«Сшытак – мой лепшы сябар». Вольга Крываносава – аб тым, як творчасць дапамагае жыць

Поддержи

На старонках газеты “Вместе!” у літаратурным выпуску “Паэтычны куфэрак” вы не аднойчы чыталі вершы Вольгі Крываносавай. Вольга жыве ў Оршы, з’яўляецца членам Аршанскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. Мы пабывалі ў гасцях у паэткі, каб бліжэй пазнаёміцца з ёй.

И если вдруг навстречу вам

Идет чудак угрюм и сер,

Придайте натяжение губам –

Пусть с вас берут пример!

– Я карэнная аршанка, нарадзілася ў 1951 годзе. Тут усё жыццё і правяла, – пачынае размову Вольга. – Па вялікім рахунку, дзяцінства было, як і ў астатніх. Вучылася нядрэнна, але ж час быў цяжкі – пасляваенныя гады.

Вольга шчыра прызнаецца, што хацела паступіць у вышэйшую адукацыйную ўстанову, але не адважылася. Пасля заканчэння школы пайшла працаваць на завод па выпуску швейных машынак – “ЛегМаш”.

– Пачынала з вучыніцы, пасля стала фрэзероўшчыцай, – працягвае яна размову. – Гадоў пяць працавала там, пакуль не сустрэла сваё каханне – будучага мужа. Гісторыя цікавая. Першая наша сустрэча адбылася праз агульную сяброўку, якой я дапамагала з пераездам у кватэру. Праўда, адразу мы адзін аднаму не спадабаліся. А можа, занадта маладыя былі тады? Праз пэўны час знаёмая маёй маці завітала да нас у госці са сваім пляменнікам. Гляджу – ён! Ужо не такі як быў тады – больш дарослы, сур’ёзны, мужны. З гэтага часу нашы адносіны набылі ўжо зусім іншы характар.

Калі Вольга расказвае пра мужа, на вачах блішчаць слёзы. Яе муж памёр пяць гадоў таму назад, але Вольга Яўгенаўна да гэтага часу не можа адысці ад гэтай страты. Усмешка з’яўляецца зноў на твары жанчыны, калі размова заходзіць пра дзяцей і ўнукаў. Але ж не без болю…

– У мяне было тры сыны, а засталося два. Старэйшы трагічна загінуў, калі яму было толькі 16 гадоў. Патануў. Гэта цяжка ўспамінаць, такая рана ніколі не зможа зацягнуцца, – кажа Вольга, пераглядаючы фотаздымкі і калекцыю значкоў, якія засталіся ад сына. – Са мной засталіся сярэдні і малодшы сыночкі, таму я разумела, што трэба жыць дзеля іх. Зараз яны дарослыя і з сем’ямі жывуць у Оршы. Часта мяне наведваюць. Учора прыходзіла да мяне малодшая ўнучка, дапамагала. Такая разумная дзяўчынка! Ёсць яшчэ старэйшая ўнучка і тры ўнукі. Яны ўсе ў мяне цудоўныя. Сям’я – сэнс майго жыцця і гонар.

Вольга мае хобі: захоўвае ў альбомах і папках фотаздымкі, выразкі з газет, паштоўкі і іншае, каб па іх можна было ўзгадаць жыццё. Паказваючы фота з маладосці, яна расказвае пра той час.

– Тое, што я гарадскі жыхар, няма ніякіх сумненняў. Мой муж хацеў перавезці мяне ў вёску да сваіх бацькоў. Я добра памятаю той дзень, калі мы прыехалі туды, – успамінае суразмоўца. – Я заўсёды жыла ў кватэры з бацькамі. І гаспадарка з хатняй жывёлай і агародам была для меня нязвыклай. Карову я бачыла толькі на малюнках. Але, на  шчасце, мы засталіся жыць у Оршы. Тым больш, што мой бацька дапамог уладкавацца на працу на прадпрыемства для сляпых.

Пра бацьку Вольга Яўгенаўна расказвае з цеплынёй. Ён быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і вярнуўся дадому з раненнем, з-за чаго страціў зрок.

– Мама пазнаёмілася з ім, калі ён ужо не бачыў. Але гэта для яе не стала перашкодай, – расказвае Вольга. – Бацька добра граў на акардыёне і для маці іграў яе любімыя мелодыі. А яна, у сваю чаргу, чытала ўслых яму кніжкі. Бацькі працавалі на прадпрыемстве для сляпых. Зараз гэта УП “Элект” ГА “БелТІЗ”. Туды ж узялі і мяне. Спачатку афармляла нарады на здзельную працу, пасля мяне перавялі ў цэх на штампоўку. Гэта не жаночая праца – шумна, брудна. Але ж я добрасумленна працавала там аж да самага выхаду на пенсію. І калектыў быў выдатны. Я ніколі не падзяляла людзей на здаровых і хворых. Тым больш, я расла ў сям’і, дзе бацька меў інваліднасць па зроку.

Сустрэцца з інваліднасцю давялося і самой Вользе. Хвароба прыйшла ў яе жыццё, як бывае заўсёды, нечакана.

 – 20 гадоў таму я перанесла першую аперацыю па анкалогіі, – прызнаецца Вольга, – а другую зрабілі ў мінулым годзе. Далі 3-ю групу інваліднасці. Дзеці і ўнукі са мной побач, дапамагаюць. Але я імкнуся не нагружаць іх сваімі праблемамі.

Акрамя родных, ёсць яшчэ адзін “выратавальны круг” для жанчыны – творчасць. І, як кажа сама Вольга, калі б не яна, невядома, як бы склалася яе жыццё.

– Не магу дакладна сказаць, калі з’явілася цяга да творчасці. Мне заўсёды падабалася пісаць сачыненні ў школе. Памятаю, як нават крыўдзілася, калі настаўніца ставіла 4, а не 5, – узгадвае Вольга Яўгенаўна. – Сама па сабе я не вельмі адкрытая: не выношу напаказ сваіх эмоцый і пачуццяў. Калі мне дрэнна, проста бяру ручку і адкрываю сшытак. Ён – мой лепшы сябар. Упэўнена, што з праблемамі трэба спраўляцца самастойна. Таксама паважаю суразмоўцу і не палезу яму ў душу, калі мяне туды не клічуць.

Зараз у Вольгі шмат надрукаваных вершаў. Аднак яна добра памятае свой страх, калі ўпершыню прэзентавалі яе творы. Гэта быў 1988 год.

– Кожны аўторак збіраліся ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання мясцовай газеты “Дняпроўскія галасы”. Мне так хацелася трапіць туды! Але было страшна, – расказвае паэтэса. – Думала, што мяне не прымуць. І дарэмна. Зараз я больш упэўненая ў сабе, але ж часта саромеюся выходзіць на сцэну.

Піша ўсе вершы Вольга Крываносава ў звычайным сшытку ад рукі. Так ёй зручней. Прычым у любых абставінах. У мінулым годзе, калі ляжала ў бальніцы, забылася ўзяць з сабой сшытак. А калі прыйшло натхненне, знайшла кавалачак ад кардоннай скрынкі, на якім і запісала вершаваныя радкі.

– Мне сын падарыў смартфон, каб я магла там запісваць тэксты. Але я ніяк не магу да такого прывыкнуць, – прызнаецца Вольга. – Дапамагаюць дзяўчаты з нашага мясцовага музея імя Уладзіміра Караткевіча. Яны вядуць літаратурную старонку, а я пішу да яе вершы. І яны ж дапамагаюць адсылаць мае творы ў іншыя выданні. Мару, вядома, пра ўласны зборнік вершаў. Ды фінансава для мяне гэта цяжка. Удзячна газеце “Вместе!” за тое, што мае вершаваный радкі ўвайшлі ў зборнік “Рыфмы”, які рэдакцыя газеты падрыхтавала і падарыла аўтарам “Паэтычнага куфэрка” ў сувязі з 30-годдзем Беларускага таварыства інвалідаў. Вельмі даражу гэтай кнігай.

Вольга Крываносава вядзе актыўнае жыццё. Наведвае музей, выступае ад Беларускага таварыства інвалідаў на канцэртах, уваходзіць у склад літаратурнага гуртка “Дняпроўскія галасы” і клуба “Акцэнт”. А нядаўна нават спявала на сцэне бардаўскую песню на свой верш. Таму, як было напісана ў эпіграфе, “пусть с вас берут пример!”.

Дарыя Галоўчыц

Фота аўтара

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.