Свята чуйных сэрцаў
У аграсядзібе «Фальварак «У Рыся», што ў вёсцы Карэвічы на Свіслаччыне, 18 чэрвеня другі раз адбыўся Міжнародны дабрачынны этнафестываль для людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Музыка нашых сэрцаў». Ён ладзіцца ў межах праекта «Садзеянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», што фінансуе Еўрасаюз і здзяйсняе Праграма развіцця ААН. Гаспадары аграсядзібы Яніна і Рышард Козюкі пры падтрымцы дзяржавы, грамадскіх арганізацыяў, замежных партнёраў запланавалі і зладзілі маштабную падзею. І можна з упэўненасцю сказаць, што яна атрымалася.
Некалькі гадоў таму Яніна і Рышард пачалі ствараць аграсядзібу, куды маглі б прыехаць адпачыць людзі з інваліднасцю, пазней у іх з’явілася ідэя правесці цэлы фестываль, і вось вынік гэтый планаў. Фэст стаў своеасаблівым ідэальным светам, дзе на адзін дзень былі сцёртыя адрозненні паміж людзьмі – якімі б ні былі гэтыя адрозненні.

Летась фэст меў назву «Музыка дзіцячых сэрцаў», але гэтым разам у «Фальварак «У Рыся» прыехалі і дарослыя ўдзельнікі з розных куточкаў Беларусі і з іншых краінаў. На галоўную пляцоўку каля вялікага драўлянага карабля выходзілі калектывы і асобныя выканаўцы з Гродна, Дзятлава, Зэльвы, Мастоў, Мінска, Слоніма, Шчучына… На адной з імі сцэне спявала заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, і ўсіх з захапленнем сустракалі слухачы. На іншай пляцоўцы выступалі аматарскія і прафесійныя калектывы з Беларусі і суседніх краінаў.
Прыязна віталі і прадстаўнікоў Беларускага таварыства інвалідаў. Старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Васіль Васільевіч Лукашэвіч казаў пра важнасць такіх мерапрыемстваў, як фэст «Музыка нашых сэрцаў», бо «менавіта тут маладыя людзі стасуюцца, знаёмяцца, потым ствараюць сем’і…» А значыць, жыццё працягваецца!
Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Людміла Цімафееўна Калмыкова адзначыла:
– Удзел у фэсце – гэта перамога кожнага з нас. Мінская гарадская арганізацыя ў фестывальнае сугучча ўнесла сваю нотку. У нас дзейнічае студыя «Палітра радасці», і вось кавалачак гэтай радасці – працы яе ўдзельнікаў – мы прывезлі на фэст.
Працы «палітраўцаў» цягам дня можна было пабачыць сярод рамесных вырабаў з гліны, тканіны, бісеру… А


цягам усяго дня акурат насупраць нашай выстаўкі карцінаў пад умелымі рукамі запрошаных на фэст разьбяроў паўставалі з дрэва постаці людзей. Паводле легенды некалі ў гэтых мясцінах кіпелі бадай шэкспіраўскія жарсці: дзве шляхецкія сям’і варагавалі між сабою, а іх дзеці пакахалі адно аднаго.
Зрэшты, нават каб проста пералічыць усе цікавосткі фэсту, спатрэбіцца ладная частка газетнай старонкі. Напрыклад, на асобнай пляцоўцы ў фальварку створаная стаянка першабытнага чалавека, дзе можна было пабачыць самых сапраўдных першабытных людзей і, падобна, іх рытуальны танец – гэта было сапраўды відовішчна!
Непадалёк удзельнікі клуба славянскіх адзінаборстваў «Арыдан» ладзілі амаль сапраўдныя рыцарскія двубоі. Амаль – таму што мячы, хоць і зробленыя па ўзоры сярэднявечных, не былі заточаныя. Але сваю прыўкрасную панну з ліку глядачак кожны рыцар выбіраў насамрэч і калі перамагаў, то апускаўся перад ёй на адно калена. Праўда, апускаўся з цяжкасцю – не ад свайго высокага рыцарскага гонару, а з-за металічных накаленнікаў, што перашкаджалі згінаць ногі (затое ад удараў мяча абаранялі добра). Увогуле ж рыцары выказалі немалую стойкасць: каб змагацца на спёцы ў цяжкіх даспехах, патрэбная сапраўдная мужнасць.

Бадай што ўвесь дзень шпарка бегаў па фальварку і вазіў пасажыраў маленькі паравозік, якому не патрэбныя былі рэйкі. Можна было праехаць і на запрэжанай канём брычцы, альбо на гаспадарчым двары пагладзіць цёплую пысу таго ж каня, ці паглядзець зблізку на козачак, ці паназіраць за свойскімі птушкамі. Думаю, для гарадскіх жыхароў гэта было амаль бясцэнна.
Супольным святам жыцця назваў фэст старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько:
– Фестываль паказвае, што ўсё атрымаецца, калі за справу ўзяцца ўсім разам. Хоць мы і не падобныя адно на аднаго, аб’ядноўвае нас тое, што мы здольныя любіць, спачуваць, дапамагаць. А дзякуючы такім падзеям, як «Музыка нашых сэрцаў», мы можам лепей спазнаць сябе і іншых.
Гаспадыня аграсядзібы і заснавальніца сацыяльна-дабрачыннай установы «Дорогою добра» Яніна Козюк падзялілася сваімі разважаннямі пра фестываль, які, падобна, з’яўляецца справаю яе жыцця:

– Шмат разоў я задавала сабе пытанне: ці той справаю я займаюся? І кожны раз адказ быў адзін: так! Я хачу рабіць карыснае для Беларусі, каб мы жылі і квітнелі, каб мая краіна была прыгожая, здаровая і багатая. Тады я пачала са сваёй сям’і і з гэтай вёскі. Я выбрала варыянт будаваць бізнес у сферы агратурызму і перадаць яго ў спадчыну, пакінуць пасля сябе нешта карыснае. Ведаеце, у жыцці ўсялякае здараецца, часам мы можам збочыць з правільнай сцяжыны, але не губляйце веры. Асабіста мне дапамагала мне працягваць сваю справу ўсведамленне, што я люблю тое, чым займаюся. І гэта, на маю думку, адзіны спосаб рабіць вялікія справы – любіць тое, што робіш. Трэба толькі мець смеласць ісці за сваім сэрцам – яно падкажа правільны шлях.
Пакуль што фестываль «Музыка нашых сэрцаў» яшчэ зусім малады, несумненна, цягам наступных гадоў ён будзе расці і змяняцца. Але ўжо зараз ён з’яўляецца патрэбнай, неабходнай многім падзеяй, а гэта значыць, што шлях яму пракладаюць добрыя сэрцы.
Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара
На памяць ад фэсту засталіся прыемныя ўспаміны і цікавыя знаёмствы.
Чым болей я размаўляла з Галінай Адаська са Шчучыншчыны, тым мацнела ўражанне: яна нібыта жывое ўвасабленне словаў апостала Паўла «Заўсёды радуйцеся». І яе адчуванню жыцця не замінае інвалідная каляска.
– Так рада, што змагла сюды на фестываль прыехаць! За гэта дзякуй аддзяленню дзённага знаходжання для інвалідаў раённага ТЦСАН. Ведаю, што інваліды часта замкнутыя бываюць, саромеюцца – а я не саромеюся: куды запрасілі, туды паехала. Нядаўна на тыдзень ездзіла ў Балгарыю, у Польшчы была на фестывалі людзей з інваліднасцю. Сябры-літоўцы запрасілі ў Вільнюс – мы паехалі. Там у таварыстве інвалідаў нас сустракаюць так, што не хочацца з’язджаць. Увогуле ў мяне паўсюль сябры, у розных краінах. У аэрапорце ўжо смяюцца, калі мяне бачаць, – Галіна і сама ўсміхаецца, калі расказвае пра гэта. Спрабую даведацца сакрэт яе ўспрымання жыцця.
– Я і сама не ведаю, – здзіўляецца. – Проста не падаю духам, ад жыцця ўсё бяру. Вельмі люблю музыку, без яе жыць не магу, гэта мая радасць. Мае суседзі пытаюцца: «Калі ты ўсё робіш, цябе ж ніколі дома няма? Ты на калясцы, а мы за табою не паспяваем». А я і прыбіраю, і сціраю, і ў краму сама выбіраюся.
Трэба радавацца ўсяму, бо колькі таго жыцця? А нам жа Бог не толькі цяжкія дні дае, але і шчаслівыя. Хачу пажадаць: якія б вы ні былі – сляпыя, глухія, на мыліцах ці на хадунках – радуйцеся! Радуйцеся таму, што жывяце.
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.