«Раней, не як цяпер». Пабывалі ў вёсцы Цярэні, што на Сенненшчыне

Поддержи

Вёска Цярэні схавалася сярод парослага лазняку ў глыб ад шляху, што звязвае вёскі буйныя, бачныя здалёк, у якіх яшчэ дзейнічае пэўная інфраструктура. Тут няма аўтобуснага прыпынку. Трэба выйсці з лазняку на дарогу. Рэйсавы аўтобус ходзіць два разы на дзень. Дзякуючы такому раскладу праз хвілін сорак можна даехаць да чыгуначнага вакзала ў Багушэўску, з якога, пачакаўшы дызеля хвілін трыццаць, праз гадзіну апынешся ў Оршы ці Віцебску.

Вось такая геаграфія. А хто ж жыве ў гэтым населеным пункце Сенненшчыны? Праехаўшы па адной-адзінай вуліцы, адчуваеш замілаванасць і ўтульнасць ад роўненька выбудаваных па абодва бакі хатак, акуратненькіх, пафарбаваных, дагледжаных, са стракатымі палісаднікамі і сціплымі вясковымі кветкамі. Па ўсім верагодна, што суседзі тут жывуць дружна. Вёска хоць і маленькая, аднак хтосьці косіць на панадворку, дзесьці чуваць музыка. Гаспадары, відаць, прывыклі працаваць пад вясёлыя мелодыі. Павіталіся з 90-гадовай жыхаркай, якая ўжо мала і памятае, але заўсёды рада бачыць людзей. А вось там, праз ручай, чуваць брэх звяглівага сабакі. Кідаеш погляд на прасторны двор з двума трактарамі і ўсякімі прыладамі да іх. Гэта сядзіба сям’і калгаснікаў, што працуюць у суседняй гаспадарцы. Цярэні ад іншай вёскі, што знаходзіцца амаль побач, падзяляе старэнькі магазін. Зайшлі ў краму. Асартымент невялікі, аднак усё патрэбнае ёсць. За размовай з вяскоўцамі даведаліся, што тут шмат выхадцаў з прозвішчам, сугучным назве мясцовасці. Заўважылі жанчыну ў гадах, што сядзела з пакупкамі ля дзвярэй. Гэта Ніна Міхайлаўна Іваненка, 75-гадовая жыхарка Цярэняў. Былая калгасніца, працаўніца фермы, ад якой на ўзвышшы толькі застаўся будынак. Яна з зацікаўленасцю паглядзела на нас (гэта і зразумела – новых людзей у вёсцы сустрэнеш нячаста). Жанчына згадзілася пагаварыць з намі пра сваё жыццё-быццё і запрасіла да сябе ў госці.

«Працавалі і ўсё паспявалі!»

Пакуль Ніна Міхайлаўна раскладвала купленае, мы ўладкаваліся ля акна. Яна лагодна ўсміхнулася, прысела насупраць, паглядзела на двор, задумалася, і здалося, быццам зазірнула ў мінулае. Сціплая, ціхім голасам яна пачала ўспамінаць былое…

Аказалася, што да замужжа наша гераіня пяць гадоў працавала ў Віцебску на фабрыцы «КІМ». Родам з гэтых краёў. Калі выйшла замуж, прыехала ў знаёмую вёску. Маладая жонка жыла ў адной хаце са свякрухай і дваюраднай сястрой свёкра. Свекрыві не стала праз два гады. А вось з цёткай мужа Ніна Міхайлаўна пражыла 25 гадоў. Гэтая жанчына была невідушчай. Гаспадыня ішла на працу дзяцей пакідала сваячцы.

«Ужо яны не адны былі, – дадае Ніна Міхайлаўна. – Дык іншым разам і дроў мне ў хату прынясе, і падлогу памые. Вочы ж не бачаць: калі добра памые, а калі так сабе. А дзеці падраслі і ўжо сталі разумець, што яна не бачыць. Дык уцякуць ад яе, схаваюцца. Усяк было», – успамінае жанчына.

«Цяпер жыву адна. Муж памёр у 2014-м. Адзін сын у Віцебску, другі ў суседняй вёсцы. Дачка жыве ў Оршы, – расказвае мая новая знаёмая. – Унукі бываюць рэдка. Старэйшая ўнучка жыве ў Бабруйску, а малодшая ў Оршы. Дзевяць класаў скончыла. Як маленькія былі, дык прыязджалі да бабулі, – тлумачыць Ніна Міхайлаўна.

– Якія вашы гады… – падбадзёрваю сваю суразмоўніцу.

«Мне ж 75 гадкоў, – падхопліваецца гаспадыня. – А колькі папрацавала? Трыццаць сем гадоў цялятніцай на ферме. Апошнія пяць гадоў – даяркай. Як мы працавалі і як цяпер – гэта не параўнаць. Самі на поле ездзілі, травой запасаліся. Самі граблі, грузілі, на конях вазілі, раздавалі. Кожнае цяля кармілі з вядра, – успамінае былая калгасніца. – У станочку было па шаснаццаць цялят, кожнага выпойвалі. У нас і прыбаўленне ў вазе было да кілаграма і дзвесце грамаў. І падзяжу не было».

Ніне Міхайлаўне на пенсіі прыйшлося-такі дзень папрацаваць на ферме і ўзгадаць былое.

«Памятаю, мы яшчэ тады трымалі карову. На двор прывезлі сена, трэба было парадчыць. Мой гаспадар ужо не мог дапамагаць. Папрасіла аднавяскоўца, які працаваў на ферме. Кажу яму: за цябе схаджу, папрацую, а ты сена мне ў пуню складзі. Ён адказвае: ведаю – сходзіш, бо добра знаеш сваю справу. Але як паглядзіш на цяперашнія парадкі – за вушы возьмешся, – адказаў калгаснік. Ну а я пабыла за яго. Прыйшла дамоў, кажу: ладна, усё нармальна», – сціпла ўсміхаецца Ніна Міхайлаўна.

«Два разы на дзень чысцілі ў цялятніках, – працягвае суразмоўніца. – У стадзе нованароджаных забіралі. Стружкамі падсцілалі, што самі насілі ў мяхах. У бітонах, а потым вёдрамі насілі малако і перагон у стойла, дзе трымалі дзвесце сорак цялят. На поле ездзілі і ўсё ўручную рабілі», – працягвае свой аповед пенсіянерка.

– Можа, у вас і падзячныя лісты маюцца, узнагароды за шматгадовую працу?

«Я нават ветэрана працы не зарабіла, – з горыччу прызнаецца былая калгасніца. – Паехала атрымліваць пенсіённае пасведчанне ў райсабес, а там наш былы старшыня калгаса працаваў. Ён і кажа: вы шмат пытанняў задавалі – не зарабілі. Шчыра кажучы, мы, даяркі, не давалі спуску нікому. А гэта не ўсім падабалася», – прызнаецца жанчына.

Ніна Міхайлаўна расказвае, як аднойчы брыгадзір вырашыў праверыць працаўніц.

«Правяраў, ці не спазняемся, як ходзім на працу. А мы а сёмай ужо на працы былі. Цэлы месяц, кожны дзень нас правяраў. А тады і кажа: цяпер упэўніўся, што вы кожны дзень як трэба ходзіце на работу», – узгадвае руплівіца.

– А як жа паспявалі гадаваць дзяцей?

«Вось так і паспявалі, – адказвае жанчына. – Свае конь і дзве рагулі былі. Трэба было падаіць і ў поле выгнаць. У тры гадзіны падымалася, тапіла печку, а тады свой скот карміла і ішла на ферму. Там справішся, а дома і градкі, і ўсё. Яшчэ трое дзетак! Потым і ўнукі пайшлі… У мяне дзеці старэйшага сына гадаваліся. Маленькія зусім, па тры гадкі. Памятаю, удваіх за ручкі трымаюцца і прыйдуць да мяне на поле».

Ніна Міхайлаўна скардзіцца на здароўе. Мяркуе, што ўся прычына ў цяжкай фізічнай працы. За ўсё жыццё, успамінае гаспадыня, з роднай вёскі далёка не выязджала. Не магла пакінуць гаспадарку. «А цяпер заморваюцца, – негадуе яна. – Пагляджу: для даярак добрыя ўмовы стварылі. Цяпер зусім іншае, усё па трубачках».

 – А муж дапамагаў па гаспадарцы?

«Я разам з Анатолем Сямёнавічам рупіліся на ферме. Ён з 1942-га, а запісаны ў метрыках як з 1944-га. У свякрухі дзяцей было шмат, жылі пасля вайны бедна. Тады нейкія грошы на малых выдзялялі. Трэба ж  было сям’ю нечым карміць. А ён у дзяцінстве быў маленькі, шчупленькі – вось яго на два гады і памаладзелі…» – прыводзіць факты з жыцця мужа Ніна Міхайлаўна.

«Заўсёды ўдваіх былі. Дзеці сталі падымацца – яны дапамагалі. Мой гаспадар быў заядлым грыбніком-ягаднікам! Грыбоў прынясе, а мне іх трэба было пачысціць і зварыць. А калі іх у лесе шмат, мог і два разы схадзіць. І сушылі тыя грыбы, і смажылі, і катлеты рабілі».

«Бацькі былі ў партызанах»

«Мы ж тут з бацькамі жылі побач. Ад вёскі Цярэні да Ліплянска – тры кіламетры. Мой тата Міхаіл Нічыпаравіч Баркоўскі (1921 года нараджэння) і маці Вольга Ягораўна Баркоўская (1924 года нараджэння) былі ў партызанах. У іх атрадзе ўсе загінулі, нікога не засталося. Медалёў вельмі шмат. Партрэты бацькоў знаходзіліся на дошцы ветэранаў у вясковым клубе, – расказвае Ніна Міхайлаўна і тлумачыць, што мама і тата падчас вайны бывалі ў засадзе, сядзелі ў балоце. – Ногі, памятаю, «гнілі», яны былі дужа ў цяжкім стане, – расказвае дачка партызан і ўдакладняе, што бацькі сышліся падчас вайны. – Мая сястра нарадзілася ў 1946 годзе, брат у 1948-м, а я ў 1950-м. Малодшая сястра нарадзілася ў 1955-м. Брат памёр, а сёстры жывуць у Віцебску».

– Ніна Міхайлаўна, раскажыце, калі ласка, пра сваё дзяцінства.

«Памятаю, мне гадоў дзесяць было. Калі сена нарыхтоўвалі, усё ўручную рабілі. Мая мама, калі на сенакосе, магла ў адзінаццаць вечара вярнуцца. А мы ўжо самі ўпраўляліся. Карова ў нас білася, не маглі яе падаіць. Дык маці толькі карову падоіць. А ўсё астатняе па гаспадарцы мы паробім, пакуль яна прыйдзе».

– Які тады быў самы лепшы ласунак?

«Дык яго ж не было (усміхаецца)! Бедна жылі. З чаго гатаваць? Я ў школу хадзіла. Дык маці бульбы налупіць, дранікаў насмажыць, ці ладак спячэ. У школу возьмеш і гэтымі ладкамі падсілкуешся. Гэта цяпер кормяць, а раней жа не кармілі. Вучыцца хадзілі ў Какоўчына, тры кіламетры з Ліплянска».

«Стараюся не сумаваць»

– А як цяпер вам жывецца? Вёска ж ваша зусім маленькая, не сумуеце?

«Стараюся не сумаваць. У магазін хаджу, як хлеб заканчваецца. Дзеці, што трэба прывозяць з горада. Пошта прыязджае да кожнага дома, пенсію ж раздаюць. Усе прадукты ёсць – і малочныя, і мясныя. А газеты разносяць, хто прыйдзецца. Калі ў гэты дзень пенсія і пошта, тады паштовы работнік прынясе. А так па суседстве пляменнік жыве, у магазіне бывае. Дык ён прынясе».

– У магазін прывозяць пошту?

«У нас даўно няма пункта сувязі. У нашым канцы вёскі газеты толькі я выпісваю і Зоя, што ў магазіне гандлюе», – тлумачыць пенсіянерка.

– А ў маладосці як адпачывалі, можа, у санаторыі ездзілі?

«Адвяжыцеся, які санаторый, – смяецца былая калгасная руплівіца. – Я ў Багушэўску (гарадскі пасёлак за дзесяць кіламетраў ад вёскі) не была тры гады. У мяне тэлефон ёсць – і хатні, і мабільны. Сяброўкі, суседзі ёсць. Побач жыла Рэня, паралізаваная, год як памерла. Дык хадзіла да яе, прыносіла тое, што ёй патрэбна было. Насупраць жыве Кацярына Шчаўлікава з мужам. Яна брыгадзір у суседнім калгасе, а ён трактарыст», – расказвае пра вяскоўцаў мая суразмоўніца і скардзіцца на цяперашнюю сітуацыю на вёсцы: «Калісьці было трыццаць кароў у нас. А цяпер на цэлую вёску адна рагуля. Толькі Барысаўна трымае. Але мужык памёр, зіму пратрымае і будзе збываць».

– Які ў вас распарадак дня? – цікаўлюся, каб прагнаць сумныя думкі маёй суразмоўніцы.

«Які распарадак (смяецца). Калі захачу спаць, тады і лягу. Калі захачу – прачнуся. Учора во ў краму схадзіла, у агародзе пакорпалася. Увечары гляджу перадачы. Схаджу ў магазін, прыйду, адпачываю. Сёння замарылася, нікуды не пайду», – тлумачыць Ніна Міхайлаўна.

– Гаспадарку трымаеце?

«Два каты і сабака былі. А сёлета мой сабачка знік. Так бы ён вас не пусціў, цяўкаў бы, – уздыхае жанчына. – Зямлі шмат, а толку. Раней хоць крыху сама нешта магла, дык садзілі, людзей наймалі. Цяпер не магу нічога. З памідорамі ў парніку дачка дапамагае. А яна ж не наездзіцца, таксама працуе. Унучка экзамены здавала. Кожныя выходныя прыязджалі. Зараз ездзіць некалі. Сын у Віцебску, а ў другога – свой дом, таксама агарод. Ці многа дзеці цяпер дапамагаюць бацькам?» – пытаецца Ніна Міхайлаўна.

«У печцы во ўжо некалькі дзён не паліла. Трэба рамантаваць, – тлумачыць пенсіянерка. – Ваду ў калодзежы бяру, яшчэ магу прынесці сабе, – усміхаецца. – Сын, калі прызджае, топіць лазню. На Вялікдзень булку пякла. Па матуліным рэцэпце, – удакладняе Ніна Міхайлаўна. – Раней усё прыбірала, як магла.  Гэтым разам да свята нічога не сцірала. Ціск падняўся. Сёлета ўсе дзеці сабраліся».

– Не баіцеся адны тут, у маленькай вёсцы, без родных?

«Хто да мяне пойдзе, каму я нада, – усміхаецца мая гераіня і дадае: – Па маёй вуліцы жыве сям’я, нядаўна з Аланцьева пераехалі. Яшчэ 90-гадовая бабулька. «Больш ніхто не жыве».

– Як спёку трываеце?

«У хаце сяджу. А што мне спёка? Танометрам тры разы ціск перамераю. Потым звяраю: першы раз можа паказаць няправільна», – патлумачыла жанчына.

Прашу гаспадыню мяне праводзіць. Выйшлі на чысценькі двор. На сакавітай траўцы два пухнатыя каты грэліся на сонейку. На маё пытанне, ці пускае іх у хату, адказала:

«Пускаю. А як жа. Калі не пусціць, то мышы з’ядуць», – пажартавала Ніна Міхайлаўна на развітанне.

Надзея Зуева

Фота аўтара

 

 

Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.