Роўны сабе

У сярэдзіне 1990-х не стала Іосіфа Бродскага
Эпіграфы часцей выкарыстоўваюць у прозе, паэзіі, радзей – у журналістыцы. У мяне нядаўна ўзнікла думка: эпіграфаў заслугоўваюць таксама людзі. Не ўсе і не заўсёды. Такіх людзей не так многа. Іх многа і не павінна быць. Да жыцця Бродскага вельмі пасуюць словы Марціна Лютэра Кінга: «Свабодны! Свабодны! Нарэшце свабодны…»
Але чаму я пішу пра Бродскага? Якое дачыненне ён мае да Беларусі? А якое дачыненне да яе маюць Шэкспір, Гётэ, Сервантэс, Стэндаль, Бах, Моцарт? Апрача таго, што гэта краіна называецца Беларусь, а яе жыхары – беларусамі (з пэўнай доляй сумнення), мы яшчэ з’яўляемся часткай насельніцтва планеты. Па-мойму, так.
1.
Іосіф Бродскі нарадзіўся ў 1940 годзе ў Ленінградзе, памёр 28 студзеня 1996 года ў Нью-Ёрку. Перажыў свайго сябра Сяргея Даўлатава толькі на пяць з нечым гадоў. Ці – ажно на пяць. Бо ў Бродскага было хворае сэрца, ён перажыў некалькі інфарктаў і мог памерці ў любы дзень і год. Дзіўна, што ён увогуле столькі пражыў. Звычайна паэты так доўга не жывуць.
Павінен прызнацца: орган, які адказвае за ўспрыманне паэзіі, у мяне адсутнічае. Толькі проза, толькі проза, у тым ліку – жыццё. Паэт мне цікавы перш за ўсё як чалавек. У гэтым сэнсе Бродскі – акіян, а я стаю на яго беразе і спрабую ўмяс-
ціць гэты акіян у сабе. Хаця, магчыма, без вялікага поспеху. Вельмі вялікі акіян.
Дзіўная рэч, у Бродскага ёсць і проза, у прыватнасці эсэістыка – «Дыялогі Саламона Волкава з Іосіфам Бродскім». Калі іх чытаеш, то не пакідае адчуванне магіі, нейкага шаманства. Ты трапляеш у гэта поле і выйсці з яго ўжо не можаш, хаця разумееш, можа быць, сотую частку. Якая прымушае думаць да закіпання мазгоў. Як сказаў Пётр Вайль, яго «хочацца слухаць і слухацца».
2.
«І зноў-такі ён узяў мой бок на педсавеце, калі мне пагражалі выключэннем са школы за дрэнную дысцыпліну. “Як вам не сорамна! Вы, які носіць форму нашай арміі!” – “Флоту, мадам, – сказаў бацька. – І я абараняю яго таму, што я яго бацька. У гэтым няма нічога дзіўнага. Нават звяры абараняюць сваё дзіця. Аб гэтым сказана нават у Брэма”. – “Брэм? Брэм? Я… я паведамлю аб гэтым у партарганізацыю вашай часці”. Што яна, зразумела, і зрабіла» («Паўтара пакоі»).
Гэта Бродскі піша пра свайго бацьку. Ён быў марскім афіцэрам, потым – журналістам, фотакарэспандэнтам, звольненым з флоту таму, што яўрэй. Дзедам Бродскага быў пецярбургскі кнігавыдавец, другім дзедам – прадстаўнік фірмы «Зінгер» у краінах Балтыі і Польшчы. Паходжанне, адным словам, самае нявыгаднае для СССР.
«Паўтара пакоі» ўвогуле дзіўнае эсэ. Гэта як бы эпітафія сваім бацькам: Аляксандру Бродскаму і Марыі Вольперт. Эпітафія дзяцінству, стылю таго жыцця, яго духу. З якога нарадзілася гэта з’ява – Іосіф Бродскі.
Гэты урок – абарона свайго дзіцяці – толькі адзін з каменьчыкаў мазаікі. Аляксанр Бродскі, магчыма, не разумеў, што ён закладвае ў свайго сына. Яму наадварот хацелася, каб ён быў падобны на ўсіх. Відаць, што гэта атрымлівалася міжволі. Бацька быў народжаны свабодным, яшчэ да рэвалюцыі. А гэта ўжо – гены. Іх нічым не пераможаш.
3.
Быць падобным на астатніх – такая была ўстаноўка, ключ да выжывання Мне гэта знаёма. І мяне хацелі зрабіць такім, так што ўжо толькі гэтым Бродскі мне блізкі. Гэта калі з самага пяшчотнага ўзросту трапляеш у нейкія межы. Іншымі словамі, ты яшчэ не нарадзіўся, а межы ўжо ёсць, ты нарадзіўся – цябе старанна ўціскваюць у гэтыя межы. Бацькі – людзі дарослыя, яны разумеюць, дзе жывуць, і жадаюць свайму дзяцяці даброт, і таксама ўціскваюць яго ў межы. І атрымліваецца – раб. Прызначэнне якога – падпарадкоўвацца. Выконваць загады. Не быць, не знаходзіцца, не прыцягвацца.
Я хачу падкрэсліць: Іосіф Бродскі не быў дысідэнтам. Ён быў Іосіфам Бродскім, і гэтага хапала. Школу ён кінуў пасля восьмага класа: проста ўстаў сярод урока і выйшаў. Куды? На сонечную вуліцу. Яна скончылася Нобелеўскай прэміяй у 1987 годзе. Хаця да гэтага трэба было яшчэ дажыць, дацярпець, дапакутаваць.
4.
Паміж «сонечнай вуліцай» і «нобелеўкай» былі работа ў моргу, на заводзе, у геалагічных партыях, у інстытуце, арышты, псіхушка, пяцігадовая ссылка, прымусовая высылка за мяжу і шмат яшчэ чаго. Было вось яшчэ што – развітанне з бацькамі навечна. Дванаццаць гадоў бацькі дабіваліся магчымасці пабачыць сына перад смерцю. Ім не далі. Яны так і памерлі. Што такое была савецкая ўлада? Гэта камунізм плюс знішчэнне асобы. Спачатку духоўна, потым – фізічна.
Жыццё, я ўпэўнены, поўнае знакаў і сімвалаў. Іх толькі трэба ўмець чытаць. Морг, у якім нейкі час працаваў Іосіф Бродскі памочнікам празектара, выходзіў вокнамі на знакамітыя Крыжы – следчы ізалятар. Праз некалькі гадоў Бродскі туды і трапіў.
5.
Я люблю адну фатаграфію Бродскага. Яна датавана 4 чэрвеня 1972 года. Называецца вельмі проста: Іосіф Бродскі назаўсёды з’язджае са свайго дома. Тыпова піцерскі пейзаж, нейкія двое з тыповымі тварамі работнікаў КДБ, усё тыповае. Апрача вачэй паэта. Гэта вочы чалавека, якога вядуць на кару…
Я яшчэ толькі аднойчы бачыў такія вочы на фотаздымку. Іх, канешне, ні з чым не зблытаеш, на іх не забудзешся. А што была высылка за мяжу ў 1972 годзе? Тое ж самае, што і смерць. Іншымі словамі, чалавек знікаў, бо пісьмы перлюстраваліся, а тэлефонныя размовы праслухоўваліся. Цана адмовы ад рабства была вельмі высокая. У прынцыпе, як і цана свабоды.
Я яшчэ раз паўтару: Бродскі не быў дысідентам, як і не быў палітычным эмігрантам кшталту Букоўскага. Ён хацеў быць самім сабою і хацеў заставацца ў такой якасці. Толькі і ўсяго.
6.
Яшчэ ў 1960-я Бродскага пачалі друкаваць на Захадзе. Гэта, дарэчы, было адной з прычын пасадак у псіхушку і арыштаў. Гэта было адной з прычын таго, што яго не хацелі друкаваць на радзіме. Іншымі словамі, яго хацелі прывучыць есці з рук гаспадара. Ну, правільна, не мыццём, дык катаннем. Спачатку Еўтушэнка раптам «пажадаў» надрукаваць вершы ў знакамітым часопісе, але з 16-17 адабраў толькі 6, пасля чаго Бродскі паслаў усіх падалей. Потым адно выдавецтва хацела заключыць з ім дагавор на выданне кніжкі. Замест размовы з дырэктарам выдавецтва адбылася размова з двума супрацоўнікамі КДБ. Ну і, канешне, яго спрабавалі пераканаць, што трэба быць разумным і не «выступаць», калі перавесці ўсю размову на агульназразумелую мову.
Затое ў 1973 годзе прадмову да яго другой кніжкі на англійскай мове напісаў сам Уістан Х’ю Одэн. Гэта пераважае ўсе савецкія выдавецтвы разам з Еўтухам (так Бродскі называў свайго калегу Еўтушэнку).
Дагэтуль так: скажы, хто твой сябар, і я скажу, хто ты. Одэн – знакаміты англійскі класік, паэт, быў сябрам Бродскага. Па сутнасці, гэта былі людзі аднаго калібру. Нават улічваючы тое, што для Одэна англійская мова была роднай, а для Бродскага – непазбежным злом.
«Злом» таму, што нават пры «пятым пункце» ён быў паэтам рускім. Нават больш рускім, чым самі рускія. Парадокс, на якія наш час такі багаты.
7.
Першы раз я пабачыў Бродскага, як кажуць, ужывую дзесьці на пачатку 1990-х. Камусьці ў Расіі прыйшла думка зняць з ім серыю перадач з Італіі. Дакладней, з Венецыі, яго любімага горада. Дзе ён пасля смерці і пахавання ў Нью-Ёрку быў перапахаваны.
Ён мяне яшчэ тады пакарыў. Хаця быў ужо 1987 год. Нобелеўская прэмія як пропуск у вышэйшы свет, у свет небажыхароў, уся гэтая магія адзнакі, далучэння да «бессмяротных». Яна, канешне, моцна паўплывала на ўспрыманне – гэта, здаецца, сямейная рыса ўсіх «былых савецкіх».
Разам з аператарам Бродскі хадзіў па Венецыі, гаварыў і… больш, здаецца, нічога. І гэта зноў была нейкая магія. Яна была ва ўсім: у крыху адчужанай манеры размовы, у яе тэме, у гэтым яго любімым «так?» у канцы сказа, якое не давала пэўнасці – ці то сумненне, ці сцвярджэнне.
Можа быць, гэта яго асноўная рыса як чалавека – даваць суразмоўцу магчымасць зрабіць крок у адказ, як бы дэмакратычны рэверанс. Хаця ў паэзіі ён сабе такога дазволіць не мог. Паэзія такая рэч, што дазваляе толькі сольнае выкананне, дуэт тут немагчымы.
8.
Адчужэнне, аўтаномнае існаванне было не тое што яго крэда – гэта быў ён сам, яго стыль жыцця, уцёкі ад банальнасці і паўторнасці сітуацыі, тое, што ёсць крыж для нас, звычайных людзей, тое было яго асноўнай мэтай. У эсэ «Памяці Стывена Спендзера» ёсць вызначальныя радкі: «Ён… быў арганічна няздольны ні да якой банальнасці. Збітая ісціна злятала з яго вуснаў толькі таму, каб апынуцца поўнасцю перавернутай у канцы сказа».
9.
Ці многія з нас здольныя на гэта? Я маю на ўвазе – быць самім сабою? Не буду даваць адказ, хаця ён у мяне ёсць. Я захаваю дэмакратычную манеру Іосіфа Бродскага: няхай кожны сам адкажа на гэта пытанне. Мне здаецца, вельмі актуальнае.Увогуле, яно было актуальным увесь час, пакуль мы, людзі, існуем. Яно тым больш актуальнае таму, што мы пачалі трэцяе тысячагоддзе свайго свядомага жыцця. І якая розніца, хто мы па нацыянальнасці…
Нехта сказаў пра Бродскага, што ён меў ярка выяўленую, нават агрэсіўную індывідуальнасць. Безумоўна, так. Безумоўна, нельга патрабаваць гэтай якасці ад усіх. Таму, верагодна, мы і жывём менавіта так.
І пакуль мы не будзем мець індывідуальнась хоць крыху агрэсіўную, мы так жыць і будзем. Бо гаворка ідзе аб рэчах простых: быць свабодным ці быць рабом. Быць залежным ці незалежным. Сказаць «так» ці сказаць «не». Свет, безумоўна, складаны, але ўся яго складанасць зводзіцца да двух слоў – «так» ці «не»…
Ни страны, ни погоста не хочу
выбирать,
На Васильевский остров
я приду умирать…
Пры ўсёй сваёй паэтычнай бяздарнасці гэтыя радкі я чамусьці запомніў…
Сяргей ШАЎЦОЎ
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.