Разбураем бар’еры, адчыняем дзверы

Поддержи

10 снежня ў межах праекта «Інклюзіўная сацыяльная прастора на карысць усім», што быў распачаты ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» і Усеагульным саюзам інвалідаў Германіі «За самавызначэнне і годнасць», адбылася прэзентацыя фільма пра безбар’ерны турызм.

І наўрад ці было выпадковасцю (іх, як вядома, у жыцці не бывае ўвогуле), што 10 снежня – гэта Міжнародны Дзень правоў чалавека. Як было адзначана напачатку сустрэчы, правы інвалідаў – гэта неад’емная частка правоў чалавека, таму і гэты дзень у пэўным сэнсе – наш.

У межах вышэйзгаданага праекта ў кастрычніку гэтага года дэлегацыя Беларускага таварыства інвалідаў наведала Германію. Зараз у Беларусі толькі пачынае развівацца аграэкатурызм – не кажучы ўжо пра безбар’ерны турызм, таму беларускім рупліўцам, безумоўна, было на што паглядзець і чаму павучыцца за межамі краіны. Безбар’ерны турызм у Германіі існуе ўжо даволі даўно, а пра паслугі, якія прапануюцца ў гэтай сферы, мы пакуль што, на жаль, можам толькі марыць. Ну і, натуральна, пераймаць вопыт ды рабіць усё, каб і ў Беларусі ў рэшце рэштаў атрымаў належнае развіццё гэты накірунак турызму.

Частку прадстаўленага фільма склала вызначэнне даступнасці аб’ектаў горада Камянца, што непадалёк Белавежскай пушчы – у Беларусі гэта адна з самых прывабных мясцінаў для турыстаў. Методыка маніторынгу была распрацаваная сумесна з Рэспубліканскай асацыяцыяй інвалідаў-калясачнікаў. Астатняя частка фільма – кадры, зробленыя ў Германіі падчас наведвання аграсядзібаў ды іншых месцаў для адпачынку, прыстасаваных у тым ліку і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Натуральна, пасля прагляду фільма з’явілася пытанне: хто павінен убачыць яго, акрамя членаў арганізацыяў інвалідаў у Германіі і Беларусі. З аднаго боку, гэта падвядзенне вынікаў праекта, з іншага – фільм мусіць быць скіраваны на знешнюю аўдыторыю. У першую чаргу гэта датычыцца людзей, якія займаюцца аграэкатурызмам – варта паспрабаваць патлумачыць, што безбар’ерны аграэкатурызм – гэта не лішнія ды непатрэбныя выдаткі, а дзейсны спосаб прыцягнуць у краіну турыстаў з Еўропы. Зрэшты, гэта і не дабрачыннасць, як можа падавацца камусьці – безбар’ернае асяроддзе патрэбнае не толькі інвалідам, але і пажылым людзям і тым, хто часова – напрыклад, з-за хваробы, не можа добра і лёгка рухацца. Няблага таксама, калі б пра правільнае стварэнне элементаў безбар’ернага асяроддзя даведаліся таксама і будаўнікі – менавіта на этапе будаўніцтва часта з’яўляюцца памылкі, хаця першапачаткова будынкі могуць быць спланаваныя правільна. Тут у якасці прыклада быў прыведзены берлінскі Рэйхстаг. Каб падняцца на назіральную пляцоўку купала, унутры яго мусілі быць пабудаваныя прыступкі. Але гэта стала б непераадольнай перашкодай для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, таму замест прыступак быў зроблены пандус. І так, відавочна, давядзецца дзейнічаць у кожным канкрэтным выпадку – змагацца, дабівацца змены рашэнняў, настойваць на сваім…

Падчас размовы было выказанае меркаванне, што не варта казаць, як усё выдатна зроблена за мяжой і дрэнна ў Беларусі – хаця часта гэта і блізка да ісціны. Удзельнікі нямецкай дэлегацыі заўважылі, што і ў Германіі не ўсё так добра ў сферы безбар’ернага турызму:

– Гэта пяць адсоткаў, якімі мы задаволеныя, але ж мы не паказалі вам астатнія дзевяноста пяць, – такое выказванне наконт прагледжанага фільма прагучала падчас абмеркавання. Як і ў нас, у Германіі ёсць свае праблемы і цяжкасці; і гэтак жа, як мы арыентуемся на яе, так нашыя нямецкія калегі бяруць за ўзор для сябе Італію ды Фінляндыю.

Падчас размовы Даніла Уладамірскі ўзгадаў, што тэмай Міжнароднага дня інвалідаў з’яўляюцца словы «Разбурыць бар’еры, адчыніць дзверы: за інклюзіўнае грамадства і развіццё для ўсіх». Гэтае выказванне вельмі сугучнае і тэме праекта. Як заўважыў Даніла Уладамірскі, хацелася б спадзявацца, што атрыманы вопыт зможа прыадчыніць яшчэ адныя дзверы ў сферу безбар’ернага турызму. Варта помніць, што як бы ні рыпелі ды не паддаваліся іншыя дзверы, надыйдзе момант, калі яны шырока расчыняцца насустрач.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фото автора

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.