Сяргей Драздоўскі: «Нас чакаюць праблемы ўвосень»

Што адбываецца зараз з людзьмі з інваліднасцю ў сацыяльным і прававым полі? Пра гэта распавёў Сяргей Драздоўскі, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю на дыстанцыйным семінары «Мы не стомімся паўтараць».
Што адбываецца ў галіне права сёння?
Шмат каго цікавіць лёс законапраекта «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Ён быў прыняты ў першым чытанні дэпутатамі. «Гэта не закон аб правах, гэта закон аб сацыяльнай абароне, – кажа Сяргей. – Закон працягвае замацоўваць медыцынскі падыход да інваліднасці. Было важна, каб з’явіліся нормы дыскрымінацыі, каб чалавек, які пацярпеў, змог вызначыць: было там месца для дыскрымінацыі ці не? Але апошнія нашы перамовы з камісіяй кажуць пра тое, што, хутчэй за ўсё, у асенняй сесіі закон будзе прыняты». Таксама, на думку Сяргея, закон працягвае падтрымліваць стэрэатып, што ёсць «нармальныя» інваліды, а ёсць – «псіхічныя».
Нагадаем, што ў Беларусі дзейнічае такая юрыдычная практыка, што ніводная дэкларацыя, ці нават Канстытуцыя не з’яўляецца асновай для прыняцця рашэння ў судзе. «У нас проста склалася такая прававая традыцыя, – тлумачыць Драздоўскі. – Дарэчы, ЗША доўгі час не хацелі падпісваць Канвенцыю таму, што іх закон намнога больш жорсткі, чым Канвенцыя. Там прынялі яе, хутчэй, праз міжнародную салідарнасць».
Беларусь адмовілася падпісваць факультатыўны пратакол да Канвенцыі. Абгрунтаванне гэтага было ў тым, што такі пратакол у выніку можа стаць палітычным рычагом ціску на Беларусь. Гэты пратакол дае магчымасць чалавеку з інваліднасцю, калі суд унутры краіны не задаволіў яго патрабаванні, падаваць позву ў міжнародны суд па правах чалавека.
Канвенцыя не стварае новых праў для людзей з інваліднасцю. Дык пытанне: а для чаго яна патрэбна? Сяргей кажа, што ў той жа час нідзе не прапісаны правы настолькі падрабязна, як там. Дык ці можа сёння чалавек з інваліднасцю спасылацца на Канвенцыю? Сяргей кажа, што можа і мусіць. Канвенцыя не прыйдзе і не вырашыць праблему канкрэтнага чалавека.
/
Канвенцыя – гэта прапісаны шлях, па якім нам трэба рухацца, гэта дазволіць нам дасягнуць прагрэсу. Плюс падпісання Канвенцыі ў нашай краіне яшчэ і ў тым, што яе прачытала шмат людзей. Сяргей кажа, што калі прыйсці ў выканкам і сказаць там пра яе, то, хутчэй за ўсё, пра яе там чулі.
/
Пандэмія і беларусы з інваліднасцю
«У Беларусі зараз, змагаючыся з пандэміяй, на жаль, высноў ніхто не робіць. У нас няма статыстыкі, з якой было б бачна, колькі людзей з інваліднасцю перахварэла, колькі людзей памерла…». Паводле заявы ААН, у групе рызыкі зараз знаходзяцца людзі з сардэчна-сасудзістымі хваробамі, з імуннымі захворваннямі, уразлівымі групамі насельніцтва з’яўляюцца тыя, хто хварэе на цукровы дыябет.
Калі асноўная мера засцярогі – гэта самаізаляцыя, то для людзей з інваліднасцю гэты метад амаль не спрацоўвае: «Якім чынам можа ізалявацца чалавек на колах? Як можа ізалявацца невідушчы чалавек, які ходзіць навобмацак? Што рабіць чалавеку, які не чуе і прывык чытаць па вуснах, а зараз на іх – маскі? Як быць з псіхічна хворымі людзь-
мі, якім не патлумачыш, чаму нельга зараз абдымацца, а трэба пастаянна мыць рукі?».
Таксама праз пандэмію зараз людзі з інваліднасцю адмаўляюцца ад рэабілітацыі і лячэння. Напрыклад, тры разы на тыдзень ездзіць на гомадыяліз – гэта рызыка. «Калі людзі адмаўляюцца ад наведвання паліклінік, з аднаго боку, яны ратуюцца ад каронавіруса, а з іншага – пазбаўляюцца дапамогі. Наступствы будуць пазней. Нас чакаюць праблемы ўвосень. Галоўнае дасягненне – гэта эканамічны крызіс. Сацыяльны складнік – гэта першае, што будзе цярпець пры ім».
/
Драздоўскі кажа, што велізарная праблема заключаецца ў тым, што ніхто не дае ніякай інфармацыі.
/
«Чалавек з інваліднасцю, які перахварэў на вірус, не можа прыйсці да нас у эфір і падзяліцца сваёй гісторыяй. Усе баяцца. Адзіная інфармацыя, якой мы валодаем, – гэта інфармацыя па інтэрнатах. Але і тут ніхто не хоча публічна дзяліцца. Персанал баіцца страціць працу, а пастаяльцы баяцца невядомасці».
Што рабіць?
Сяргей Драздоўскі бачыць выйсце найперш у згуртаванні людзей з інваліднасцю. Зараз гэта патрэбна як ніколі. Зараз самы час прызнаць, што ва ўсіх людзей з інваліднасцю адзін корань.
«Ніякі камісар з ААН не прыйдзе і не выправіць сітуацыю, – кажа Сяргей Драздоўскі. – Застаецца толькі напружвацца самім. Трэба ставіць нязручныя пытанні адно аднаму. Выпрацоўваць агульную пазіцыю. Нам трэба ўплываць на дзяржаву, каб выконвалася Канвенцыя, асабліва зараз. Каронавірус даказаў, што права чалавека – гэта першасная праблема, яе трэба вырашаць».
Вікторыя Чаплева
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.