Прыступкі, лесвіцы і тратуары Валожына

Поддержи

Чытачы газеты могуць узгадаць, што нядаўна мы пісалі пра праект «Валожын без бар’ераў», які распачаўся ў мінулым годзе. 10 лютага ў Валожыне прайшоў адмысловы трэнінг для валанцёраў, якія будуць высвятляць, наколькі даступныя гарадскія пабудовы для людзей з інваліднасцю. Маніторынг пачнецца ў красавіку і закончыцца ў чэрвені, плануецца, што за гэты час будуць абследаваныя прыкладна 170 будынкаў, у асноўным тыя, дзе аказваюцца сацыяльныя паслугі або дзе можна адпачыць (у тым ліку сярод іх будуць і 18 аграсядзібаў у Валожынскім раёне). Потым частка іх будзе прыстасаваная для карыстання людзьмі з інваліднасцю.

Удзельнікамі трэнінгу сталі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, Беларускага таварыства інвалідаў і Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, Беларускай грамадскай арганізацыі «Отдых в деревне», прадстаўнікі фонду «Интеракция», уладальнікі аграсядзібаў і супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе і праходзіў семінар.

***

Увогуле ў праекце тэрытарыяльнаму цэнтру адводзіцца важная роля: плануецца, што ў ім размесціцца хостэл, дзе змогуць жыць і адпачываць людзі з інваліднасцю. Пакуль жа добры сучасны рамонт зроблены толькі на першым паверсе, а варта падняцца на другі – і нібыта пераносішся ў далёкія савецкія часы, калі, уласна, і было пабудавана памяшканне. Праўда, як са смехам расказалі нам, і гэты будынак давялося пакой за пакоем адваёўваць у аддзела адукацыі. Цяпер на першым паверсе цэнтра знаходзіцца аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, на другім – для людзей сталага ўзросту, а разам наведнікі цэнтра дзеляць два кабінеты – камп’ютарны клас і майстэрню па дрэваапрацоўцы.

Ідзем у сувенірную майстэрню цэнтра. Першае ўражанне – не ведаю, на што спачатку глядзець, вочы разбягаюцца. Вось незвычайнай прыгажосці карціны, створаныя ў тэхніцы роспісу па тканіне. На стале – напаўзробленыя грэлкі на чайнік, кошыкі з кветкамі – выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ужо рыхтуюць падарункі для матуляў да свята вясны. Ільняныя абрусы і сувеніры, зробленыя для аграсядзібаў, невялікія мяшэчкі для просвіраў з вышытай манаграмай «Христос Воскрес!», маленечкія дзіцячыя рэчы для радзільнага дома, цёп-лыя вязаныя шкарпэткі, кухонныя стальнічкі, аформленыя ў тэхніцы дэкупаж – выхаванцы цэнтра робяць шмат прыгожых рэчаў.

Ёсць у тэрытарыяльным цэнтры кухня, дзе гадаванцы вучацца гатаваць. Некаторыя працуюць у класе дрэваапрацоўкі, дзе пад наглядам педагога вырабляюць, нарыхтоўкі для сувеніраў – тыя ж самыя стальнічкі або невялікія дрэўцы-падстаўкі для ўпрыгожанняў ды іншае. І ўсё гэта самымі простымі інструментамі – пілою, дрылём і лобзікам.

***

З цэнтрам мы пазнаёміліся, цяпер ідзём на семінар. Перад тым як выйсці ў горад і пачаць вывучаць ды абмяраць будынкі, трэба падрыхтавацца тэарэтычна.

Спачатку слова мела архітэктар, выкладчыца Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Наталля Лазоўская. Яна расказала, як ствараюцца даступныя аб’екты ў краінах Заходняй Еўропы, і падмацавала свае словы зробленымі ўласнаручна фотаздымкамі. Асобна архітэктар расказала пра ўніверсальны дызайн асяроддзя, транспарту і прадметаў побыту. Ён не ствараецца адмыслова для інвалідаў і людзей з асаблівымі патрэбамі, а прызначаны для карыстання ўсімі людзьмі, без падзелу іх на здаровых і абмежаваных у магчымасцях.

Пасля намеснік старшыні Беларускага таварыства інвалідаў Сяргей Драздоўскі расказаў у падрабязнасцях і ў лічбах, якая ж яна – даступнасць, якімі павінны быць аўтамабільныя паркоўкі і тратуары, пешаходныя пераходы, лесвіцы і прыступкі, дзвярныя праёмы, поручні і шмат іншых элементаў асяроддзя. Лічбаў было вельмі шмат! Каб яны лягчэй запаміналіся, удзельнікам трэнінгу раздалі адмысловыя памяткі, дзе ўсе гэтыя нормы былі пазначаныя.

***

Падмацаваныя тэарэтычнымі ведамі, мы выходзім на вуліцу, папярэдне падзяліўшыся на групы. Нас чакаюць тры будынкі: гасцініца «Корона», кінатэатр «Юность» і райвыканкам. Акурат яго будынак і будзе абследаваць і абмяраць нашая група, разам з намеснікам старшыні Валожынскага райвыканкама Пятром Бібікам і старшынёй Беларускага таварыст-
ва інвалідаў Уладзімірам Патапенкам.

Пачынаем з вуліцы. Першае, што заўважаем, выйшаўшы з машыны, – высокія бардзюры. Рулеткі пад рукою ў гэты момант не аказалася, і вышыню бардзюра паспрабавалі вызначыць з дапамогаю аркуша паперы. Памер яго вядомы – 20х30 см, і дастаткова было прыкласці аркуш да бардзюра, каб стала відавочна, што бардзюр акурат і ёсць 20 см. У інваліднай калясцы і без суправаджэння тут не прайсці.

Пандуса ў будынак няма, зрэшты, месца для яго ўсталявання ўжо выбранае, і прасторы дастаткова, каб уваход у будынак быў зроблены па ўсіх правілах. Ідзем далей. Уваходныя дзверы ў будынку новыя – і, на жаль, двухстворкавыя. Для шырокай інваліднай каляскі адна створка можа быць вузкай, а другая звычайна зачыненая, і да замка ўверсе з каляскі не дацягнуцца.

Унутры будынка, пад пільным вокам міліцыянера, вывучэнне безбар’ернага асяроддзя працягваецца. Вестыбюль райвыканкама ўмоўна падзелены на дзве часткі: адна з іх – узровень з уваходнымі дзвярыма, другая – усяго на некалькі прыступак вышэй, але з-за гэтага пра даступнасць казаць ужо не даводзіцца. Для пачатку абмяраем прыступкі: аказваецца, што яны розныя па вышыні (вышыня прыступкі не павінна перавышаць 12 см), даўжыня таксама недастатковая, не дасягае патрэбных 40 см. Адно добра: у ніжняй частцы вестыбюля акурат хапае месца, каб зрабіць добры, зручны пандус да вышэйшай часткі памяшкання. Гэта значыць, што на першы паверх райвыканкама, дзе знаходзіцца ў тым ліку і служба «Адно вакно», інваліды-калясачнікі змогуць трапіць.

Іншая праблема, якая паўстане, калі будуць усталяваныя пандусы, – гэта прыбіральні. Натуральна, што трапіць туды інваліду будзе або вельмі складана, або немагчыма ўвогуле. Будынак райвыканкама, узведзены за савецкім часам, такіх «дробязяў» не прадугледжваў. Добра, што часы змяніліся.

Усцешвае, што прадстаўнікі раённай улады выказалі гатоўнасць вырашаць праблемы даступнасці. Прынамсі, праект стварэння пандуса ў будынку ўжо адпраўлены на зацвярджэнне, думаецца, што ў хуткім часе ён з’явіцца. Дарэчы, пад час вывучэння будынка быў згаданы яшчэ адзін важны пункт – паркоўка. Каля самога райвыканкама яе няма, прыпаркаваць аўтамабіль можна за дзве сотні метраў ад яго. І зноў жа, паркоўку і райвыканкам раздзяляюць пакуль што неадольныя бардзюры. Зрэшты, і на гэтую праблему ва ўстанове абяцалі звярнуць увагу.

Заўважу, у будынках кінатэатра і гасцініцы таксама не ўсё ідэальна, праблемы падобныя: у гасцініцы хаця і ёсць нумар для людзей з інваліднасцю, але ён знаходзіцца на рамонце, і зайсці туды не атрымалася. У кінатэатры для людзей з інваліднасцю таксама не прыстасаваныя прыбіральні, а некаторыя са створаных там элементаў безбар’ернага асяроддзя патрабуюць пераробкі – як, напрыклад, пандус з галавакружным ухілам, падняцца па якім зможа толькі добра падрыхтаваны спартсмен, ды і тое, відаць, з рызыкай для жыцця.

Але справа пачатая, паціху рухаецца наперад, пэўныя дасягненні ўжо ёсць. У хуткім часе будзем чакаць навінаў аб тым, як жа паўстае бадай адзіны ў Беларусі горад з суцэльным безбар’ерным асяроддзем.

***

Валожын – досыць невялікі горад, цяпер у ім жыве каля 12 тысячаў чалавек. Бадай што ўсе важныя гарадскія ўстановы знаходзяцца непадалёк адна ад адной. У самым цэнтры горада будынкі райвыканкама, кінатэатра і касцёла святога Іосіфа з трох бакоў абступілі плошчу Свабоды. На ёй у невялікім скверыку ўсталяваны помнік воінам-інтэрнацыяналістам, якіх у апошнія гады усё часцей пачынаюць ушаноўваць. А побач з выканаўчым камітэтам я пабачыла надпіс, кранальны ў сваёй шчырасці:

 

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.