Раны зарубцавалiся, але не дае супакоiцца памяць
У добрым здароўі сустракае чарговую гадавіну Вялікай Перамогі жыхар вёскі Ракаў Валожынскага раёна Мiнскай вобласцi Мікалай Ігнатавіч Шумейка.
Мікалай Ігнатавіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны работнік Мінскага аўтапарка № 5, мае шмат ваенных і працоўных узнагарод. Гледзячы на гэтага сівавалосага ветэрана, ніколі не скажаш, што яму ўжо 90 гадоў. Нават у такім паважаным узросце ён нядрэнна сябе адчувае, па-мужчынску прыгожы, бадзёры і мужны. Ды і занятак iнвалiд вайны знайшоў сабе па душы – ахвотна займаецца пчалярствам. Дом яго размешчаны ў вёсцы па вуліцы Маладзёжнай. «Можа таму, – смяецца ветэран, – маю яшчэ жыццёвыя сілы і на падворку тое-сёе зрабіць, і пасеку дагледзець, што мой заліхвацкі настрой адпавядае гэтай назве».
Мікалай Ігнатавіч не любіць успамінаць ваенныя гады. Надта жорсткімі і крывавымі яны паўстаюць перад яго вачыма. На фронт трапіў толькі ў пачатку 1944-га, і адразу на перадавую. Служыў радавым у батальёне сувязі. Нашы войскі ў той час шпарка адцяснялі ворагаў на Захад. Батальён удзельнічаў у вызваленні Польшчы і яе сталіцы Варшавы, канцлагера Майданак, гарадоў на Дунаі, у прыватнасці, Будапешта. Памятае ветэран, і як фарсіравалі рэкі Одэр і Віслу. Здавалася, не было больш жорсткіх і страшных баёў, чым тут. Вось толькі нядаўна побач з табой бег салдат, і ўжо яго няма – застрэлены. З тых, хто выжыў, амаль ніводны не застаўся без ранення. Здавалася, нават прырода адпавядала гэтаму моманту – ураз пачарнелі дрэвы, кусты, зямля, у рэках пацякла крывавачырвоная вада. Мікалай Ігнатавіч не ведаў, ці выжыве. Кожную хвіліну не пакідала думка: «Яшчэ раз зірну на сонца, бо можа, у апошні раз». Аднак лёс дараваў яму жыццё, у той «мясарубцы» была пашкоджана толькі левая рука. Ён дайшоў да Берліна, кожны куток якога таксама адваёўвалі са страшэннымі баямі. Іх батальён трапіў у акружэнне. 6 мая, за пару дзён да Перамогі, Мікалай Ігнатавіч быў паранены ў сцягно. У цяжкім стане яго адправілі ў шпіталь у Гамбург. Там і сустрэў Дзень Вялікай Перамогі. Пасля вайны яшчэ каля года служыў у Карпатах, на чэхаславацка-ўкраінскай мяжы, змагаўся з бандэраўцамі, якія доўгі час не давалі наладжваць мірнае жыццё мясцоваму насельніцтву.
У 1946-м вярнуўся на радзіму. Аднак заставацца ў роднай вёсцы Ласокіна не было жадання – усё тут навявала сумныя ўспаміны пра тое, як да вайны прызналі ворагам народа і раскулачылі бацьку. Таму ўладкаваўся вадзіцелем у Мінскі аўтобусны парк. Сёння за плячамі Мікалая Ігнатавіча сотні тысяч кіламетраў бясконцых дарог, бо працаваў не толькі на гарадскіх, але і на міжгародніх рэйсах. Выгадаваў дзвюх дачок, дачакаўся ўнукаў, праўнукаў. Цешыцца, што мае магчымасць жыць сярод сваіх родных. А калі пайшоў на пенсію, пераехалі з жонкай у Ракаў – моцна паклікалі вясковыя карані.
«Раны даўно зарубцаваліся, аднак не дае супакоіцца памяць, не сціхае боль у сэрцы. Не дай Бог яшчэ раз перажыць такое. Але не дай Бог і яго забыць…», – са слязамі на вачах гаворыць ветэран.
Святлана СУХАДОЛЕЦ
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.