Свята з адценнем горычы

Поддержи

Некалькі гадзінаў дарогі ад Мінска да Магілёва – і вось ужо блізка Чавускі раён. Нагода для такой вандроўкі ёсць, ды яшчэ якая – свята ў Рэсцянскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Свята ці, дакладней кажучы, юбілей. Ужо немалы, значны, сур’ёзны – трыццаць гадоў. Для дома-інтерната гэта, натуральна, зусім не шараговая падзея. Праўда, у той дзень слова «інтэрнат» гучала не так ужо і часта. Казалі па іншаму – дом, нават хутчэй вось так – Дом. Сапраўдны прытулак для тых, хто без яго абысціся не можа. Для кагосьці – апошні прытулак, а для кагосьці – і адзіны.

Дырэктара дома-інтэрната Сяргея Дзмітрыевіча Ярошчанка і ўсіх супрацоўнікаў віншавалі намеснік старшыні магілёўскага камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мікалай Яўгенавіч Казакоў, намеснік старшыні чавускага райвыканкама Віталь Мікалаевіч Лебедзеў, старшыня Цэнтральнага праўлення БелТІ Уладзімір Пятровіч Патапенка, рэдактар часопіса «Алеся» Тамара Пятроўна Бунто ды іншыя. Пералічыць усіх, па шчырасці кажучы, няпроста, бо гэта заняло б значную частку газетнай старонкі.

Падчас святочнага канцэрта былі ўзнагароджаныя супрацоўнікі, якія працуюць у інтэрнаце ўжо некалькі дзясяткаў гадоў, а некаторыя – ад самага яго адкрыцця.

Спявалі для жыхароў дома-інтэрната артыст эстрады і кіно Георгій Воўчэк, артыст прадзюсерскага цэнтра «Спамаш» Аляксей Грос, народныя артысты Беларусі Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. Спявалі добра вядомыя і любімыя песні, так што зала не заставалася абыякавай. Як сказаў потым Аляксандр Ціхановіч, такія выступленні для артыстаў – проста душэўная патрэба, жаданне выступаць перад самымі ўдзячнымі слухачамі.

Але нават у прыемнай святочнай мітусні ўспамінаюцца мімаволі словы Сяргея Ярошчанкі: «Тут жывуць людзі з няпростымі лёсамі». Напэўна, іншага тут і быць не можа, і за пацвярджэннем не трэба далёка хадзіць. Вось маладая жанчына ў інваліднай калясцы. У інваліднай калясцы – і жвавая, рухавая, усмешлівая. Пра тое, ці проста жыць у інтэрнаце, наўрад ці ёсць сэнс пытацца, але вось Аксана (так завуць жанчыну) амаль радасна кажа, што сябе абслугоўваць яна можа сама. І гэтая самастойнасць тут, у доме-інтэрнаце, сапраўды прычына і для радасці, і для гонару.

Але інтэрнат застаецца інтэрнатам. Амаль перад самым ад’ездам я разгаварылася з Лідзіяй Ігнацьеўнай. Ёй ужо нямала гадоў – жанчына расказала, як падчас вайны яна хавалася ад немцаў у лесе, кідалася на зямлю і ляжала, не варухнуўшыся, каб не заўважылі… У інтэрнаце яна апынулася таму, што жыць адной стала вельмі цяжка. Хаця ёсць ў жанчыны і сын, і іншыя сваякі. Напрыканцы нашай размовы яна папрасіла:

– Дзетка, мілая, ты, як прыедзеш, напішы мне пісьмо. Пару словаў напішы, а я буду чакаць. Мне будзе што чакаць. Напішы, дзетка…

Ліст да Лідзіі Ігнацьеўны я, канешне, напішу. Але хто напіша іншым – састарэлым людзям і інвалідам, якім таксама няма чаго і каго чакаць?

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.