«Сярод нас – сапраўдныя героі». Жабінкаўшчына святкавала 35-я ўгодкі з часу ўтварэння Беларускага таварыства інвалідаў
У гэтыя дні амаль ва ўсіх рэгіянальных арганізацыях грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” адзначаецца прыгожая дата – 35-я ўгодкі з часу ўтварэння Беларускага таварыства інвалідаў. Днямі і Жабінкаўшчыну не абмінула падобнае свята.

Сімвалічна, што вечарына, прымеркаваная да адметнага юбілею, ладзілася ў кінатэатры «Юбілейны» і мела назву «Мы – разам!». Бо свята насамрэч ні на хвіліну не пакідала прысутных. А яшчэ было адчувальна, як з кожным словам і музычным акордам узмацняецца адчуванне еднасці ўсіх, хто сюды завітаў. На сустрэчу прыйшлі сапраўдныя сябры – не толькі члены таварыства, але і добразычліўцы, што дораць часцінку сваёй увагі і клопату людзям з інваліднасцю.

За час існавання раённая арганізацыя, якую ўзначальвае Анжэла Шыкунец, аб’яднала прадстаўнікоў розных узростаў. Многія з іх вызначаюцца талентамі, і ў гэтым мог пераканацца кожны. Дастаткова было перад пачаткам мерапрыемства зірнуць на выставу вырабаў, створаных рукамі членаў БелТІ і Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Да слова, таварыства падтрымлівае добрыя зносіны таксама з аддзеламі і службамі райвыканкама, Чырвоным Крыжам, прафесійнымі саюзамі і іншымі арганізацыямі, што спрыяюць, каб людзі з інваліднасцю не адчувалі сябе абдзеленымі ды адзінокімі ў жыцці.

Пра тое не раз згадвалася на імпрэзе. З цёплымі словамі да прысутных звярнуўся кіраўнік раёна Андрэй Кузьміч. Ён назваў віноўнікаў свята сапраўднымі героямі, якія кожнаму падаюць прыклад, як супрацьстаяць бедам, ды асобна падзякаваў за тое, што арганізацыя штодня робіць свой пасільны ўнёсак у развіццё раёна. З асаблівай удзячнасцю Андрэй Мікалаевіч уручыў узнагароды – Лісты падзякі райвыканкама. За актыўную шматгадовую грамадскую дзейнасць іх уладальнікамі сталі Лідзія Філіпаўна Варабей і Валянціна Іванаўна Качко, Георгій Георгіевіч Селюкоў і Валянціна Паўлаўна Чарнейка. За доўгія гады яны заслужылі вялікую пашану, для ўсіх старшыня райвыканкама знайшоў асобныя словы падзякі, якія выказаў пры ўручэнні ўзнагарод. Сярод уганараваных была і кіраўнік грамадскай арганізацыі Анжэла Шыкунец, якая, са свайго боку, выканала прыемную місію – агучыла і ўзнагародзіла Падзякамі ад імя сваёй арганізацыі прадпрыемствы і іх працаўнікоў, што вызначыліся найбольшай дабрачыннасцю. Так, дабрыня – гэта маяк, што свеціць тым, хто чакае дапамогі. Таму ў ліку ўганараваных – камбікормавы завод, які ўзначальвае Ігар Лабада, і сельгастэхніка (дырэктар – Уладзімір Дземідзюк), сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ААТ «Вазнясенскі» і «Рагазнянскі» (кіраўнікі – Надзея Кандрацюк і Ганна Плытнік). Акрамя таго, з асаблівай чуласцю Анжэла Міхайлаўна падзякавала артыстам ГДК, якія дапамаглі стварыць гэтае свята, і прадстаўнікам цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы за арыгінальнае віншаванне. Дзякуючы нашым бібліятэкарам свае добрыя словы з нагоды 35-годдзя Беларускага таварыства інвалідаў даслалі… знакамітыя літаратурныя героі.

На працягу ўсёй вечарыны пажаданні здароўя і шчасця, надзеі ды росквіту перамяжоўваліся з музычнымі нумарамі, якія шчодра дарылі самадзейныя артысты. Зноў і зноў сваёй шчырасцю краналі песні ў выкананні дуэта Вольгі і Сяргея Аксютаў ды салістак Алены Кузьміч і Марыны Манішка. Салёнымі марскімі хвалямі раптоўна павеяла ад спеваў барда Аляксандра Рыб’якова. Уласны кранальны верш-прысвячэнне прачытаў Вячаслаў Фядотаў. Як заўжды, даслаў сваё гожае песеннае віншаванне народны хор «Тонус» пад кіраўніцтвам Людмілы Дошчык. А затым сапраўды разгарнулася ва ўсіх душа, калі за справу ўзяўся міні-тэатр песні і гумару «Спявай, душа!».
З дапамогай добрых людзей свята ўдалося на славу. Далучаемся і мы да ўдзячнасці ў адрас неабыякавых асоб. Ствараць дабро бывае так проста – трэба толькі захацець зрабіць гэты свет крыху лепшым і памятаць, што ў ім жывуць тыя, каму патрэбна наша дапамога.
Анатоль Бензярук
Фота Наталлі Аляксейчык
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.