«Спіце, салдацікі, ціха пад хвоямі…»

Поддержи

Шосты аўтапрабег па месцах Першай сусветнай вайны, прысвечаны 100-годдзю вызвалення Вілейшчыны ад кайзераўскіх войскаў, прайшоў сёлета па новым маршруце. Удзельнікі акцыі – а іх было значна больш, чым летась – наведалі памятныя мясціны, размешчаныя на тэрыторыі Іжскага сельсавета, і ўжо традыцыйна – лазарэтныя могілкі, Барысаглебскую капліцу і музей Першай сусветнай вайны ў вёсцы Заброддзе.

Вялікая еўрапейская бойня
Первая мировая война, освобождение Вилейщины, Борис Титович, захоронения, Наполеон
Прамаўляе Барыс Цітовіч.

Першая сусветная вайна, у якой удзельнічалі 38 краін, працягвалася чатыры гады і тры месяцы, забрала жыцці 10 мільёнаў чалавек, 20 мільёнаў былі паранены і скалечаны – свет не ведаў яшчэ такіх ахвяр. 11 лістапада 1918 года, калі было падпісана Камп’енскае перамір’е, лічыцца днём заканчэння Першай сусветнай і адзначаецца ва ўсім свеце як Дзень памяці яе ахвяр і прымірэння.

Аўтапрабег зладзіў Фонд памяці Першай сусветнай вайны «Крокі», якім кіруе лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», член Беларускага саюза мастакоў, вядомы ў нашай краіне і за яе межамі даследчык падзей Першай сусветнай Барыс Цітовіч. Дарэчы, нядаўна Аляксандр Лукашэнка ўручыў Барысу Барысавічу ордэн Францыска Скарыны за працу ў галіне мастацтва, гicторыi i культуры.

31 кастрычніка з цэнтральнай плошчы Вілейкі ў няблізкі шлях выправіліся прадстаўнікі клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Эпоха» (Мінск) і «Мяжа» (Брэст), Беларускага ваенна-гістарычнага клубнага аб’яднання «Гонар мундзіра» (Гомель), казакі Вілейскага раённага аддзела «Усебеларускага казацтва» і Старадубскага казацкага палка Бранскай вобласці (Расія), ветэраны вайны ў Афганістане, моладзь, школьнікі, госці з Маладзечна, Мінска і жыхары Вілейшчыны. Сёлетні аўтапрабег адрозніваўся ад леташняга. «Едзем па новых мясцінах, дзе працу толькі што закончылі. На некаторыя пахаванні не паедзем, бо яны знаходзяцца вельмі далёка – у лесе», – заўважыў Барыс Цітовіч.

Першы прыпынак – каля гарадскіх могілак, дзе нядаўна асвяцiлi браму-капліцу ў гонар воінаў, якія загінулі пры вызваленні Вілейкі ў 1915 годзе.

– Раней на гэтым месцы знаходзілiся брацкiя i салдацкiя магілы, на жаль, час распарадзіўся так, што паверх iх цяпер іншыя пахаванні, – распавёў Барыс Цітовіч. – Але ў такім суседстве няма нічога страшнага. Брама-капліца ўзведзена, з аднаго боку, у памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё, каб мы сёння жылі ў міры і згодзе, а з другога – на сцены капліцы нанесена 286 імёнаў воінаў, якія ўдалося высветліць у ваенна-гістарычным архіве.

Сярод удзельнікаў аўтапрабегу – пісьменнік Вячаслаў Бандарэнка, неабыякавы да падзей стогадовай даўніны. Нядаўна ён прэзентаваў у Вілейцы сваю кнігу «Заходні шчыт Расійскай імперыі 1915 – 1917». А яшчэ раней выдаў серыю пра Першую суветную. Роўна сто гадоў таму ваколіцы Вілейкі вызвалялі часці, якімі камандаваў продак Вячаслава генерал-маёр Міхаіл Міхайлаў, які атрымаў высокую ўзнагароду – ордэн святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра ІІ ступені.

– Як склаўся яго лёс, не ведаю, вядома толькі, што напрыканцы 1917 года ён быў яшчэ жывы, – расказаў Вячаслаў. – І вельмі добра, што ёсць гэтая капліца. Лічу яе не толькі помнікам салдатам, якія загінулі пры вызваленні Вілейкі, але і сімвалічнай магілай майго продка.

Паводле словаў старшыні Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Наталлі Радзевіч, на Вілейшчыне шануюць памяць абаронцаў Айчыны. Нядаўна тут прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня заканчэння Першай сусветнай вайны. Была адслужана памінальная літургія, узгаданы прозвішчы воінаў. Адбылася прэзентацыя кнігі навуковага супрацоўнiка Вілейскага краязнаўчага музея Андрэя Карготкi «На линии огня. Очевидцы в боях за Вилейку в сентябре 1915 года», прысвечанай падзеям Першай сусветнай. Жыхары раёна і працоўныя калектывы, як паведаміла Наталля Аляксандраўна, зрабілі значны ўнёсак у будаўніцтва капліцы.

На пліце капліцы змешчаны таксама радкі з верша вілейскага паэта Уладзіміра Цануніна, прысвечаныя загінулым. Уладзімір Яфімавіч, які браў удзел у мерапрыемствах, сам іх і зачытаў:

Спіце, салдацікі, ціха пад хвоямі,

Роднай дзяржавы сыны.

Невыпадкова вы сталі героямі

Гэтай Вялікай вайны.

Не па службовым абавязку
Первая мировая война, освобождение Вилейщины, Борис Титович, захоронения, Наполеон
Пахаванне салдат Першай сусветнай вайны ў вёсцы Іжа.

Пасля кароткай памінальнай малітвы ўдзельнікі аўтапрабегу накіраваліся ў Іжскі сельсавет. У 1915 годзе тут праходзілі ваенныя дзеянні ў час Віленскай аперацыі па ліквідацыі Свянцянскага прарыву, а праз паўгода адбылася Нарачанская наступальная аперацыя.

…Могілкі ў вёсцы Любкі. Пахаванні салдат каля гэтага населенага пункта, як і ў вёсках, дзе ўдзельнікі аўтапрабегу яшчэ пабываюць, стаялі забытыя. Сёння яны добраўпарадкаваны, на кожным усталяваны памятныя знакі – дубовыя крыжы i гранiтныя плiты з iмёнамi вайскойцаў.

– Дзякуючы мясцовай жыхарцы, якая паведаміла, што яе маці даглядала брацкую магілу, змаглі ўстанавіць стогадовае пахаванне: знайшлі камень з выбітай датай «1915 год», – зазначыў Барыс Цітовіч.

Удзельнік вайны ў Афганістане падпалкоўнiк-авiятар Станіслаў Суша, які нарадзіўся ў Любках, распавёў, што ў дзяцінстве ён разам з сябрамі цікавіўся вайною – вакол жа былі акопы, бліндажы. Зразумела, узнікалі пытанні: што тут адбывалася? калі?

– Мы нічога тады не ведалі, а ў школе пра гэта не расказвалі, – успамінае Станіслаў Суша. – Толькі дзядулі ды бабулі нешта ўзгадвалі. Быў дзед Васіль, які расказаў нам, што вось тут, у кутку могілак, пахаваны салдаты, афіцэры. Крыжоў не было, віднеліся адны ўзгоркі… Вось гэта запомнілася на ўсё жыццё. Ніколі нават не думаў, што пройдзе шмат гадоў – і белыя плямы гісторыі пачнуць паціху раскрывацца, вяртаюцца з небыцця забытыя імёны герояў, сярод якіх нямала і нашых продкаў.

Вайна пакінула адбітак і на самой вёсцы Любкі. Мы зрабілі прыпынак на плошчы пасярод паселішча. Адразу ўзнікла думка: мабыць, тут быў рынак. Не, гісторыя зусім іншая. У верасні 1915 года, калі рускія войскі вызвалілі Вілейку і рушылі ў бок азёраў Вішнева і Нарач, тут таксама праходзілі баявыя дзеянні. У выніку цэнтр вёскі згарэў, а людзі пачалі сяліцца вакол папялішча.

У вёсцы Дварэц таксама два пахаванні. На адным з іх усталяваны дубовы крыж i пліта з імёнамі семярых салдат. Справа ад гэтага месца – тры высоткі, прарэзаныя акопамі. І нават сёння можна ўявіць, якія жорсткія баі тут ішлі. Непадалёк віднеюцца яшчэ 50 магіл.

– Так здарылася, што на гэтыя могілкі шмат гадоў ніхто не прыходзіў, – адзначыла старшыня Іжскага сельсавета Валянціна Навасёлак. – Гэта няправільна. Дзякуючы Барысу Барысавічу і яго паплечнікам несправядлівасць выпраўлена. Не па службовым абавязку, не па зацверджаным плане мерапрыемстваў, а па загадзе сэрца і асабістым рашэнні. Дзякуй за такі прыклад служэння вялікай справе.

У вёсцы Іжа пахаванне знаходзіцца на сельскіх могілках побач з царквой. Тут высветлена 12 імёнаў загінулых. Цікава, што сярод іх – салдат з мясцовым прозвішчам Рогач. Магчыма, ён родам з гэтых мясцін.

З Іжы ўдзельнікі аўтапрабегу рушылі да мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Рускае Сяло. На вялікім кургане – чатырохтонны бетонны крыж з рэльефам Спаса Нерукатворнага. А ў падножжы перазахаваны рэшткі 64-х салдат, знойдзеных побач з вёскамі Навасады, Прынта і Бароўцы.

Праязджаючы па месцах былых баёў, кожны адчуў маштабнасць трагедыі стогадовай даўніны. Але чым больш энтузіясты ўсталёўваюць пліт з імёнамі, тым больш адкрыццяў робяць. Цікавая акалічнасць: нядаўна стала вядома, хто пакоіцца ў безыменных магілах каля вёскі Рускае Сяло.

Первая мировая война, освобождение Вилейщины, Борис Титович, захоронения, Наполеон
Мемарыяльны комплекс у вёсцы Рускае Сяло.

Каля кожнага памятнага месца благачынны Вілейскай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Шмырко правёў кароткае набажэнства, гучалі тры залпы ў памяць пра загінулых. У выкананнi Валянцiны Цiтовіч гучалі вершы, якiя напісалi паэты-ўдзельнiкi Вялiкай еўрапейскай вайны. Асаблівую ўзнёсласць мерапрыемству надалi духоўныя спевы мужчынскага хору мінскага Сабора Усiх Святых, рэгентам якога з’яўляецца Змiцер Такмакоў – ураджэнец Вiлейкi.

– Добраўпарадкаваннем пахаванняў займалася ініцыятыўная група: Сяргей і Аляксандр Путырскія з вёскі Іжа, Сяргей Якаўлеў з вёскі Нарач, Сяргей Кунавіч і Сяргей Плёска з вёскі Любкі, віляйчанін Станіслаў Суша, – паведаміў Барыс Цітовіч. – Работы праводзіліся пры фінансавай падтрымцы дабрачыннага фонду «Крокi».

Па меркаванні Барыса Цітовіча, лінія фронту павінна быць музеефіцыравана на тэрыторыі ўсёй краіны з мэтай патрыятычнага і духоўнага выхавання моладзі, бо дзякуючы подзвігам салдат мы атрымалі мірнае неба над галавой.

Раіса МАРЧУК, фота аўтара

Даведка «Вместе!»:

«Крокі» – дабрачынны культурна-гістарычны фонд памяці Першай сусветнай вайны, дзейнічае ў Вілейцы тры гады. Заснавальнікі – Барыс Цітовіч, яго жонка Валянціна і сын Данііл. Мэта фонду – ушанаванне памяці герояў, ахвяр і падзей Першай сусветнай вайны. Фонд спрыяе развіццю мемарыяльнага комплексу, прысвечанага Першай сусветнай вайне, у Заброддзі, садзейнічае культурна-гістарычнаму абмену паміж народамі. Асноўная задача арганізацыі – музеефікацыя пад адкрытым небам слядоў вайны: узнаўленне помнікаў, добраўпарадкаванне могілак, рэканструкцыя фартыфікацыйных збудаванняў.

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.