Перамозе – 73 гады
8 мая ў пасёлку Бараўляны Мінскага раёна прайшоў мітынг, прысвечаны 73-й гадавіне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства прыняла Бараўлянская пярвічная арганізацыя БелТІ, якая нядаўна абнавіла сваю дзейнасць.
Няўмольна час ідзе наперад, з кожным годам застаецца ўсё менш і менш сведак ваенных падзей. «Кожны з нас павінен зрабіць тое, што залежыць ад яго, каб падоўжыць гады жыцця гэтых гераічных людзей», – адзначыла ў сваім выступе старшыня Бараўлянскага сельсавета Жанна Варабей. Менавіта яна выступіла з прывітальным словам да ўсіх прысутных. У цяперашні час на тэрыторыі сельсавета пражывае 16 ветэранаў ВАВ, 5 з якіх наведалі мітынг.
Сваім бачаннем тых страшных падзей падзялілася жыхарка блакаднага Ленінграда Таісія Цімафееўна Марозава. З асаблівым трапятаннем распавяла пра тое, як прайшлі яе дзіцячыя гады на фоне разгортвання ваенных падзей. Сваю лепту ўнеслі і навучэнцы ўстаноў адукацыі Бараўлян. Школьнікі эмацыйна зачыталі вершы і нават паказалі невялікую тэатральную сцэнку.
Пра тое, як важна правільна выхоўваць маладое пакаленне і не дапусціць паўтарэння страшнай вехі ў гісторыі нашай краіны, выказаўся намеснік старшыні Бараўлянскай пярвічнай арганізацыі БелТІ, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане, падпалкоўнік Мікалай Іванавіч Самонаў. Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, усклалі гірлянды і вянкі да брацкай магілы.
Для жыхароў пасёлка таксама быў арганізаваны святочны канцэрт з удзелам творчых калектываў. Усімі любімыя песні і аўтарскія кампазіцыі падарыў слухачам спявак і кампазітар Валерый Каняхін. Творчую эстафету прыняла старшыня Мінскай раённай арганізацыі БелТІ, лаўрэат конкурсу «Славянскі базар» Марына Джабарава. Яна выступіла з песнямі «Алёша» і «Ягода-малина». Асаблівую ўвагу заваяваў калектыў «Славянскія сваякі» пад кіраўніцтвам члена Фрунзенскай раённай арганізацыі БелТІ, лаўрэата міжнародных конкурсаў Аляксандра Іванавіча Кругліка. Аказалася, што «Песня пра танкіста» ў выкананні гэтых артыстаў знаёмая і любімая многімі прысутнымі жыхарамі пасёлка.
Напярэдадні святкавання Дня Перамогі выступіў і ваенны аркестр вайсковай часці № 3310 Мінска. Прафесійнае выкананне артыстамі музычных кампазіцый ваенных гадоў падкрэсліла ўрачыстасць моманту. Для святкуючых жыхароў была арганізавана ваенна-палявая кухня. Жадаючыя змаглі пакаштаваць сапраўднай грэцкай кашы з тушонкай, зваранай у паходных умовах.
Свята завяршылася выступам дзіцячых калектываў і народнымі танцамі.
Вольга НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.