Пра здароўе і шчасце
З 20 па 23 кастрычніка ў Мінску праходзіла 23-я міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Медыцына і здароўе – 2015». Удзел у ёй бралі ўрачы, вытворцы медыцынскай прадукцыі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў, якія штогод знаёмяць наведнікаў выстаўкі з усім новым, што было вынайдзена ў сферы медыцыны. На выстаўку былі запрошаныя ўдзельнікі з Італіі, Літвы, Расіі, Славакіі, Турцыі, Украіны, Эстоніі і, канешне, з Беларусі. На экспазіцыі можна было пабачыць прадукцыю беларускіх вытворцаў і замежных прадпрыемстваў, медыцынскае абсталяванне і нават аўтамабілі хуткай дапамогі.
Таксама на выстаўку былі запрошаныя прадстаўнікі Паралімпійскага камітэта горада Масквы. Дырэктар інфармацыйнага развіцця Сяргей Васільевіч Фешчанка крыху расказаў пра дзейнасць камітэта. Яе асноўны накірунак – інфармацыйны. Паралімпійскі камітэт развівае і ўмацоўвае сувязі паміж краінамі, збіраючы для розных групаў насельніцтва, у першую чаргу, канешне, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі (да іх прадстаўнікі камітэта адносяць інвалідаў і пенсіянераў) інфармацыю пра тую медыка-сацыяльную палітыку, што праводзіцца ў свеце. Як расказаў Сяргей Фешчанка, гэта інавацыйны сацыяльны праект, які рэалізуецца наступным чынам. Паралімпійскі камітэт удзельнічае ў шэрагу выставак, як міжнародных, так і расійскіх (сёлета ўжо адбылося дваццаць пяць такіх мерапрыемстваў), і з’яўляецца пляцоўкай, дзе могуць размяшчаць інфармацыю пра сваю дзейнасць грамадскія арганізацыі з усяго свету. Прычым робіцца гэта бясплатна.
Таксама пры ўдзеле Паралімпійскага камітэта быў створаны адмысловы тэлевізійны спадарожнікавы канал «Інва Медыя ТВ» сацыяльнай накіраванасці.
Яшчэ адна сфера дзейнасці камітэта – умацаванне сувязяў мясцовых органаў кіравання, дзяржаўных установаў, грамадскіх арганізацыяў і камерцыйных вытворцаў. Пакуль я размаўляла з Сяргеем Фешчанкам, акурат адбывалася падрыхтоўка да падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Першамайскім раёнам Мінска і Данскім раёнам Масквы. У падпісанні ўдзельнічалі старшыня мясцовай раённай арганізацыі «Данская» Маскоўскай гарадской грамадскай арганізацыі Усерасійскага таварыства інвалідаў Зоя Акімаўна Андрэева, а з боку Беларусі – старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Людміла Цімафееўна Калмыкова і старшыня Першамайскай раённай арганізацыі Мінска Андрэй Аляксандравіч Пятрэнка.
Я пагаварыла з Зояй Акімаўнай Андрэевай, якая крыху расказала пра сябе:
– Я інвалід першай групы, у мяне параліч абедзьвюх ног з дзяцінства: я захварэла ў чатыры гады. Атрымала вышэйшую адукацыю – скончыла Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя М.Э. Баўмана, па спецыяльнасці я праграміст.
У мяне шчаслівае жыццё, я гэта магу сцвярджаць з упэўненасцю, – кажа Зоя Акімаўна. – Калі на мяне глядзяць члены нашай арганізацыі, якія па здароўю мацнейшыя, чым я, то яны быццам бы здаравеюць, дужэюць – прынамсі, маральна, унутрана, хаця, на вялікі жаль, не фізічна.
– Напэўна, вы іх вельмі натхняеце сабою, сваім жыццём? – не ўтрымаўшыся, запытала я. А мая суразмоўца паглядзела ўважліва, задумалася на некалькі секундаў і сказала проста:
– Да, напэўна, я сапраўды іх натхняю. – І дадала: – Яны мяне любяць, і я іх люблю.
Зоя Андрэева доўгі час займалася армрэстлінгам. Удзельнічала ў міжнародных спаборніцтвах, мае дваццаць два медалі. Напэўна, добрая спартыўная ўпартасць і настойлівасць, нацэленасць на перамогу таксама адбіліся на характары жанчыны, загартавалі яе, аднак не адвучылі радавацца жыццю.
– Мне падабаецца жыць, – працягвае Зоя Акімаўна. – Тым больш калі з гумарам, тым больш калі знаходзіць магчымасць лішні раз усміхнуцца. А ўвогуле жыву я па прынцыпе «Гора баяцца – шчасця не бачыць». Ведаеце, казка такая ёсць. Неяк даўно я дачцэ яе чытала і кажу: глядзі, гэта ж пра нас. Вось так стараюся і жыць. Тым больш што ў нас і гора ніякага няма, – кажа мая суразмоўца і ўсміхаецца.
Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.