Ці можна чалавеку з інваліднасцю адпачыць у Калінінградзе? Высвятляем

Поддержи

Падчас свайго летняга адпачынку я паехала да сваякоў у Калінінградскую вобласць Расіі. Скажу шчыра: пісаць пра вандроўку я не збіралася. Але калі пагуляла па Калінінградзе некалькі гадзін, то вырашыла, што абавязкова напішу пра тамтэйшы безбар’ерны асяродак. Яго не трэба вышукваць пад колішнімі нямецкімі дамамі. Пасля прыезду ў горад становіцца зразумела, што яго прыўкрасы могуць пабачыць і інваліды.

Асаблівасць рэгіёну

Да 17 стагоддзя Калінінград належыў Рэчы Паспалітай. Жыхарам Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы ён быў вядомы як Кролевец, самі прусы называлі яго Кёнігсбергам, што азначае «Кароль гары». І толькі ў савецкія часы яго «зрабілі» Калінінградам. Пасля капітуляцыі і заканчэння Другой сусветнай вайны савецкае кіраўніцтва дало суткі жыхарам Кёнігсберга на ўсеагульны выезд. Цэлыя нямецкія дамы з мэбляй, посудам, пасцельнай бялізнай засталіся пуставаць.

***

Калінінград — горад у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Калінінградскай вобласці, якая з’яўляецца самым заходнім абласным цэнтрам Расійскай Федэрацыі.

***

Але такое становішча было нядоўгім. У хуткім часе ў вобласць сталі засяляцца людзі з усяго СССР. Так у горада пачалася новая гісторыя.

Сёння ў Калінінградзе пануе эклектыка – каля старажытных нямецкіх будынкаў стаяць савецкія «панэлькі» і шкляныя бізнес-цэнтры. Але пры ўсім гэтым пра людзей з абмежаванням тут не забываюць.

Прылёт

Электравазкі «чакаюць» пасажыраў у аэрапорце.

Беларусам можна дабрацца ў Калінінград некалькімі спосабамі: аўтобусам, цягніком або самалётам. Апошнім, як правіла, карыстаюцца тыя, у каго няма візы, бо шлях да Калінінграда праходзіць праз Літву.

Аэрапорт мяне ўразіў сваёй зручнасцю і маштабнасцю. Адразу кінуліся ў вочы указальнікі на стойках, асаблівыя месцы – для людзей з інваліднасцю. Прыбіральні ў аэрапорце прыстасаваны для людзей з інваліднасцю. Але самае важнае, як па мне, –  пасля выйсця на пасадку няма ніякіх аўтобусаў, якія падвозяць людзей да самалётаў. Замест гэтага – безбар’ерныя тунэлі, якія вядуць адразу на борт самалёта.

Гарады

Не толькі Калінінград, але і дробныя гарады вобласці ўразілі мяне тым, што на іх вуліцах паўсюль стаяць пандусы: яны вядуць да крам і кавярняў. Як я даведалася ад сваіх сваякоў, кожны прадпрымальнік – будзь ён буйным магнатам ці ўладальнікам маленькай бакалеі – абавязаны зрабіць безбар’ерны падыход, інакш яго будуць штрафаваць.

На міжгародніх электрычках ёсць спецыяльныя адкідныя мяк-кія крэслы-месцы для інвалідаў. На прыбіральнях станцый у вобласці ёсць мапы прыбіральняў, напісаныя шрыфтом Брайля.

Вялікія пешаходныя пераходы ў Калінінградзе падсвечваюцца, што дапамагае слабавідушчым. Для невідушчых пастаўлены гукавыя светлафоры. Тактыльная плітка там ляжыць паўсюль. Праўда, не такая, як у Мінску: не жоўтая, а пажоўклая, стаптаная. Гэта сведчыць пра тое, што ляжыць яна на вуліцах Калінінграда ўжо даўно. І, дарэчы, сабака-павадыр там не рэдкасць.

Калі ідзеш па горадзе, досыць часта натыкаешся на аптэкі, якія называюцца «Сацыяльныя аптэкі», дзе для інвалідаў і пенсіянераў лекі каштуюць значна танней.

Курортны адпачынак

Калінінградская вобласць –  гэта найперш выйсце да Балтыйскага мора. Нягледзячы на тое, што яно непрадказальнае па сваёй тэмпературы, адпачывальнікаў на пляжы ўсё адно шмат. І якое было маё здзіўленне, калі прама на беразе мора я пабачыла людзей на інвалідных вазках! А ўсё таму, што нават у такім не зусім папулярным курортным гарадку як Зеленаградск, ёсць інклюзіўны пляж.

Значная частка пабярэжжа на пляжы ў Зеленаградску зроблена для людзей з інваліднасцю. На праменадзе адразу можна заўважыць шыльду «Інклюзіўны пляж». Што ён сабой уяўляе? Па-першае, гэта зручны спуск да мора. 

Па-другое, гэта спецыяльны пляж для людзей у інвалідных вазках. Калі я кожны раз бачыла там людзей у вазках, якія назіралі за марскімі хвалямі, станавілася радасна: інваліды з вобласці могуць не сядзець дома, калі пад іх бокам – мора.

Падсумаванне

У той жа час сваякі кажуць мне, што шмат чаго па «безбар’ерцы» з’явілася не так даўно: у мінулым годзе ў Калінінградзе праходзілі матчы Чэмпіяната свету па футболе. Але ж і ў нас былі Еўрапейскія гульні…

Нягледзячы на тое, што дарогі не самыя лепшыя і засталося шмат парэшткаў нямецкай брукаванкі, за некалькі дзён я сустрэла на вуліцах розных гарадоў каля дзясятка вазочнікаў і людзей, якія перасоўваюцца на мыліцах. У Мінску ж людзей на вазках можна сустрэць рэдка, хоць і едуць да нас з Калінінграда па тое, каб хоць адным вокам зірнуць на сапраўдную дагледжаную Еўропу.

 

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.