«Праменьчык», «Спарта» і мядзведжая акадэмія

Поддержи

Сёння мы працягваем знаёміць вас з праектамі, якія здзяйсняюцца ў Беларусі Праграмай развіцця ААН і фінансуюцца Еўрапейскім Саюзам. Што ўсцешвае – нямала сярод іх ініцыятываў, якія тым ці іншым чынам паляпшаюць і палягчаюць жыццё людзям з інваліднасцю. Няхай і зусім нямногім з іх, але, калі перафразіраваць вядомае выказванне, хочаш зрабіць шчаслівым увесь свет – пачні з тых, хто побач з табою. Распавяду, як гэта адбываецца на Смаргоншчыне.

Інклюзія ў бібліятэцы

Праграма развіцця ААН,
«Мяне ліска нясе ў высокія горы, у глыбокія норы…». Сцэна са спектакля «Кот, ліса і пеўнік».

Будынак мясцовай дзіцячай бібліятэкі надта не прыцягвае ўвагу – звычайны, тыпавы, савецкіх часоў. Савецкі – гэта значыць, што пра даступнасць для дзяцей з інваліднасцю казаць не даводзіцца: вузкія дзверы, шмат прыступак, цесныя калідоры. Ніякіх праблемаў для звычайных дзяцей, але дзіцё ў інваліднай калясцы сюды не трапіць. Тым не менш менавіта ў бібліятэцы здзяйсняецца ініцыятыва, у якую ўцягнутыя дзеці-інваліды з усяго раёна: тут існуе інклюзіўны лялечны тэатр «Праменьчык» у межах ініцыятывы «Арганізацыя асяроддзя для пераадолення сацыяльнай ізаляванасці дзяцей з інваліднасцю праз стварэнне лялечнага тэатра «Праменьчык» у рэжыме анлайн у гарадской дзіцячай бібліятэцы».

– Тэатр у нашай бібліятэцы працуе ўжо даўно, больш за 20 гадоў. Але неяк калегі са Смаргонскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання паскардзіліся, што іх выхаванцы, акрамя цэнтра, нідзе амаль не бываюць. Так і з’явілася думка прыцягнуць да лялечных спектакляў дзяцей з цэнтра і тых, хто вучыцца на даму, – расказала дырэктар бібліятэкі Зоя Андрэеўна Дурэйка. Найперш звярнуліся да намесніка старшыні райвыканкама і старшыні раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Генадзя Паўлавіча Бычко.

– Я па адукацыі біёлаг і ведаю, што дзеці з сіндромам Даўна маюць цяжкія арганічныя паражэнні, – распавёў Генадзь Паўлавіч. – Але калі да мяне звярнуліся з такой прапановай, я адразу ўспомніў амерыканскі фільм «І тут прыйшоў Джон». Асноўная ідэя яго ў тым, што чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі трэба даць шанец стаць часткаю грамадства, і магчыма, ён будзе паспяхова развівацца. Таму ідэю з радасцю падтрымалі ўсе зацікаўленыя, і сумеснымі намаганнямі тэатр запрацаваў па-новаму.

Праграма развіцця ААН
Наведнікі тэрытарыяльнага цэнтра на занятках.

– Дзякуючы фінансаванню ініцыятывы было адрамантаванае памяшканне ў бібліятэцы, дзе ладзяцца спектаклі, індывідуальны прадпрымальнік дапамог зрабіць шырму, – пералічвае Зоя Дурэйка. – Мы набылі абсталяванне, часткова перадалі яго ў карэкцыйны цэнтр і дзецям, якія ўдзельнічалі ў прадстаўленнях дома, частка абсталявання засталася ў бібліятэцы. Інжынер займаўся з дзецьмі на даму, вучыў іх карыстацца камп’ютарам, падключацца да сеціва, у карэкцыйным цэнтры вучыў супрацоўнікаў. Пачаліся рэпетыцыі, і ў выніку мы стварылі два спектаклі: «Вянок з казак» і «Беражы свой дом, сваю планету». Разам з дзецьмі з інваліднасцю ў спектаклях задзейнічаныя звычайныя школьнікі. Акрамя таго, што відовішчнымі атрымаліся самі спектаклі, не менш цікавымі былі рэпетыцыі. У дзяцей з’явілася жаданне знаёміцца, размаўляць адно з адным, а якраз гэта і было мэтаю – каб дзеці з інваліднасцю не замыкаліся ў сваім атачэнні.

Хаця пад час наведвання бібліятэкі ў нас не атрымалася ўбачыць інклюзіўны спектакль (двое самых актыўных удзельнікаў з карэкцыйнага цэнтра ўжо паехалі на канікулы), казку «Кот, ліса і пеўнік» мы ўсё ж пабачылі. А выхаванцы карэкцыйнага цэнтра ўдзельнічалі ў сустрэчы ў рэжыме відэаканферэнцыі, размаўлялі, адказвалі на пытанні віктарыны на веданне казак.

«Спартанцы» са Смаргоні

Праграма развіцця ААН
Дырэктар ТЦСАН Іна Раўценка дапамагае
Яўгену Шмаціне пераадолець бардзюр.

Не менш цікавая і карысная ініцыятыва ладзілася ў Смаргонскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва «Цёплы дом». Увосень у межах ініцыятывы «Жыццё без межаў – лагер актыўнай рэабілітацыі» 14 (хаця ахвочых было болей) інвалідаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату займаліся ў лагеры актыўнай рэабілітацыі з яскраваю назвай «Спарта». Цягам двух тыдняў яны паспелі шмат: займаліся спортам – у цэнтры ёсць выдатна абсталяваная трэнажорная зала (на адмысловых трэнажорах можна займацца, нават седзячы ў калясцы) і ўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах, даведаліся, што рабіць калясачніку ў экстрэмальнай сітуацыі, атрымалі веды па самаабслугоўванні – каб інвалід-калясачнік як найменей залежаў ад іншых. У дворыку тэрытарыяльнага цэнтра адмыслова для ўдзельнікаў лагера з’явіліся драўляны пандус і імітацыя бардзюраў – там «спартанцы» вучыліся правільна пераадольваць іх у інваліднай калясцы, каб не зашкодзіць сабе.

Як расказаў старшыня Грамадскага аб’яднання інвалідаў «Жыццё без межаў» Яўген Шмаціна, лагер актыўнай рэабілітацыі – гэта магчымасць яшчэ раз нагадаць жыхарам Смаргоні пра тое, што сярод іх жывуць людзі з інваліднасцю.

– Калі моладзь яшчэ больш-менш ведае пра інвалідаў, то людзі старэйшага ўзросту, падобна, не прывыклі сустракаць на вуліцы інвалідаў – глядзяць на іх дзіка, – канстатуе Яўген Шмаціна. – Сёлета мы плануем правесці яшчэ адзін лагер, але хочам, каб ён быў кругласуткавым – так карысці ад заняткаў будзе значна болей.

Дзве каштоўнасці

Смаргонь зазвычай асацыюецца з дзвюма рэчамі – гэта мядзведзі і абаранкі. У межах ініцыятывы «Захаваем культуру разам: Смаргонь кірмашовая» гэтыя адрознасці набылі новае гучанне. Даведацца больш пра старадаўнюю Смаргоншчыну можна ў мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі, дзе для наведнікаў ладзяць тэатралізаваныя экскурсіі.

Праграма развіцця ААН
Гасцей у музеі сустракаюць абаранкамі.

У часы Вялікага Княства Літоўскага ў Смаргоні была мядзведжая акадэмія – школа дрэсіроўкі мядзведзяў, заснаваная князямі Радзівіламі. У музеі можна пабачыць і амаль сапраўднага мядзведзя (праўда, поўсць на ім штучная) з «вучыцелем», які загадвае зверу то патанчыць, то паказаць, як жанчыны перад люстэркам прыбіраюцца, і той паслухмяна ўсё выконвае. Праўда, каб дабіцца добрага выканання, мядзведзя трэба было дрэсіраваць цягам некалькіх гадоў. Напрыклад, каб навучыць танчыць, некалькіх мядзведзянятаў саджалі ў клетку, дно якой паступова награвалася. Мядзведзям было горача стаяць, і яны падымаліся на заднія лапы, на якія дрэсіроўшчыкі папярэдне абувалі лапці, а потым пачыналі пераступаць з лапы на лапу. Тут дрэсіроўшчык пачынаў біць у бубен, і праз нейкі час мядзведзь прывыкаў «танчыць», як толькі пачуе гукі бубна.

Пачэснае месца ў музеі адведзенае прылаўку з абаранкамі, ці абваранкамі, як называюць іх на Смаргоншчыне. Яшчэ некалькі стагоддзяў таму падарожнікі, якія праязджалі паўз гэтыя мясціны, заўважылі, што амаль усе мясцовыя жанчыны пякуць невялікія бублікі з цеста. Рабілі іх проста: жгутом з цеста абкручвалі адзін ці некалькі пальцаў – атрымліваліся абаранкі рознага памеру. Іх вазілі прадаваць не толькі ў суседнія мястэчкі, але і ў Вільню ды Варшаву. Ласунак падабаўся, і хутка яго рэцэпт стаў вядомы не толькі ў Смаргоні.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.