Рыса аседласці

Поддержи

Шагал. Окно на даче. 1915 год.

Да дваццаці гадоў я не ведаў, хто такі Марк Шагал. Прызнаюся, што лічыў яго французскім мастаком. Тым больш, што яго прозвішча было яўна не рускае. Ну а пасля дваццаці я з вялікім здзіўленнем даведаўся, што гэты чалавек зусім не француз. Больш таго, ён не рускі, ён беларус, хоць бы па месцы нараджэння. Адным словам, наш чалавек, віцебскі. Віцебск знаходзіцца ад Гомеля на адлегласці прыкладна 300 кіламетраў. Выходзіць, я амаль што зямляк Шагала?

Праўда, тут ёсць адзін цікавы нюанс. Калі чытаеш расійскую перыёдыку, манаграфіі, то там пішуць без ценю сумнення: Шагал – рускі мастак, які нарадзіўся ў рускім горадзе Віцебску. Калі чытаеш перыёдыку беларускую, то, адпаведна, Шагал становіцца не рускім, беларускім мастаком. І хто мае рацыю? Усе.

Беларусы, на чыёй радзіме ён нарадзіўся, рускія, на чыёй радзіме ён вучыўся, французы, на чыёй радзіме ён жыў і працаваў. Увогуле ўсе грамадзяне гэтай планеты, бо Марк Шагал быў грамадзянінам свету. Як былі імі Веласкес альбо Цінтарэта, Рэмбрант альбо Ван Гог. Існае мастац-тва межаў не ведае (прашу прабачэння за банальнасць, але гэта так). Калі мне падабаецца Тулуз-Латрэк, я часткова француз. Што ў выніку так і ёсць…

***

У незвычайных людзей незвычайнае ўсё, нават момант з’яўлення на свет. Так, Марк Шагал нарадзіўся на ускраіне Віцебска, якая называлася Пескавацікі, пад час вялікага пажару. У яго кнізе «Маё жыццё» ёсць ілюстрацыі таго часу. «Усё ажывала, – пісаў ён, – людзі, жывёла, мэбля, а горад здаваўся яшчэ больш дзіўным».

Яго бацька быў грузчыкам прадуктовага складу. Ён нарадзіўся ў рысе аседласці – тэрыторыі, якая з 1791 года ахоплівала 15 расійскіх губерняў, ад Польшчы да Бесарабіі. Да Першай сусветнай вайны тут жыла амаль палова яўрэяў свету. Дарэчы, заснавальнікамі дзяржавы Ізраіль былі таксама нашы землякі (нядаўна памёр Шымон Пе-рэс, ён нарадзіўся ў мястэчку Вішнева на Валожыншчыне).

А дзед Марка быў усяго толькі забойшчыкам жывёлы, а дзядька – цырульнікам, яго сем братоў і сясцёр былі, трэба думаць, звычайнымі, традыцыйнымі людзьмі. Марк быў белай варонай. Гэты момант быў дакладна апісаны ў апавяданні Генрыха Бёля з такой жа назвай.

Вось род, вось яго прадстаўнікі. Як пісаў Даўлатаў, «усе людзі як людзі, а ты – бы хрэн на блюдзе». Выраз не вельмі прыстойны, але адпавядае сутнасці.

У прынцыпе, мастака можна зразумець па адной карціне – гэтага дастаткова. Для мяне такой карцінай была «Акно на дачы», 1915 год. Рэч даволі простая па кампазіцыі: сапраўды, рама, акно, два твары, напісаныя ў стылі Ван Гога, ярка-чырвоны глечык на тым жа вакне, фіранка, закручанная ветрам, за акном – белыя бярозы, зеляніна іх лісця, настолькі інтэнсіўная, што ўсё адразу становіцца зразумелым. На самой справе, гэта акно ў свет, неабсяжны і неабдымны, цікавы і страшны адначасова. Шагал напісаў сваё адчуванне.

І ў мяне такое ж адчуванне, таму «Акно на дачы» я часта сню. Асабліва калі на душы брудна, а хочацца чысціні.

***

Яго бацька, зразумела, не хацеў, каб сын пайшоў гэтай ненадзейнай дарогай – быў мастака. Калі Марк вырашыў ехаць вучыцца ў Санкт-Пецярбург, бацька кінуў яму на стол 27 рублёў – на ўсё пра ўсё. Перад гэтым была мастацкая школа Іегуды Пэна (у савецкім мастацтвазнаўстве ён меў імя Юлій).

Сёння школу Іегуды Пэна лічаць адным з галоўных цэнтраў яўрэйскага мастацтва таго часу. Думаю, Марк Шагал выйшаў з яе, хаця б часткова.

Пасля быў Піцер, жабрацтва, турма з-за адсутнасці месца для жыхарства, натуральна, голад. Дзіўна, але Марк асабліва не перажываў. Можа быць, гэта тое, што Леў Гумілёў называў пасіянарнасцю – груба кажучы, здольнасцю ісці да канца. У турме Шагал марыў аб чым? Аб тым, што ён з’яўляецца братам і пераемнікам Урубеля. Дастойная мара. І мне, калі ўявіць далейшую творчасць Шагала, яго ідэю фікс, цалкам зразумелая. Нягледзячы на манеру пісьма, у іх шмат агульнага. Параўноўваю, скажам, урубелеўскага «Дэмана» і шагалаўскі «Палёт над горадам». Асацыяцыі яўныя, яны чытаюцца з першага погляду. Хаця, можа быць, я не маю рацыі – не спецыяліст, толькі аматар.

На ўступных экзаменах у вучылішча тэхнічнага малявання барона Штыгліца будучы геній праваліўся. Потым была школа, якой кіраваў Мікалай Рэрых. Верагодна, Рэрых адчуў, што ў Шагала ёсць талент. Аднак іншыя настаўнікі гэтага не ўбачылі. Напрыклад, адзін з іх казаў Шагалу: «Што за ягадзіцу вы намалявалі? А яшчэ стыпендыят!» (Рэрых прызначыў Шагалу невялікую стыпендыю).

Наступнай была школа Кацярыны Званцавай, прыватная школа, дзе выкладалі Бакст і Дабужынскі. Што было ў выніку? Натуральна, і гэта школа была кінута. Мне цікава чаму, бо я сам шмат чаго кідаў. Адказ, па-мойму, зусім нескладаны: чалавек не вольны ў сваім выбары – ёсць лёс, і яго не пазбегнуць…

***

Яго слава пачалася рана. І менавіта ў Парыжы, куды Шагал упершыню трапіў у 1910 годзе. Парыж, Парыж… Мы яго любілі завочна, Шагал, як кажуць, у натуры. У яго там быў поспех, як аказалася, надоўга.

У Парыж мастак трапіў у жніўні 1910 года, дзякуючы мецэнату Вінаверу: ён прызначыў Марку стыпендыю – 125 франкаў у месяц. Безумоўна, Парыж яго ўразіў. Яўрэйскі хлопчык адкрыў цэлы новы свет і шчыра радаваўся. Тым не менш, мастацтвазнаўца Марсель Брыён тонка адчуў іншае: пасля прыезду ў тагачасную сталіцу свету Шагал «працягваў жывапісаць у духу і тэхніцы, якія нічога не вінныя Францыі». Інакш кажучы, Шагал застаўся Шагалам – віцебскім яўрэйскім хлопчыкам, усе ўспаміны якога былі звязаны менавіта з Віцебскам, з тым асяроддзем, дзе ён нарадзіўся, дзе вырас і сфарміраваўся як чалавек. Касмапалітычны Парыж не змог перарабіць радавое. Хаця з многімі і многімі, хто туды прыязджаў па славу, здаралася менавіта гэта. І яны знікалі…

Шагал паспеў паўдзельнічаць у Восеньскім салоне 1912 года. Магчыма, ён так і застаўся б у Парыжы, але пачалася вайна. А калі нам дрэнна і страшна, мы шукаем паратунку у, так бы мовіць, знаёмай сістэме каардынатаў: Марк вяртаецца ў Віцебск. У 1914 годзе ён піша работы «Гадзіннік» і «Люстэрка». Там ўсё крыху ірацыянальна, зрушаны і час, і прастора, яны разрастаюцца да абсалютных сімвалаў.

І тут я ўзгадваю даўнюю спрэчку з аднакласнікам. Спрэчка была аб Пабла Пікаса, які прыехаў у Парыж амаль адначасова з Шагалам. «Пікаса, Пікаса… Ну і што? Што там добрага? Нейкія квадраты, кубы… Нічога не зразумееш», – гаварыў мне аднакласнік. «А што табе падабаецца?» – «Ну, вось Шышкін, дапусцім, Куінджы. Прыгожа, зразумела. Вось гэта мастацтва!» І тады я не знайшоў, што адказаць. Бо сам часткова знаходзіўся пад уплывам «рэкламнага эфекту». Кшталту: піце кока-колу, бо яна добрая, і кропка.

Для маладосці характэрная несамастойнасць мыслення і максімалізм. Мне хацелася б вярнуцца да той спрэчкі, але, на жаль, немагчыма: аднакласнік даўно жыве ў Маскве і займаецца будаўнічым бізнэсам. Я жыву ў Мінску і працую ў газеце. Калі б вярнуцца было магчыма, то я яму адказаў бы наступнае: мастацтва не ёсць аўтаматычнае адлюстраванне жыцця, гэта ўвогуле новая рэальнась, якая ў рэальнасці не існуе, яна існуе толькі ў падсвядомасці мастака. Пры гэтым яна больш рэальная, чым само жыццё. Тут няма парадокса. Звычайны чалавек успрымае жыццё канкрэтна, мастак – абагульнена.

Думаю, нездарма шматлікія «ізмы» ўзніклі менавіта ў мінулым стагоддзі. Яно было вельмі страшнае, нават жудаснае, каб адлюстраваць яго у формах рэльных. Прадчуванне жудаснасці часу з’явілася яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя і, на жаль, спраўдзілася. Што ж вы хочаце ад мастака? Вы самі стварылі той час…

 ***

Калі ў мастака складваюцца адносіны з гледачом, у яго не складваюцца адносіны з іншымі, у прыватнасці, з уладай. Для савецкай краіны гэта сітуацыя тыповая. Яе прынята выражаць словамі: няма прарока ў сваёй айчыне. Супрацоўніцтва Шагала з новай уладай працягвалася з 1918 да 1922 года.

У 1918 годзе Луначарскі прызначае Шагала ўпаўнаважаным па справах мастац-тва ў Віцебскай губерніі. Шагал стварае Народнае вучылішча. Запрашае туды аўтара «Чорнага квадрата» Малевіча, Лісіцкага. Апошнія палічылі яго кансерватарам, бо Шагал не ўспрымаў беспрадметнага мастацтва. Вынік – Шагал пакідае вучылішча.

Ён едзе ў Маскву. Праца ў калоніі для беспрытульных, потым яўрэйская тэатральная студыя, потым яна стала Яўрэйскім камерным тэатрам, з Алісай Коанен, Саламонам Міхоэлсам, забітым пасля вайны ў Мінску шэфам МДБ Цанавай, з Усеваладам Мейерхольдам, якога расстралялі ў канцы 1930-х.

За паўтара месяца вар’яцкай работы Шагал стварыў сем пано, аформіў заслону, дэкарыраваў дах. Але – яго не захацелі. Ён не ўпісваўся ў схему. Сітуацыя наколькі звычайная, настолькі і трагічная. Рэжысёр тэатра Граноўскі крычаў Шагалу: «Хто тут рэжысёр: вы ці я?» У чарговы раз выслухаўшы гэта, уяўляю, Шагал і прыняў рашэнне – пакінуць Расію.

Дарэчы, год ад’езду таксама знакавы – 1922. Тады адчаліў ад берагоў радзімы «філасофскі параход», што пазбавіў краіну ад лепшых розумаў: філосафаў, вучоных, сацыёлагаў, літаратараў, якія потым сталі сусветнымі велічынямі. Праўда, ужо як жыхары іншых краін. Не Расіі, тым больш, СССР.

***

Потым было доўгае жыццё. Марк Шагал перажыў многае, настолькі многае, што звычайнаму чалавеку хапіла б на некалькі жыццяў. Напрыклад, спаленне карцін Шагала па загаду Гебельса ў 1933 годзе у Мангейме, смерць каханай (і адзінай) жонкі Бэлы, сусветная слава. Да стагоддзя Шагал не дажыў усяго два гады. Мне здаецца, тут таксама нейкі знак нябёс. Бог як бы сказаў: «Я табе даў дар – ты павінен адлюстраваць жыццё людзей на вось гэтым адрэзку іх жыцця…»

***

Часта думаю: калі б Шагал жыў у нашым часе, ён застаўся б Шагалам? Як звычайны чалавек – магчыма. Для мастака гэтага малавата. Не магу ўявіць, што ён бы стаў модным мастаком. Ну, кшталту Шылава, Нікаса Сафронава альбо Глазунова, можна сказаць, «дзяржаўных мастакоў».

Дый ўвогуле пытанне, відаць, некарэктнае. Кожны час нараджае людзей пэўнага тыпу. Час Шагала нарадзіў Шагала, час Глазунова – Глазунова. Нельга блытаць яйкі з яешняй. Шагал ніколі не губляў годнасці. Думаю, вызначальная яго рыса – пакінуць рысу аседласці, рысу, інакш кажучы, перадвызначанасці, зададзенасці, прынятых на сёння шаблонаў, стэрэатыпаў, правілаў паводзін і інш.

Яшчэ я думаю, што ён пражыў так доўга таму, што ніколі не здраджваў сваім унутраным перакананням.

Я думаю, што Марк Шагал быў шчаслівым чалавекам…

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.