Шлях да святыняў

Поддержи

Крыніца Святога Яна, размешчаная побач з вёскай Чарневічы Глыбоцкага раёна ў даліне ракі Аўты, у шырокім і глыбокім яры, сапраўдным каньёне, што не так часта ўбачыш у Беларусі, – адно са святых месцаў праваслаўных вернікаў.

У адміністрацыйным сэнсе крыніца знаходзіцца на тэрыторыі Міёрскага раёна. Якраз у гэтым месцы сыходзяцца межы трох раёнаў: Шаркоўшчынскага, Міёрскага і Глыбоцкага. Аднак капліца святога Яна Хрысціцеля, праз якую працякае крыніца, прыпісана да Чарневіцкай праваслаўнай парафіі Глыбоцкага раёна. Пры савецкай уладзе капліцу разбурылі, а ў 1985 годзе наноў адбудавалі.

Сюды едуць за сотні кіламетраў і нават з-за мяжы: Латвіі, Літвы, Польшчы. Прыходзяць паломнікі. Асабліва шматлюдна ў гарачыя летнія дзянькі. Людзі дабіраюцца ў гэтае незвычайна прыгожае месца з надзеяй, што святая ледзяная вада вылечыць іх застарэлыя хваробы. Па мясцовай традыцыі неабходна перахрысціцца і тры разы акунуцца ў крыніцу, якая не замярзае і ўзімку. Для гэтых мэт зроблена адмысловая купальня. Каб яна набыла сённяшні выгляд, шмат намаганняў прыклаў былы школьны настаўнік, а цяпер (воляю сямейных абставін) сацыяльны работнік Алег Вайцяховіч, жыхар Чарневіч.

– Памятаю крыніцу з маленства, прыязджалі сюды за дзесяць кіламетраў на веласіпедах на дзень нараджэння Яна Хрысціцеля, – распавёў Алег Вайцяховіч. – Добра ведаю, што з даўніх часоў тут хрысцілі дзяцей. Свой сённяшні выгляд капліца набыла тры гады таму. Неяк прыехалі з сябрам, які жыве ў Маскве, да капліцы, аглядзелі яе і вырашылі, што трэба штосьці рабіць, бо і сам будынак, і ўсё святое месца мелі не вельмі прывабны выгляд. Сябра прапанаваў дапамагчы матэрыяльна. Нам хацелася, каб людзі цягнуліся сюды.

Тры гады запар улетку Алег з дапамогаю некаторых мясцовых жыхароў шчыраваў на святым месцы. На сваім уласным трактары зрабіў добрую сотню рэйсаў. Але ж да самога яра немагчыма пад’ехаць. На адлегласць прыкладна ў 30 метраў трэба было насіць дошкі, цэмент, каменне. Добрыя людзі дапамаглі з перанасною электрастанцыяй, каб магчыма было правесці зварачныя работы. Прывезлі і патрэбную колькасць сеткі-рабіцы, каб умацаваць на ёй вялізны камень.

Напачатку Алег са сваімі памочнікамі меркавалі, што за адзін летні сезон усё зробяць, а работы расцягнуліся на тры гады. Зразумела, шчыравалі не кожны дзень, але бывала, што працавалі ўвесь ты-дзень, дзень у дзень.

– Летам 2010-га гарачыня дасягала 30 градусаў, – успамінае былы настаўнік. – Працаваць было вельмі цяжка. Гэты яр ветрыкам амаль не прадзімаецца. Іншы раз перад дажджом зусім немагчыма было дыхаць. Узніклі складанасці і з абсталяваннем купелі, разлічанай на шэсць кубаметраў вады. Крыху далей, за хмызнякамі, працякае рака. Луг каля яе заўсёды падпітваецца вадою. Калі выкапалі катлаван, зямля адразу стала апаўзаць, а яма – напаўняцца вадою. І так, і гэтак прыкідвалі, як змайстраваць купель на дзесяцігоддзі – выкладвалі тоўстымі дошкамі з дубу, у якія нават не кожны цвік удавалася з першага разу забіць.

Можна чакаць, што хтосьці ўсё для вас зробіць. А можна проста ўзяцца ды добраўпарадкаваць памятныя месцы там, дзе ты жывеш, спазнаць гісторыю роднага краю ці зрабіць яшчэ што-небудзь карыснае і для сябе, і для людзей.

Раіса МАРЧУК

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.