«Страчанае каханне»: аповед Уладзіміра Амяльчэні

На тэлеканале «Настальгія» расійскі паэт, пісьменнік і журналіст Дзмітрый Быкаў вёў перадачу пра савецкі турэмны і лагерны фальклор. Шмат грамадзян як з Расіі, так і Беларусі па Скайпе спявалі песні. Не было толькі гісторый пра страчанае каханне ў турме і ў лагеры. Як лагерная адміністрацыя не кантралявавала адносіны паміж жанчынамі і мужчынамі, каханне не прызнавала законаў, часам рабіла лёс гэтых людзей яшчэ больш трагічным. Вось адна з такіх трагедый.
Яна пачалася ў далёкім 1953 годзе ва усходнім сектары Берліна з дэманстрацыі, дзе стаялі савецкія войскі. Такія дэманстрацыі прайшлі ўжо ў другіх сектарах горада. Немцы патрабавалі вяртання савецкіх войскаў дадому. Дзень дэманстрацыі быў абвешчаны загадзя. Пра гэта адкрыта гаварыла мясцовае радыё. Кіраўніцтва савецкіх войскаў прыгатавалася да сустрэчы гэтай дэманстрацыі. Як пазней стала вядома, для агульнага кіравання савецкімі войскамі з Крамля ў Берлін быў пасланы Берыя.
Дэманстрацыя была мірная. Немцы ішлі калонай разам з малымі дзеткамі. Іх сустрэла калона савецкіх танкаў. Камандзір танка Анатоль Васілюк са сваёй машынай стаяў у другім шэрагу. Калі з-пад гусеніц танкаў першага шэрагу сталі вылятаць дзіцячыя ножкі, Васілюк спыніў танк, сарваў масляны шланг, заглушыў матор. За ім прыпынілі свае танкі яшчэ некалькі чалавек. Быў суд над танкістамі. Некалькі чалавек прысудзілі да вышэйшай меры пакарання за невыкананне загада, Васілюка асудзілі на дзесяць гадоў у лагеры. Суду ён даказаў, што прыпыніў танк па тэхнічнай прычыне: танк прыдасца для больш важнай справы.
На падраздзяленні № 233 вядомага ў савецкія часы Каргапольлага Архангельскай вобласці, на беразе невялічкага возера сярод тайгі, у сярэдзіне пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя здарылася такое: дачка начальніка лагера закахалася ў арыштаванага маладога чалавека, які трапіў у лагер з савецкай арміі. У гэтым пасёлку дзяўчына была адна сярод яго жыхароў. А арыштантаў было, не меней за тысячу, значна менш – вайскоўцаў, якія вадзілі іх на работы ў тайгу і з работ, а таксама некалькі сямейных афіцэраў. Жанчыны гэтых афіцэраў працавалі ў бухгалтэрыі. Сярод іх была тая адзіная дзяўчына, дачка начальніка. У пасёлку не было ні школы, ні дзіцячага садіка, толькі салдацкі клуб, куды ўсе жыхары пасёлка, акрамя асуджаных, хадзілі глядзець кіно, ды яшчэ невялічкі магазін.
Сярод арыштантаў сваёй кемлівасцю вылучаўся былы салдат Васілюк. Ён прапанаваў начальніку лагера арганізаваць рамонт рухавікоў трактароў, лябёдак у майстэрні пры лагеры ці прама ў лесе. Гэта лягчэй і хутчэй, чым вазіць гэтую тэхніку за сотні кіламетраў у цэнтральную майстэрню на чыгуначнай станцыі Конаша. Калі гэта атрымалася, салдат прапанаваў новую тэхналогію вывазу драўніны з лесасекі да чыгункі. Новая тэхналогія вызваляла некалькі трактароў, а таксама арыштаваных людзей, якія маглі працаваць на адгрузцы драўніны ў вагоны. Кемлівы салдат спадабаўся начальніку, бо вырасла нарыхтоўка і адгрузка, за што вышэйшае начальства стала хваліць начальніка лагера. Вось тут начальнік раздобрыўся і салдата-знявольніка разканваіраваў, назначыў арганізатарам работ і даў яму пропуск на вольны выхад з лагера. У першы прыход у бухгалтэрыю салдат пазнаёміўся з дзяўчынаю.
Якія светлыя паўночныя летнія ночы! Закаханым не схавацца ад чужых дзяржаўных вачэй, а сустрэчы арыштантаў з вольнанаёмнымі забаронены. Дазнаўся аб тайных сустрэчах дачкі з былым салдатам начальнік лагера. Першы раз пагрозліва папярэдзіў, што заканваіруе, але чамусьці гэтага не зрабіў. Лета скончылася, ночы пачаліся цёмныя і рабіліся даўжэйшымі. Яны хавалі сустрэчы закаханых. Але схаваць свайго кахання ад людзей немагчыма. Усе каханні заканчваюцца аднолькава. Зімою, незадоўга да новага года, дачка аб’явіла бацькам, што народзіць малое. Што было гэтым часам у доме начальніка, можна толькі здагадвацца. А з зоны знік арыштант-салдат Васілюк. Яго нечакана адправілі ў штрафны лагер.
Бацька хаваў ад дачкі месца знаходжання салдата. А яна ездзіла ад лагера да лагера ў яго пошуках, але атрымлівала адзін адказ, што такога тут няма. Нарадзілася дачушка. Толькі мама не знаходзіла сабе супакою. Аднойчы, смеючыся, нехта сказаў, што яе каханы застрэлены пры спробе ўцячы з лагера. Пасля гэтага яна перастала яго шукаць. Аднойчы ноччу, апрануўшыся ў чорнае, каб была добра бачна на белым снезе, пайшла на калючы дрот, якім быў абнесены лагер. Аўчаркі паднялі свой брэх, ахоўнік з вышкі стрэліў па чорным сілуэце.
Мінула больш за 60 гадоў. У Салігорскім прафілакторыі лёс звёў за адным сталом былога салдата-арыштанта, цяпер старога дзеда, з роднай дачкою, таксама ўжо пенсіянеркай, якая прыехала на адпачынак. Дачка расказала свайму бацьку пра пагібель маці, пра тое, як дзед паліў у печы лісты, якія ён пасылаў пасля вызвалення з лагера ў пошуках страчанага кахання.
Уладзімір Амяльчэня
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.