Спявачка Ірына Вярковіч: “Наша місія – несці дабро ў гэты свет”

Поддержи

Спявачку, артыстку беларускай эстрады, салістку заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь “Музычная харавая капэла “Санорус”, вядучую ўрачыстых прыёмаў і канцэртных праграм Ірыну ВЯРКОВІЧ летась удалося ўбачыць на дабрачынным канцэрце ў падтрымку Максіма Сідарэнкі з Барані “Нас мільёны сэрцаў”. У падобных мерапрыемствах беларуская спявачка стараецца абавязкова ўдзельнічаць. Патрэбныя для Максіма грошы былі сабраныя. (Гісторыю хлопчыка можна пачытаць тут). З Нінай Сідарэнкай, яго мамай, эстрадная спявачка падтрымлівае сувязь у Instagram. Мы пагаварылі з артысткай аб вопыце выступленняў для асаблівай публікі, даведаліся, як вакалістка выхоўвае сына на ўласных прыкладах і якія ўрокі ёй падае жыццё.

“Гэта таксама нялёгка – стаць і прасіць”

– Тэма дабрачыннасці быццам сама сабою ўзнікла перад нашым інтэрв’ю (ўсміхаецца). На днях пазваніла Алеся Агінская з “Солнечного радио” і прапанавала паўдзельнічаць у інклюзіўным канцэрце. Адразу сказала “так”. Таму што дакладна разумею: адна з важных дабрачыннасцяў у жыцці – гэта міласэрнасць.

Таксама нядаўні выпадак. Была на кастынгу Х-фактара чацвёртага сезона. Выходжу з павільёна, да мяне звяртаецца мужчына. Часткова паралізаваны, вельмі дрэнна размаўляў. А я была ў сваіх думках, у тэлефоне – выклікала таксі. Таму нават не расчула спачатку: “Вельмі прашу вас, – вымавіў ён, – можа, дапаможаце мне грашыма?”. Дала чалавеку пэўную суму. У многіх неадназначныя адносіны да тых, хто просіць міласціну. Сябры мае, мяркую, гэта таксама нялёгка – стаць і прасіць. Значыць, людзей нешта прымушае. Не ведаю, што. Ды і не хачу ведаць. Ты альбо дапамагаеш, альбо не. Тое ж самае, калі прапаноўваюць удзельнічаць у дабрачынных канцэртах. Я альбо кажу “так”, альбо адмаўляюся. Гэта права кожнага.

“Мяне вядзе Бог па жыцці…”

– Прычым, ва ўсіх штодзённых сітуацыях, і ў тым ліку ў творчасці. Неяк слухала інтэрв’ю артысткі Марыны Аронавай. Яна агучыла такую думку: “Калі Бог надзяліў цябе талентам, паслаў дар, ты не маеш права ім распараджацца, як хочацца. Трэба аддаваць яго людзям і дапамагаць сваім талентам”. Наша місія – несці дабро ў гэты свет. Праз творчасць трансляваць, што адбываецца вакол. Адна справа, калі пра гэта проста казаць. А іншая – калі я, Ірына Вярковіч, выходжу на сцэну і спяваю для свайго слухача. Талент павінен быць паўсюль, каб ім усе маглі карыстацца.

Нядаўна выйшла мая новая кампазіцыя “Крыўдна мне”, хутка чакаецца прэм’ера “Сонца свеціць”. Гэта песня менавіта сацыяльная – аб міры на Зямлі, дзецях, матуліных зморшчынках, здароўі, любові, ясным небе, шчасці, дабрыні. Хачу сказаць: шаноўныя, не грашыце на Бога. Паглядзіце, як свеціць сонца! Задумайцеся пра тое, што вас акаляе. Не бядуйце, як мала грошай. Сёння вы бачыце зялёны лісток, а заўтра – дожджык. Ці не гэта сапраўднае шчасце?

“Яны праяўляюць сябе нечакана ў добрым сэнсе слова”

– У мяне вялікі вопыт наведвання спецыяльных устаноў для асаблівых людзей. Шмат дзе была з дабрачыннай місіяй. Памятаю, ездзілі ў псіханеўралагічны дом-інтэрнат у Свір. Там знаходзяцца цяжкахворыя. Спачатку быў канцэрт. Разносілі гуманітарную дапамогу. Пасля пайшлі да людзей, якія прыкаваныя да ложка. Гэта асаблівыя пастаяльцы. Кажуць, людзі з фізічнымі і разумовымі адхіленнямі пасланыя нам невыпадкова. Праз іх мы адпрацоўваем свае жыццёвыя моманты – выкупаем грахі. Так, сапраўды яны вельмі асаблівыя. Непрадузятыя, шчырыя, няўрымслівыя. Выяўляюць сябе нечакана ў добрым сэнсе слова. Памятаю, нават была пару разоў Снягуркай падчас канцэртаў у сацыяльных пансіянатах для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на Выгоцкага і Сямашкі ў Мінску. Пастаяльцы падобных устаноў могуць падняцца на сцэну, абняць, патанчыць з табой. Могуць праводзіць цябе да аўтамабіля. Яны не робяць нічога дрэннага. Не задумваючыся, праяўляюць эмоцыі. Што не скажаш пра нас, звычайных людзей. Мы думаем, як успрымуць учынкі, пачынаем залішне шмат аналізаваць. А гэтыя людзі проста робяць. І як правіла, дабро. Сапраўды незвычайныя.

“Людзі з абмежаваннямі павінны чуць музыку, якую выконваю”

– Выступала з канцэртам у санаторыі “Прыазёрны”. Пакуль рыхтавалася, перад выхадам на сцэну, звярнула ўвагу на адну сям’ю з асаблівым дзіцем. У дзяўчынкі сіндром Даўна. Гадочкі паўтара. Яна танчыць – маці і бацька радуюцца. Думаю: якія яны малайцы. Бацькі аб’ектыўна разумеюць, што ў іх асаблівае дзіця, што гэта іх крыж на ўсё жыццё. Дай Бог ім моцнага здароўя і доўгіх-доўгіх гадоў! Але сёння гэтая малеча ў сацыяльным асяроддзі. І наша задача, у прыватнасці артыстаў, – як мага больш гэтаму садзейнічаць.

Не люблю праводзіць пэўную дыферэнцыяцыю паміж здаровымі і асаблівымі людзьмі. Божа ўратуй! Мы ўсе аднолькавыя. Людзі з абмежаваннямі таксама павінны чуць музыку, якую выконваю для звычайных слухачоў. Кампазіцыі абсалютна аднолькавыя для ўсіх. Гэта мае хіты – “Для меня ты стал”, “Спасибо тебе”, “Любить, не закрывая глаз”, “Белая Русь”. Спецыяльна нічога не рыхтую. Гэта музыка. І кожны выбірае сваё. Яны такія ж людзі, як і мы, проста са сваімі асаблівасцямі. Вось і ўсё.

“Адводжу вопратку, абутак, цацкі, кнігі – усё, што неабходна”

– Звярніце ўвагу, як у нашай краіне стала адкрыта агучвацца тэма інклюзіі. У станоўчым ключы. Сёння ёсць тэлевядучая на калясцы, маё дзіця ходзіць у школу з інтэграванымі класамі. Дзеці з ДЦП, сіндромам Даўна, інваліды-калясачнікі вучацца па агульнай школьнай праграме разам са звычайнымі вучнямі. Калі паступалі ў гэтую школу, падпісвала дакумент, дзе згаджалася на навучанне майго сына з асаблівымі дзецьмі. А чаму не?

Больш за тое, рэгулярна, на працягу трох гадоў, наведваю аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна Мінска. Адводжу вопратку, абутак, цацкі, кнігі – усё, што неабходна. Ёсць вялізны гардэроб. Многія рэчы становяцца неактуальнымі – яны добрыя, якасныя. Аднойчы спытала ў знаёмай супрацоўніцы Алены, ці трэба прыязджаць, можа, штосьці з гэтых рэчаў не патрэбна яе выхаванцам. На што яна адказала: “Не, што вы, прывозьце, калі ласка!” Там мяне ўсе ведаюць. Гэта такое шчасце!

“Сын учапіўся ў мяне і не разумеў, што адбываецца”

Выхоўваю сына адна. Натуральна, бывае, малы капрызіць. Ён у мяне вельмі актыўны. Здараюцца непаразуменні, як ва ўсіх. І вось аднойчы, калі яму было дзевяць (цяпер ужо адзінаццаць), усаджваю яго ў машыну, і мы едзем. Прыехалі ў ТЦСАН. Усе дзеці выбеглі, пачалі абдымаць яго. Сын учапіўся ў мяне і не разумеў, што адбываецца. “Мам, – кажа, – а што гэта?”. “Дык вось, Ілля, – тлумачу, – запомні, каб бацькі ўсіх гэтых дзяцей аддалі ўсе свае грошы, сабралі багацце па ўсёй Зямлі і сказалі: “Божа, дай здароўя майму дзіцяці!”, – гэтага цуда не адбудзецца. А ў цябе, мой любы сынок, мой Свет, мой Сусвет, маё Паветра, Жыццё маё, – ёсць усё. Таму давай задумаемся чарговы раз, калі будуць непаразуменні, ці трэба нам так сябе паводзіць? Не! Таму што няма нічога даражэйшага за жыццё і здароўе на гэтай Зямлі”.

“Маё жыццё – гэта чарада лёсавызначальных падзей”

– Жадаю здароўя бацькам асаблівых дзяцей. Вось зараз кажу і ў мяне мурашы па целе… Такія дзеці залежныя ад іх. І калі будуць здаровыя тата і мама – у малых будзе ўсё. Усім людзям з асаблівасцямі – верыць! Проста верыць. Глыбока ўпэўнена: усё, што ў нашым жыцці адбываецца – гэта воля Госпада Бога. Ведаю дакладна. Заўсёды кажу: паважаныя мае сябры, усё тое, што сёння для вас непрыемнасць, заўтра – дабро і шчасце. І ў маім жыцці менавіта так адбываецца.

Былі складаныя сітуацыі і шмат перажыванняў. На шчасце, усё засталося ў мінулым. Калі-небудзь напішу кнігу альбо эсэ, дзе раскажу, што маё жыццё – гэта чарада лёсавызначальных падзей. Тое, як стала спявачкай, як працавала ў адным калектыве, пасля ў другім… Дык хачу пажадаць чытачам газеты “Вместе!”, каб прымалі кожную падзею, як волю Госпада Бога. Мая настольная фраза, якую некалі сказалі сяброўкі: “Запомні, Іра, у Бога ўсё своечасова”. Руская пагаворка таксама аб гэтым: “Усяму свой час”. Сябры мае, жывіце, радуйцеся, атрымлівайце асалоду. А асаблівым людзям хачу сказаць: проста трэба верыць. А нам, людзям здаровым, трэба разумець, дакладна ведаць і дзейнічаць правільна ў адносінах да гэтых людзей. Падтрымліваць, быць уважлівымі, клапаціцца. Толькі так і ніяк інакш!

Надзея Зуева

Фота з архіва спявачкі

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.


Exit mobile version