Танцавальнае сяброўства
Няўдалая прышчэпка, зробленая ў 5-месячным узросце, ледзь не загубіла жыццё і будучыню Соні Праздновай. Аднак інвалідная каляска не стала перашкодай на шляху да поспеху. Дзяўчына не проста танчыць, але ў пары з цёзкай Соняй Бранько заваёўвае каштоўныя медалі для нашай краіны на міжнародных конкурсах.
Соня Празднова танчыць з 7 гадоў, Соня Бранько – з 5, а 4 гады таму воляю лёсу ўтварыўся інклюзіўны дуэт «Magicgirls», аб чым дзяўчаты ўспамінаюць з радасцю. Дзве Соні пазнаёміліся ў 2011 годзе, калі бацькі Соні Праздновай вырашылі павіншаваць суседзяў з Новым годам. Так пачалося сяброўства, у якое пазней трывала ўвайшлі танцы. «Я займалася ў калектыве, дзе былі мамы і дзеці, – расказвае Соня Празднова. – А для чэмпіянату ў Нідэрландах спатрэбілася знайсці партнёра». Так атрымалася, што партнёр Соні Бранько як раз перастаў займацца танцамі, знайсці іншага ў кароткі тэрмін было не так проста. І дзяўчынкі аб’ядналіся ў дуэт.
Калі толькі даведаліся пра чэмпіянат, паўстала пытанне аб падрыхтоўцы. Трэнер, з якім займалася дзяўчынка-калясачніца, не змагла паставіць танец для пары, паколькі сама перасоўваецца такім жа чынам, а растлумачыць асаблівасці парнага руху для інклюзіўнага дуэта не ўяўлялася магчымым. «Трэба было выходзіць з сітуацыі, – успамінае мама Соні Бранько Ірына. – Я прыйшла ў клуб, дзе займалася дачка, і звярнулася да трэнераў. Мне далі тэлефон настаўніка, які калісьці танцаваў з калясачніцай. Ён прыехаў і без асаблівых праблем паставіў рухі». З таго часу дзяўчынкі і трэніруюцца пад кіраўніцтвам Аляксандра Шаблоўскага. Дарэчы, у тым спаборніцтве яны заваявалі два 1-х месцы адразу, хоць рыхтаваліся менш чым 2 месяцы. На чэмпіянаце танцоркі апынуліся самымі малодшымі. Соні Праздновай было 12 гадоў, яе сяброўцы – усяго 10.
Дарэчы, пасля першага выступу на маштабным чэмпіянаце сем’і дзяўчат прынялі рашэнне купіць спецыяльную танцавальную каляску для Соні. На той момант яна каштавала 3 000 еўра. Затым доўга збіралі грошы. «Дапамога ў асноўным была адраснай, – успамінае Ірына Бранько. – На адным з ток-шоу з часткай сумы дапамагла жанчына, якая займаецца бізнесам, затым газета «Вечерний Минск», на працы мужа таксама не засталіся ў баку». Мінулай вясной, калі чарговы раз прыяцелькі прыехалі на чэмпіянат у Нідэрланды, была замоўлена доўгачаканая каляска. Новая, лёгкая, танцавальная – круціцца адным пальчыкам. Менавіта так Соня апісвае свой новы набытак. Для параўнання, старая каляска важыла 15 кг, новая мадэль – усяго 3 кг.
На жаль, не абышлося і без непаразуменняў. На адным з апошніх спаборніцтваў, падчас выканання венскага вальса, Соня Празднова няўдала адхілілася і з-за вялікай хуткасці кручэння павалілася на падлогу. Але яны хутка выправілі сітуацыю, не разгубіліся і датанцавалі нумар. А потым выканалі яшчэ два. «Упаўшы з каляскі, Соня стукнулася галавой аб паркет, таму мы перажывалі, што арганізатары здымуць іх з спаборніцтваў. На шчасце, абышлося», – распавядае Ірына Бранько. Але ў выніку з чвэрцьфіналу сябровак выпусцілі адразу ў фінал, дзе дзяўчынкі заваявалі 1-е месца.
Цяпер на іх рахунку мноства перамог. Вось толькі малая частка: 1-е месца на чэмпіянаце «Holland Dans Spektakel» у 2015 го-дзе, перамога ў «World Inclusive Dance Festival – 2016» у Браціславе (Славакія), лаўрэаты I ступені на IV Міжнародным танцавальным фестывалі «Inclusive Dance-2016» у Маскве ў намінацыі «Бальны танец – інклюзіўная пара – дзеці». Дзяўчаты былі ўдзельніцамі Міжнароднага фестывалю для дзяцей з бязмежнымі магчымасцямі «Мы Можам» ад дабрачыннага дома «Добрыя Людзі» ў Санкт-Пецярбургу ў 2017 годзе. У гэтым годзе ў іх – 3 залатыя медалі. У планах – удзел у фестывалі ў Маскве сёлета ўвосень.
Танцавальная праграма дзяўчат рознабаковая. У еўрапейскую праграму ўваходзяць вальс, павольны вальс, танга і квік-стэп. Лацінаамерыканская ўключае самбу, ча-ча-ча, румбу і джайф. Адным з любімых сваіх нумароў танцоркі лічаць танец «Два лебедзя». Мама Соні Бранько ўспамінае, як дарослыя і, здавалася б, многае пабачыўшыя ў жыцці члены журы са слязамі на вачах глядзелі на выступленне. Дарэчы, менавіта яна шые касцюмы для новых нумароў, хоць да швейнай справы па прафесіі не мае дачынення. «Я доўга думала, якія ж зрабіць касцюмы для пастановачнага нумара “Абуджэнне”. Спынілася на тканіне ў гарох. Касцюмы атрымаліся вельмі запамінальнымі. Наогул стараюся творча падыходзіць да справы», – гаворыць Ірына.
Дарэчы, відэа танцавальных нумароў дзяўчынак можна знайсці ў інтэрнэце. Доўгі час яны вялі свой ютуб-канал, але, на жаль, паўтара гады таму з-за зламанага кампутара страцілі доступ да акаўнта. Новыя нумары дзяўчат, адпаведна, там не ўбачыш. Аднак выступы танцорак можна пабачыць ужывую, бо яны даволі часта выступаюць на адкрытых танцпляцоўках.
Адным з самых эмацыйна насычаных мае суразмоўцы называюць выступ на міжнародным танцавальным вечары-канцэрце з удзелам харэографа-пастаноўшчыка Яўгена Папунаішвілі. Цікава, што за выступ юным танцоркам нават заплацілі ганарар. «Вядома, дзяўчынкам хацелася б часцей прымаць удзел у фестывалях і чэмпіянатах», – кажа Ірына Бранько. Але шмат што залежыць ад фінансавання. «Напрыклад, нядаўна мы хацелі паехаць у Сочы, там праходзіў адзін з этапаў Маскоўскага фестывалю, – падхоплівае Соня Празднова. – Але не склалася». Сапраўды, толькі частка мерапрыемстваў аплочваецца арганізатарамі, большасць – асабістая ініцыятыва выступоўцаў. «Мы вельмі ўдзячныя ў гэтым плане Пасольству Беларусі ў Нідэрландах. Апошнія тры гады яно дапамагае нам у паездках у гэтую краіну», – кажа Ірына. Пасольства шукае спонсара ў Нідэрландах, які аплачвае ўдзел у чэмпіянаце і пражыванне ў краіне. Кампанія «Белавія» прадастаўляе бясплатныя квіткі для пералёту. «А першы год мы ездзілі на машынах. Гэта была авантура. Проста селі і паехалі», – з усмешкай ўспамінаюць мае суразмоўцы.
Соня Бранько таксама асобна займаецца з партнёрам і ездзіць на конкурсы. Але прызнаецца, што надае гэтаму значна менш часу, чым трэніроўкам з сяброўкай. Займаюцца тады, калі ёсць вольны час. Перад важнымі выступамі – кожны дзень. Дзяўчаты вучацца ў розных школах. Соня Бранько – у харэаграфічным класе школы № 43. Соня Празднова – у інклюзіўным класе школы № 130 імя Рут Уолер, гэта абумоўлена тым, што ў установе створана безбар’ернае асяроддзе.
Пераклікаюцца інтарэсы дзяўчат ў розных сферах: абедзве малююць, абедзве амбіцыйныя і мэтанакіраваныя. Мае суразмоўцы ўпэўнена кажуць, што нават калі б і не танцавалі, усё роўна б мелі зносіны і адна другой дапамагалі. А захапленне харэаграфіяй усяго толькі дадатак да самага важнага – сяброўства.
Вольга НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ
Фота з архіва Соні ПРАЗДНОВАЙ і Соні БРАНЬКО
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.