Сцяжынамі беларускай міфалогіі…

Поддержи

Центр мифологического туризма, Музей мифов, экотропа В стране мифов, Березинский биосферный заповедник

Центр мифологического туризма, Музей мифов, экотропа В стране мифов, Березинский биосферный заповедник
Кладнік, ты там?

…можна прайсціся ў Бярэзінскім біясферным запаведніку на Лепельшчыне. У чэрвені там пачаў працаваць Цэнтр міфалагічнага турызму, дзе знайшлі прытулак і сталае месца працы рэліктавыя істоты казачнай Беларусі. Нашая газета ўжо пісала пра гэта напярэдадні падзеі, а цяпер прапануем чытачам на свае вочы пабачыць, як усё атрымалася. А калі нехта зацікавіцца – то і наведаць. Безумоўна, запаведны лес не можа пахваліцца рупліва і правільна створаным безбар’ерным асяроддзем, затое і штучна створаных перашкодаў там амаль што няма. Хіба што ветрам паваленае дрэва сцяжыну перакрые, але гэта, згадзіцеся, ужо іншая справа.

Цэнтр міфалагічнага турызму – гэта Музей міфаў і экалагічная сцяжына «У краі міфаў». У іх стварэнні супрацоўнікам запаведніка дапамагала Беларускае грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы» ды іншыя зацікаўленыя ідэяй «міфалагічнага» адпачынку арганізацыі. Праца ладзілася ў межах праекта «Садзеянне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай эканомікі», які фінансуе Еўрасаюз, а здзяйсняе Праграма развіцця ААН ра-зам з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Адна з мэтаў стварэння Цэнтра міфалагічнага турызму – навучыць людзей беражна ставіцца да прыроды, ну і, натуральна, распавесці пра міфалагічных істотаў, у якіх верылі нашыя продкі.

Центр мифологического туризма, Музей мифов, экотропа В стране мифов, Березинский биосферный заповедник
Балотнік і Кікімара – міфалагічная сямейная пара.

Асноваю Музея міфаў, як распавёў гісторык Зміцер Скварчэўскі, стала канцэпцыя Сусветнага дрэва. Тры залы музея – тры светы. Першая зала – свет лю-дзей, там можна ўбачыць прылады працы, побытавыя рэчы. Другая – ніжні свет, куды сыходзяць продкі. Тут валадарыць Вужыны кароль: вунь пад каранямі дрэва бліскае яго карона… Калі атрымаецца стрэць у лесе валадара вужоў, трэба рассцяліць перад ім чысты ручнік і добранька папрасіць: тады Вужыны кароль скіне сваю карону, а той, хто завалодае ёю, будзе ва ўсім мець поспех. Трэцяя музейная зала – вырай, куды увосень адлятаюць нашыя птушкі.

Музей міфаў крыху падрыхтаваў да таго, што мы пабачылі пад час вандроўкі па экасцяжыне… але не да ўсяго. Праўда, нам патлумачылі, што ў беларускай міфалогіі няма падзелу на благіх ці добрых істотаў. Благімі духі прыроды маглі быць толькі таму, што ахоўвалі тэрыторыю, дзе жывуць, абаранялі яе ад чалавека. І таму маглі нападаць, блытаць шляхі… або проста палохаць уражлівых турыстаў. У гэтым мы хутка пераканаліся.

Центр мифологического туризма, Музей мифов, экотропа В стране мифов, Березинский биосферный заповедник
Чорная Трасца выглядала страшнавата, але фатаграфаваць яе хацелася больш, чым баяцца.

Першай сярод лесу, з’явіўшыся немаведама адкуль, нас сустрэла Трасца – так беларусы называюць ліхаманку, якая сапраўды трасе чалавека. Праўда, музейная Трасца трэслася толькі ад перажыванняў за ўнікальную прыроду Бярэзінскага запаведніка, якой могуць зашкодзіць натоўпы турыстаў. Тым, хто прыйшоў пад шаты дрэваў не з добрымі намерамі, Трасца пагражала страшнай карай.

У маленькім дамку з люстранымі «вакенцамі» жыве Кладнік – ахоўнік скарбаў. Можна паспрабаваць убачыць яго, валадара незлічоных багаццяў, зазірнуўшы ўсярэдзіну… Праўда, з усіх міфажыхароў Кладнік бадай што самая няшчасная істота: скарбаў у яго шмат, а скарыстаць нічога не можа, нават пад’есці добра не атрымліваецца – шкада ж вялікае багацце на такую драбязу выдаткоўваць. Так і просіцца на язык падмечанае яшчэ пільнымі продкамі назіранне, што сквапнасць да добрага не даводзіць, а шчасце, як бачна, не ў грошах.

Центр мифологического туризма, Музей мифов, экотропа В стране мифов, Березинский биосферный заповедник
Вужыная карона ёсць, а дзе ж сам кароль?

На лясной дарозе перастрэла нас прыгажуня Зазоўка, якая настойліва запрашала хлопцаў і мужчынаў заставацца з ёю ў лесе, а прадстаўніцаў слабога полу літасціва адпускала на ўсе чатыры бакі. Праўда, чамусьці жыць у запаветных нетрах ніхто не захацеў, і расчараваная Зазоўка магла толькі пільнаваць наступную групу турыстаў.

На прыступках даволі ўтульнай хаткі мы пабачылі Валасяніка. Па сваіх міфалагічных абавязках ён мусіць палохаць людзей у сне, не даваць ім спакойна спаць, але нам, відаць, патрапіўся Валасянік-гуманіст. Ён узрадаваўся вандроўнікам, хуценька зайграў на дудзе, зладзіў танцы… Калі нашая група заспяшалася далей па экасцяжыне, Валасянік вярнуўся назад, сумна прысеў на прыступачку… Відаць, цяжка быць добрай міфалагічнай істотай! Адлавіў бы парачку турыстаў сабе для кампаніі, закрыў іх у хатцы – глядзіш, адразу стала б весялей.

Центр мифологического туризма, Музей мифов, экотропа В стране мифов, Березинский биосферный заповедник
Руды Аржавень быццам збіраецца выбрацца з балота.

Пабачылі мы і іншых істотаў, якія паводле ўяўленняў нашых продкаў жылі вакол іх. З багны вызірнуў нібы з цікаўнасцю (маўляў, «Хто тут ходзіць-калабродзіць?») Аржавень – балотны дух, сапраўды ўвесь іржавы ад балотнай руды. Родны яго брат Балотнік у параўнанні з Аржавенем здаваўся мілай і бяскрыўднай істотай. Ну, падумаеш, пагражаў усіх пакінуць у балоце, каб навучыць берагчы прыроду – дык у яго проста душа баліць за родны запаведнік. А што вужыка з сабою прынёс, спяшаючыся сустрэць гасцей, дык і гэта зразумела: напэўна, пахваліцца хацеў хатняй… то бок балотнай жывёлкай. Яшчэ больш рашучай асобай падалася Балотнікава жонка Кікімара: прыраўнавала мужа да адной з вандроўніцаў і нават прычыну прычапіцца знайшла. А чым не прычына ўзятая з лесу на памяць шышка? Праўда, потым ахоўніца хатняга (канешне-канешне, балотнага) ачага ўсё-такі падабрэла і нават ахвотна пазіравала фатографам разам з мужам і вужом.

Центр мифологического туризма, Музей мифов, экотропа В стране мифов, Березинский биосферный заповедник
Сумна мне, Валасяніку, тужліва…

Цэнтр міфалагічнага турызму толькі пачаў працу. Яшчэ засталося вольнае месца ў пакоях музея, яшчэ магчымыя і патрэбныя ўдасканаленні. Але – мы маем міфы! Невыпадкова гэтыя словы сталі дэвізам праекта: яны раскрываюць шырокія далягляды перад яго стваральнікамі. Кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын падкрэсліла, што «гэты музей вельмі важны, каб вяртацца да сваіх традыцыяў». А намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Закары Тэйлар падбадзёрыў арганізатараў заўвагай: «Гэты праект грунтуецца на тым, што ў Беларусі атрымліваецца найлепей – паказаць сваю цудоўную прыроду і сваю гасціннасць». А яшчэ раскрываць таямніцы сваёй зямлі – і міфалагічныя таксама.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.