у чатырнаццаць. Бацька мог не ведаць, да чаго можа прывесці хірургічнае ўмяшальніцтва. Але згоду на аперацыю ён даў…

Што застаецца?..

Чамусьці не пакідае ўражанне нейкай недагаворанасці, незавершанасці. Як быццам не хапае цагліны, каб можна было сказаць: гэта дом.

Я адчуў матыў у лісце Віктара Іванавіча. Яго можна сфармуляваць так: чаму вы мяне паставілі перад гэтым жудасным фактам, а потым пакінулі аднаго? Па якой прычыне нельга было ўсё растлумачыць з самага пачатку? Можа, я змірыўся б з непазбежным, але чаму вы маўчалі?

У бальніцы плынь пацыентаў, а ўсіх не нашкадуешся? Канешне, так. Але ўсіх і не трэба! Трэба канкрэтнага Віктара Іванавіча.

Мне даволі часта прыходзіцца размаўляць з людзьмі, якіх ударыла гора. Настолькі часта, што паступова пачаў разумець даволі простую ісціну: большасці людзей патрэбна не столькі справядлівасць – катэгорыя вельмі адносная, колькі суперажыванне. Таму што гора вялікае, а чалавек – слабы, ён гэта гора не можа ўмясціць у сваю душу, якая таксама не бяздонная. І інстынктыўна чалавек шукае, з кім можна падзяліцца сваім горам. Гэта натуральна. Гэта цалкам па-чалавечы. Па-іншаму быць не можа…

Я нічым не мог дапамагчы Віктару Іванавічу. Нічым, бо я не Бог. Шукаць вінаватых? Іх няма. Дый што гэта дасць? Юру не вернеш, і перад гэтым, бы перад скалою, разбіваюцца ўсе хвалі дарэмных спадзяванняў. Што застаецца? Толькі запомніць гэта пытанне: «Як мне цяпер жыць?..»

 

Сяргей ШАЎЦОЎ

Фота мае ілюстратыўны

характар

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.