«Сыну важна, каб яго абаранілі». Хлопца з інваліднасцю пакрыўдзілі, але справу закрылі

Поддержи

Рубрика : Эксклюзив.

У рэдакцыю газеты «Вместе!» звярнулася Валянціна Бічыкава, старшыня Мазырскай арганізацыі «БелАДДзІіМІ». Яна распавяла гісторыю маладога хлопца з ДЦП, якога пакрыўдзілі сябры. Сям’я стала настойваць на адміністрацыйным пакаранні хлопцаў, але, як аказалася, гэта зрабіць не так проста. Словы чалавека з інваліднасцю ставяцца пад сумнеў, калі ён стаіць на ўліку ў псіхіятра.

Сям’я, дзе пануе любоў

Кірыл жыве ў Мазыры. Яму 22 гады, мае ДЦП і 2-ю групу інваліднасці. «Як і іншыя дзеці з інваліднасцю, старэйшыя за 18 гадоў, ён стаіць на ўліку ў псіхіятра. Пры гэтым медыкаментознага лячэння ён ніякага не атрымлівае», – распавядае Валянціна Бічыкава. Кірыл працуе дворнікам, а ў вольны ад працы час займаецца паўэрліфтынгам, армрэслінгам.

«Мама яго выхоўвала так, што на яе прыкладзе трэба выхоўваць іншых дзяцей, – распавядае Валянціна Бічыкава. – Яна поўнасцю падрыхтавала яго да дарослага жыцця».
Людміла Вернахаева, мама Кірыла, працуе медсястрой у паліклініцы. Выхавала сына адна. Яна заўсёды ведала яго цягу да кантактавання са здаровымі людзьмі, таму адпускала яго на шпацыры па горадзе аднаго.

/

«Я проста была ўдзячна ім за тое, што пры сустрэчы на вуліцы яны казалі: «Прывітанне, Кіруха» і працягвалі руку, каб павітацца».

/

«На вуліцу ён ходзіць заўжды, –  дзеліцца Людміла. – Я яго выпускала, хоць і вельмі за яго баюся. Але разумела, што, калі я яго пасаджу і не буду выпускаць, для яго гэта будзе толькі горш. Ён пасябраваў са здаровымі хлопцамі. Магчыма, тым мамам, у якіх здаровыя дзеці, зразумець гэта цяжка. Але я проста была ўдзячна ім за тое, што пры сустрэчы на вуліцы яны казалі: «Прывітанне, Кіруха» і працягвалі руку, каб павітацца».

«Ружачкай парэжу табе жывот»

Выпадак, які ўскалыхнуў сям’ю, здарыўся 23 мая. Кірыл вярнуўся дадому пазней, чым звычайна. Людміла кажа, што яго твар быў чырвоны, каля вока быў ледзь заўважны сіняк. Калі яна запытала, што здарылася, Кірыл неахвотна распавёў, што сустрэўся з кампаніяй, дзе былі некалькі хлопцаў і адна дзяўчына. Паводле слоў Кірыла, падчас шпацыру хлопцы прыціснулі яго да плоту, адзін разбіў бутэльку і сказаў: «Я зараз разаб’ю гэтую бутэльку і ружачкай парэжу табе жывот».
– Я ніколі не чула ад свайго сына слова «ружачка», – дзеліцца Людміла. – Я разумела, што ён недзе проста пачуў гэты выраз. Ён прасіўся, каб яго адпусцілі, казаў: «Адпусціце, я ж інвалід». Па словах Кірыла, гэта ўсё рабіў адзін хлопец, усе астатнія проста стаялі і глядзелі. Пасля ўсе перасунуліся ў іншае месца, дзе на Кірылу надзелі капюшон на галаву і душылі, пабілі вока.

Калі Людміла пачула гэты аповед, то адразу выклікала міліцыю. Міліцыянер прыехаў. Пабачыўшы на твары лёгкі сіняк, даў накіраванне на экспертызу. Гэта была субота, а на экспертызу можна было паехаць толькі ў панядзелак. Калі Кірыл яе пайшоў праходзіць, на твару сіняка ўжо не было. «Мяне турбавалі больш здзекі з майго сына», – кажа Людміла. Жанчына хацела, каб з хлопцамі правялі нейкую гутарку, каб у Кірыла папрасілі прабачэння. Але такога не здарылася.

Пасля Людміла распавядае, што яе сужыцелю патэлефанаваў міліцыянер і ўдакладніў, ці з’яўляецца Кірыл інвалідам. Аляксандр сказаў, што так. Тады ў слухаўцы пачулася наступнае: «Дык чаму ён не сядзеў дома?»

На допытах маладыя людзі не пацвердзілі словы Кірыла. Экспертыза не паказала сляды збіцця. Справу ў хуткім часе закрылі, бо там не было адміністрацыйнага правапарушэння.

/

«Так, у яго ёсць лёгкае ментальнае парушэнне. І што? Значыць, яму нельга верыць? Прынамсі, мой сын працуе і сплачвае падаткі дзяржаве».
/

Абскарджванне ў пракуратуры

Людміла скарысталася сваім правам абскардзіць рашэнне міліцыі ў пракуратуры. Яна прыйшла туды, распавяла пра сітуацыю і напісала заяву. «У пракуратуры мяне запыталі, ці звязаны дыягназ Кірыла з псіхічнымі захворваннямі. Так, у яго ёсць лёгкае ментальнае парушэнне. І што? Значыць, яму нельга верыць? Прынамсі, мой сын працуе і сплачвае падаткі дзяржаве».

Тым часам, аднойчы, калі хлопцы з кампаніі сустрэлі Кірыла на вуліцы, сказалі, каб ён прасіў у іх прабачэння на каленях, каб яны знялі гэта на тэлефон. Сужыцель Людмілы пад’ехаў і паразмаўляў з хлопцамі, запісаўшы ўсё на дык-
тафон. Там хлопцы прызналіся, што сапраўды жартам нібыта душылі Кірыла капюшонам.

«Я зноўку пайшла ў пракуратуру і сказала, што ёсць запіс, які пацвярджае, што хлопцы здзекаваліся з Кірыла. Я патлумачыла ўсё ў пракуратуры. Мне сказалі, каб я гэты запіс скінула на дыск і далучыла яго да новай заявы. Я ўсё так і зрабіла. Пасля прыйшоў адказ, што пракуратура не займаецца адміністрацыйнымі запытамі, а 15 сутак, адведзеных законам, ужо прайшло».

– Я ж чатыры разы туды прыходзіла з заявай, – абураецца Людміла. – Чаму мне ніхто не сказаў адразу, што пракуратура не займаецца адміністрацыйнымі справамі? Ды я не хацела, каб заводзілі крымінальную справу. Тым больш, калі я пісала заяву ў першы раз, у тэрміны я ўклалася. Зразумела, што прайшло два месяцы, таму справу раскрыць немагчыма.
У Офісе па правах людзей з інваліднасцю ў такім выпадку прапанавалі напісаць заяву ў суд і патрабаваць суму за маральную шкоду. Людміла не хоча на гэтай справе зарабіць, таму думае, каб у заяве пазначыць рубель. Яна хоча, каб была справядлівасць.

Абараніць сына

– Я ж ніколі не звярталася ў міліцыю, – кажа Людміла. – Хоць Кірыл нацярпеўся шмат чаго… Памятаю, як яго закідалі камянямі, калі ён ехаў на ровары. Яму шмат прыйшлося чаго перажыць, ён не стаў праз гэта помслівым. Але зараз я бачу, што сыну важна, каб яго абаранілі тут. Я пайду яшчэ раз да галоўнага пракурора, пайду без заявы, проста па-чалавечы.
Запытала ў Людмілы, чаму, на яе думку, здарылася такая сітуацыя. «Яны паверылі дарослым, здаровым хлопцам, – з горыччу кажа Людміла. – Магчыма, можна падумаць, што калі ён інвалід, то, значыць, можа падмануць».

Кірыл саму сітуацыю перажыў, схадзіў да псіхолага. Але час ад часу пытае ў Людмілы: «Мама, але ж іх накажуць?»…

 

 

Вікторыя Чаплева

Фота з асабістага архіва суразмоўцы

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.