Шляхі-дарогі Аляксандра Аўдзевіча
Чытачы нашай газеты могуць узгадаць, што летась мы пісалі пра Аляксандра Аўдзевіча. У мінулым заўзяты матацыкліст, ён, нават трапіўшы ў аварыю, наступствам якой стаў пералом пазваночніка і, як вынік, інвалідная каляска, не страціў любові да жыцця. І да матацыклаў!
Знаходзіць хлопец час і для спартыўных заняткаў: трэніруе мышцы ног і спіны на адмысловых трэнажорах. Таксама Аляксандр узначальвае Лідскую міжраённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў». Зусім нядаўна ён здзейсніў свой даўні намер: адкрыў на базе лідскага фізкультурна-аздараўленчага комплекса трэнажорную залу, дзе людзі з інваліднасцю могуць бясплатна займацца спортам. А ў вольны час хлопец вядзе відэаблог – пра сваё жыццё і жыццё ўвогуле, пра тое, што не можа быць для чалавека нічога немагчымага.
Для Сашы гэта, здаецца, і сапраўды так. У жніўні мінулага года ён выправіўся ў падарожжа на хэндбайку (ручным веласіпедзе, дзе педалі трэба круціць рукамі) ад сваёй роднай Ліды да Балтыйскага мора. Падарожжа ён здзейсніў за шэсць дзён і праехаў 500 кіламетраў. Пабачыць Балтыйскае мора хлопец марыў даўно, і вось мара спраўдзілася.
Але адзіным падарожжам справа не абыйшлася. Новай задумай стала вандроўка па Еўропе – а гэта ўжо цэлых 5 000 кіламетраў! Праўда, не ўсё было проста. Для паездкі Аляксандр хацеў набыць уласны хэндбайк, для гэтага яму было патрэбна 6 000 еўра. Тады Саша адважыўся, як ён сам выказаўся, на авантуру: распавёў пра сваю задуму на краудфандынгавай пляцоўцы ulej.by, мэта якой – калектыўнае фінансаванне цікавых праектаў. Грошы паціху збіраліся, а потым кампанія Tickets.by прапанавала маладому чалавеку праспансіраваць яго падарожжа. Паездцы паўз усю Еўропу Аляксандр надаў сапраўды вялікае значэнне:
– Хачу, каб маё падарожжа не толькі ўславіла Беларусь як краіну, але і падтрымала матывацыю жыць і нечым займацца ў людзей, якія знаходзяцца ў падобным са мной становішчы.
Сашава вандроўка пачалася 1 ліпеня. За два з лішнім месяцы ён праехаў з дзясятак краінаў: Літву, Латвію, Эстонію, на пароме пераправіўся ў Фінляндыю, далей наведаў Швецыю, Данію, Германію, Нідэрланды, Бельгію і Францыю. Марна часу хлопец не губляе: у кожнай краіне, якую праязджаў Аляксандр, ён вучыў мясцовых жыхароў словам «Беларусь» і «Ліда». Павінны ж замежнікі ведаць, адкуль да іх прыехаў такі незвычайны падарожнік!

У Францыі, дарэчы, Аляксандр Аўдзевіч сустрэўся з паслом Беларусі Паўлам Латушкам, які падзякаваў суайчынніку за стварэнне добрага іміджу нашай краіны і паабяцаў спрыяць пад час далейшай ванд-роўкі. А наперадзе ў Сашы яшчэ Іспанія і Партугалія.
Усе два месяцы вандроўкі Саша здымае відэа і выкладвае іх на сваім канале InvaLIFE на YouTube, рассказвае пра падарожжа і дзеліцца ўражаннямі. За дзень хлопец праязджае прыкладна 70 кіламетраў, начаваць спыняецца ў хостэлах ці дома ў тых людзей, хто зацікавіўся ім і запрасіў да сябе. Сашу дапамагаюць і вадзіцелі-дальнабойшчыкі, і нават ураджэнцы Беларусі, якія цяпер жывуць у Заходняй Еўропе і радыя сустрэць земляка. Калі ж ноч заспела вандроўніка далёка ад людскога жылля, ён ставіць палатку, гатуе есці на маленькай гарэлцы і ўладкоўваецца ў спальным мяшку. Рамантыка, адным словам.
Праўда, і перашкоды ёсць: і хэндбайк можа раптоўна ламацца, і дажджы сёлета шчодра паліваюць тэрыторыю Заходняй Еўропы… Цяжкасцяў у дарозе хапае, але Аляксандр Аўдзевіч не шкадуе аб здзейсным падарожжы. Доказ таму – наступная яго мара: выправіцца ў вандроўку па Злучаных Штатах Амерыкі і праехаць ад Нью-Ёрка да Сан-Францыска. Думаю, што і яна здзейсніцца, бо гэта толькі пытанне часу, а ніяк не жадання або магчымасцяў хлопца.
P.S. Прасачыць за падарожжам Аляксандра Аўдзевіча можна на яго канале на YouTubе: https://www.youtube.com/user/InvaLIFE. Паводле апошняй відэасправаздачы, Саша цяпер едзе ў Пуацье – галоўны горад французскага дэпартамента В’ена.
Падрыхтавала Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота з інтэрнэт-крыніцаў
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.