«Тэатр кветак для адной глядачкі: як былая медсястра ператварыла падворак у глухой вёсцы ў рай для хворай маці

Поддержи

У вёсцы Бортнікі Сенненскага раёна жыве ўсяго шэсць чалавек – амаль усе пенсіянеры. Двойчы на тыдзень сюды прыходзіць аўталаўка. Але гэтая вёска, што была спаленая падчас вайны, а пасля адрадзілася, захоўвае сваё аблічча дзякуючы людзям, якія не пакідаюць роднага кутка. І галоўнае тут – не колькасць жыхароў, а тое, як яны ўмеюць любіць зямлю і адзін аднаго.

У самым канцы адзінай вуліцы стаіць дом Раісы Ягораўны і яе дачкі Галіны Мікалаеўны Барышавых. Раіса Ягораўна – родам з суседняй вёскі, але замуж выйшла ў Бортнікі і засталася тут назаўсёды. Усё жыццё працавала паштальёнам, была і работніцай школьнай сталовай у суседняй вёсцы Літусава. У маладосці спявала ў мясцовай самадзейнасці. Яе муж Мікалай працаваў інжынерам на мясцовым мехдвары. Сям’ю іх вельмі паважаюць.

Сёння Раіса Ягораўна ўжо даўно на пенсіі. Шматгадовая праца паштальёнам – бясконцыя вёрсты па вясковых дарогах – адбілася на нагах. Хадзіць ёй цяжка, таму свет жанчыны звузіўся да ўласнага двара. Яна можа толькі выйсці на вуліцу, сесці на лавачку каля дома і глядзець на тое, што адбываецца вакол. І менавіта для яе дачка Галіна стварае вакол прыгажосць.

Галіна Мікалаеўна жыла ў горадзе, але як толькі выйшла на пенсію, вырашыла вярнуцца да маці ў вёску. Яна па адукацыі медсястра. Умее клапаціцца, даглядаць, дапамагаць. І гэтыя навыкі цяпер не толькі для людзей, а для ўсяго падворка.

Кветкавы тэатр для адзінай глядачкі… і для гасцей вёскі!

Тут поўна курэй, ёсць сабачка. Кожную суботу традыцыйна топяць лазню. Яшчэ – шчыплюць ягаду, даглядаюць агарод. Каля дома заўсёды чысценька, трава старанна выкашана. Але галоўнае захапленне Галіны – кветкі.

«З горада заўсёды прыводжу маці расаду, саджанцы, – расказвае яна. – І ў нас першымі ў акрузе з’яўляюцца агуркі, памідоры. І ўраджай заўсёды добры».

У яе ў палісадніку і на агародзе – сапраўдны рай. Тут і ружы, і півоні, і глаксініі, і лілеі. А яшчэ радуюць гартэнзіі, клемацісы, касачы, рудбекія, аксаміткі, дэльфініумы, петуніі і іншыя. Ад самых простых да самых экзатычных гатункаў. Усе назвы ведае, пра кожную кветачку расказвае з асаблівым трапятаннем. Кожная расліна – з любоўю вырашчана. На двары таксама прыгажосць – усё квітнее: у старым кошыку, у непатрэбнай каструлі, чыгуне і нават у дзіравых ботах.

І ўсё гэта для маці. Каб яна, выходзячы на ганак, бачыла гэтае свята. Каб вачыма праходзіла па кветкавых дарожках, якімі самой ужо не прайсці. Каб свет заставаўся вялікім і прыгожым. Нават калі ногі адмаўляюцца ісці далёка.

«Вёска патрабуе працы»

Два гады таму сельсавет дапамог высечы вялізны лазняк і магутныя дрэвы насупраць хаты. Стала вальней, акуратней. І цяпер кветкавы дыван распасціраецца аж да самай дарогі. Калі ідзеш па вуліцы, дом Барышавых відаць здалёку – яркі, квітнеючы, прыгожы.

Бортнікі – вёска адметная. Усяго адна вуліца, а на слупах буслянкі. Кожны год сюды прылятаюць буслы, уюць гнёзды. Птушкі, як і людзі, выбіраюць месца па душы. Прырода тут цудоўная! Іх хата – апошняя на краі вёскі, за якой поле. Калісьці там пасвілі мясцовых кароў. І бязмежны ціхі лес – цішыня, чыстае паветра, прастор.

«Тут не сумна, – кажа Галіна Мікалаеўна. – Вёска патрабуе працы. І калі ты робіш, бачыш вынік – гэта радуе».

На падворку дапамагае і сын Раісы Ягораўны – Андрэй Мікалаевіч, які жыве ў суседняй вёсцы. Заязджае да сваіх жанчын. Дзе патрэбна мужчынская рука, дапамагае. Унукі прыязджаюць – радуюць бабулю. І яна, седзячы на лавачцы, бачыць, як квітнее двор, як растуць дзеці, як працягваецца жыццё.

Калі ўвесь свет – усяго адзін двор

Вось і завіталі мы ў гэты куток. Пагутарылі з гаспадынямі, падзівіліся на ружы, пачулі спевы птушак. Пераканаліся: тут жывуць людзі, якія ўмеюць любіць зямлю, працаваць на ёй і захоўваць яе прыгажосць. Дзякуючы такім руплівым гаспадыням, як Барышавы, вёска жыве. Квітнеюць сады, цвітуць кветкі і гучаць галасы.

А галоўнае – тут ведаюць: сапраўдная прыгажосць не ў тым, каб мець многа, а ў тым, каб ствараць радасць для тых, каго любіш. Нават калі гэты свет – усяго адзін двор.

Тэкст: Надзея Зуева
Фота аўтара

 

 

Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.


Exit mobile version