Шавец з Валожына
У вас прахудзіліся боцікі ці згубілі набойку на абцасе? Не смуткуйце! Лепей звярніцеся ў сацыяльную майстэрню па рамонту абутку, што кватаруе на тэрыторыі горада Валожына. Вам тут дапаможа знатны майстар Васіль Іванавіч Загорскі.
Новая работа стала для мужчыны своеасаблівай выратавальнай саломінкай, за якую ён з задавальненнем ухапіўся і нібы зноў набыў сэнс жыцця. Ніколі раней Васіль Іванавіч нават не ўяўляў сябе шаўцом, усё больш працаваў з металам (інструменталышчыкам у прафтэхвучылішчы), з дрэвам (у кватэры шмат чаго зроблена сваімі ўласнымі рукамі). Але лёс распарадзіўся па-іншаму. Стаўшы інвалідам, мужчына не страціў сябе, вырашыў набыць іншую прафесію. І калі яму прапанавалі паехаць у сталіцу, каб набыць новую спецыяльнасць, атрымаць неабходныя навыкі па рамонту абутку, не адмовіўся. Вынікам стаў трэці кваліфікацыйны разрад.
Рабочым месцам Васіля Загорскага забяспечыў Валожынскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, неабходнымі матэрыяламі, набойкамі, клеем – таксама. Штодзень у майстэрню прыходзяць да дзесяці кліентаў. Карыстаюцца паслугамі абутніка работнікі райбальніцы і цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, раённага вузла электрасувязі, іншых арганізацый і ўстаноў, што размешчаны паблізу, жыхары навакольных шматпавярховак. Для пенсіянераў, інвалідаў 1-2-й груп і дзяцей-інвалідаў прадугледжаны скідкі. Увогуле, рамонт каштуе танна для кожнага.
Вялікіх заробкаў у сацыяльнай майстэрні, зразумела, не атрымаеш, але мужчыну задавальняе тое, што новая работа знаходзіцца блізка каля дома, а яму, інваліду, гэта немалаважна, па-другое, што ніхто не гоніць у карак, не стаіць над душой, норму сабе майстар даводзіць сам. Стараецца выканаць заказ хутчэй, а ўжо спрыту і акуратнасці Васілю Іванавічу не пазычаць. Думаю, што валожынцы гэта ацанілі. І хоць месца для размяшчэння сацыяльнай майстэрні выбрана не лепшае – не ў самым цэнтры, – але слава бяжыць наперадзе чалавека, важна толькі яе заваяваць.
Лілія КУХТА
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.