Сяргей Драздоўскі: «Газета – гэта каштоўнасць, і пакуль няма таго, чым мы можам яе замяніць»

Поддержи

Сяргей Драздоўскі, намеснік старшыні Беларускага таварыства інвалідаў, памятае газету «Вместе!» яшчэ тады, калі яна называлася «Нашай доляй». Да 30-годдзя выдання мы разам з ім паразважалі аб мэтазгоднасці існавання такога кшталту СМІ, перавагах і недахопах газеты.

Сяргей Драздоўскі

– Ці павінна ў сучасным свеце існаваць прэса для людзей з інваліднасцю? Ці не супярэчыць гэта ідэям інтэграцыі?

– Я перакананы, што такога кшталту СМІ мусяць існаваць. Гэта не з’яўляецца намаганнем звесці людзей з агульнай масы, а, наадварот, дадае інфармацыю да агульнага поля. На самой справе, шмат інфармацыі, якая тычыцца людзей з інваліднасцю, і так трапляе ў СМІ. А выданні для людзей з інваліднасцю – гэта прыклад таго, як такая інфармацыя павінна падавацца: у якім ракурсе, з якім акцэнтам, па якіх прынцыпах. Важным яшчэ з’яўляецца і той факт, што такога кшталту газеты часцей за ўсё выходзяць пад кантролем аб’яднанняў людзей з інваліднасцю.

– Так мусіць быць?

– Думаю, што так. Гэта спосаб яшчэ раз усім нагадаць пра прынцып «нічога для нас без нас». Па-другое, па нашых даследаваннях, тэма інваліднасці ў прэсе складае 2 % ад усіх іншых тэм, а гэта шмат. Тут іншае пытанне: пра што пішацца і як пішацца ў СМІ на гэтую тэму. Нават па зваротах людзей да нас можна зрабіць выснову, што людзі не знаходзяць у звычайных СМІ той інфармацыі, якая яму патрэбна. Чалавек не знаходзіць у гэтых артыкулах тое, што ён хоча. Дык куды яму ў такім выпадку звяртацца? Канечне ж, у спецыялізаваныя выданні. Чаму я кажу, што ёсць уплыў з боку таварыства інвалідаў? Бо гэта спосаб адваротнай сувязі. Гэта рэакцыя на актуальную інфармацыю і запыты сярод інвалідаў. І трэцяе: такога кшталту газеты часта з’яўляюцца спосабам вырашэння нябачных праблем, бо ў нас дагэтуль захоўваецца так званая нябачная прысутнасць людзей з інваліднасцю. Калі ў краіне паўстаюць палітычныя ці эканамічныя пытанні і няроўнасці, то пытанні па людзях з інваліднасцю неяк знікаюць. А дзе ж ім браць інфармацыю ў такім выпадку? Аказваецца, толькі ў спецыялізаваных выданнях, у тых СМІ, якія ўтрымліваюць дакладна пазіцыі інфармавання па праблеме. Думаць аб тым, што прагал у інфармацыі могуць замяніць сайты грамадскіх арганізацый, не варта. Так, на сайтах праходзяць і навіны, і ўнутраная інфармацыя, якая ў СМІ не праходзіць, але такія сайты – гэта не СМІ. Гэта не той рэсурс, які ты будзеш праглядаць раз на тыдзень і шукаць важную для сябе інфармацыю. Тое ж самае магу сказаць і пра блогерскі рух. Ён больш абслугоўвае момантавае ўспрыманне інфармацыі. Калі ў нашай газеце можна прачытаць на разварот артыкул, пабачыўшы там эмоцыі і ўспаміны, то ў роліку блогера гэта пабачыць немагчыма. Газета для людзей з інваліднасцю – гэта незапаўняльная ніша, прытым не толькі ў нашай краіне.

– А які досвед іншых краін?

– У Дзюсельдорфе – а гэта не проста буйнейшая міжнародная выстава рэабілітацыйнай тэхнікі, а буйнейшы еўрапейскі форум, праз які ў дзень праходзіць да мільёна чалавек – практычна на ўсіх сталах ляжаць або перыядычныя выданні, або бюлетэні, або часопісы. У Еўропе выходзіць шмат такіх выданняў, многія з іх прысвечаны канкрэтным сферам інваліднасці: жыццё з дыябетам, анкалогіяй… Так, у многім яны пераходзяць зараз у Інтэрнэт. Тым не менш, на выставах мы пастаянна бачым папяровыя версіі. Так, гэта не шматтысячныя тыражы і не пастаянная перыядычнасць (выданні часцей штомесячныя і штоквартальныя). Напрыклад, калегі з Саюза інвалідаў у Германіі выпускаюць газету, але прымяркоўваюць яе да пэўных падзей. Тут важна разумець, што сярэдні вобраз чалавека з інваліднасцю ва ўсіх краінах – гэта сталы чалавек. Ты проста не можаш сказаць такому чалавеку, каб ён пераходзіў у Інтэрнэт.

/

Для многіх чытанне газеты – гэта культура. Пазбавіць такой культуры чалавека – гэта гвалт. Тое ж самае адбываецца і з нашай газетай. Калі я размаўляю з чытачамі, то разумею, што для многіх важна, каб газета была на стале, важна, калі з’яўляецца публікацыя пра арганізацыю чалавека ці пра яго самога. Ён будзе захоўваць гэты нумар і паказваць сваякам. Газета – гэта каштоўнасць, і пакуль няма таго, чым мы можам яе замяніць.

/

 

– Але зразумела, што за выпуск такой каштоўнасці ў сучасным свеце трэба плаціць. Хто, на ваш погляд, мусіць гэта рабіць?

– Газета «Вместе!» – наша, бо гэта спосаб найперш гучання нашага голасу і выказвання нашых меркаванняў. Яна задумвалася як унутранае выданне Таварыства інвалідаў. Калі раней і ўзнікалі пытанні з боку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, то на гэта мы казалі, маўляў, гэта наша меркаванне, таму рэагуйце на яго. Большасць замежных выданняў якраз падтрымліваюцца арганізацыямі людзей з інваліднасцю. Так, ёсць незалежныя выданні, але іх меншасць. Як правіла, такія рэдакцыі находзяць фінансавую падтрымку ў дзяржаве. Дзяржава ў такім выпадку зацікаўлена, каб інфармацыя падавалася такім ці іншым чынам у СМІ. Наогул, у многіх краінах прыйшлі да разумення, што такую газету чалавек у цяжкім стане наўрад ці набудзе, таму важна, каб яна ляжала навідавоку ў патрэбным месцы: у бальніцы, у грамадскіх арганізацыях, асабліва лакальных, якія ніколі не дойдуць да выпуску сваіх друкаваных выданняў. Супольнасці ў ЗША, Еўропе, Аўстраліі і Кана-
дзе даўно зразумелі і прызналі карысць такога спосабу падтрымкі прэсы для людзей з інваліднасцю. У нас жа пастаянна кажуць, што ідзе недахоп інфармавання такой катэгорыі людзей. Гэта не азначае, што пра такія пытанні трэба прымусіць пісаць дзяржаўных журналістаў. Гэта азначае, што варта падтрымаць свабодную прэсу, якая б адказвала і за кантэнт, і за характар, і за мэтавую групу.

– Вы кажаце, што трэба, каб газета ляжала ва ўсіх арганізацыях, якія працуюць з нашай мэтавай аўдыторыяй. Але справа ў тым, што далёка не ўсе хочуць афармляць падпіску…

– Калі мы кажам пра беларускія арганізацыі, то праблема ў тым, што за ўсе 35 гадоў так і не адбылося саюза ці форума арганізацый, якія займаюцца людзьмі з інваліднасцю. Ніхто ў гэтым не прызнаецца, але гэта праўда. Арганізацыі жывуць у жорсткай канкурэнцыі ўнутры беларускай прасторы. З такой пазіцыяй вельмі цяжка прыйсці да таго, што патрэбна нейкая газета, якая б магла ўсіх аб’яднаць. Сёння кожная арганізацыя больш заклапочана сваім выжываннем, чым стратэгічным мысленнем. Бедны чалавек нават вялікія грошы растрачвае на момантавыя патрэбы. Так і арганізацыі жывуць з думкай, як бы не зачыніцца і вырашыць надзённыя праблемы. А пасля паўстае пытанне: «Чаму пра нас так мала ведаюць?» Дык вось, каб вырашыць гэтае пытанне, варта найперш падумаць пра выпісванне газеты.

– Вы як намеснік старшыні падтрымліваеце, што БелТІ мусіць дапамагаць людзям з інваліднасцю ў атрыманні газеты?

– Як чалавек я супраць гэтага. Я за тое, каб кожны выпісваў газету самастойна.

– Але ў кантэксце Беларусі пакуль гэта немагчыма…

– Вось я пра гэта і кажу. Мы маем тое, што маем. Пакуль газету немагчыма поўнасцю замяніць Інтэрнэт-рэсурсам. Скажу шчыра: часам мне шкада тых дрэў, якія пераводзім на паперу. Але каштоўнасць таго, што чалавек возьме з гэтай газеты, пакуль пераважае маё шкадаванне. У газету трапляе вялікая колькасць  матэрыялаў, якія важна, каб чалавек прачытаў. Да таго ж, мы маем не так шмат магчымасцей сустракацца, абменьвацца навінамі і ідэямі. А газета якраз спрабуе гэта замяніць.

– Чым партал для людзей з інваліднасцю павінен адрознівацца ад газеты?

– Партал не можа быць так званай лічбавай газетай. Калі ў газеты ёсць пэўная місія і структура каштоўнасцей, то гэта ж становіцца місіяй і структурай каштоўнасцей партала. Чакаць
значнага прыросту чытачоў цяжка таму, што тыя людзі, якім цікава гэтая інфармацыя, больш схільны да чытання газеты. Але прытым памятаем, што немагчыма намаляваць партрэт чалавека з інваліднасцю і падладзіць пад яго набор інтанацый і публікацый. Наш чытач хоча атрымліваць жорсткую і праўдзівую інфармацыю. Ён хоча бачыць сябе ў гэтым артыкуле. І гэта не віна матэрыяла, што жыццё чалавека горшае, чым піша журналіст.

/

Я магу сказаць дакладна: кожны год з’яўляюцца людзі, якія хочуць стварыць такі рэсурс, які б ахопліваў усіх людзей з інваліднасцю. Я тлумачу, што гэта немагчыма. Але ў Польшчы, напрыклад, ёсць такога кшталту партал: ён з’явіўся з бюлетэня, і яго вядзе чалавек з цяжкай формай інваліднасці. Ён збірае там усе магчымыя навіны ў сферы інваліднасці, але ты там не знойдзеш праблемнага матэрыяла, бо гэта не СМІ.

/

– Чаго, на ваш погляд, не хапае нашай газеце?

– Мне не хапае свабоды слова. Мне не хапае палітычнай павесткі ў газеце. Гэта пытанне той павесткі, якая патрэбна грамадству. Гэта пытанне інтанацыі. Немцы ў сваёй газеце могуць дазволіць аддаць 5-6 палос пад крытыку муніцыпалітэта і асобных чыноўнікаў, мы ж, канечне, гэтага зрабіць не можам, але газета павінна намагацца хоць нешта рабіць у гэтым накірунку. Проста дзеля таго, каб наша газета была паўнавартасным рупарам людзей з інваліднасцю.

– Што вы можаце пажадаць газеце?

– Па-першае, жадаю аптымізму, каб на фоне дэградацыі ідэі друкаваных СМІ наша газета захоўвалася. Па-другое, жадаю ўтрымліваць тую планку, якую мы зараз трымаем. Трэба трымаць  лінію, бо мы можам выказваць  пазіцыю Беларускага таварыства інвалідаў. Гэта газета павінна быць тым месцам, дзе кіпяць ідэі, ідуць спрэчкі і абмеркаванні. Зычу, каб у газеты была магчымасць знайсці свой унікальны партрэт і вобраз. І канечне ж, зычу, каб у газеты было менш цэнзуры з усіх бакоў. Хаця, канечне, я разумею, што гэта пажаданне больш да Дзеда Мароза. Хачу, каб у газеты з’явілася будучыня як у СМІ высокага міжнароднага стандарту. І, канечне, зычу росту тыражу, на зло ўсяму!

 

 

 

Вікторыя Чаплева
Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.