Перадкаляднае

Поддержи

Нішто так не дапамагае мне намацаць дно ўласнай душы, як зіма. Яна спускаецца ўнутр доўгачаканымі парушынкамі снегу і прыемна казыча нутро так, што хочацца раняць слёзы ад перапаўнення эмоцыямі.

Не магу сказаць распаўсюджанае, што зіма – гэта час цудаў. Хутчэй, зіма – гэта час Божых дабраславенняў і адказаў для кожнага, хто гэтага прагнуў.

Зіма – гэта абавязкова коткі. Яны туляцца, грэюцца ля пад’ездаў, сядзяць, распушыўшыся, на капотах машын. Я люблю размаўляць з імі па дарозе, муркаю ім, і мне падаецца, што менавіта ўзімку яны мне адказваюць адным позіркам.

Зіма – гэта сляды нечыіх малюнкаў на запацелым шкле ў транспарце. Гэта доўгачаканы гук запалкі і запальванне свечкі ўвечары падчас малітвы. Ты засяроджваешся, думаеш пра тое, як прайшоў дзень, дзякуеш. А ў гэтай цішы чуецца гук завірухі за вакном. А перад табой – мільгаціць свечка, якая, падаецца, плавіць аскепкі ўласнай пыхі і твайго, Богу не патрэбнага, але штодзённага панцыру.

Зіма – гэта Каляды. Але імі яе чароўнасць не заканчваецца, толькі пачынаецца. Бо калядаваць можна аж да Масленіцы. І гэта неверагодна, калі ў цябе заўжды ёсць падстава, каб падарыць падарунак, праспяваць ці патанцаваць. Людзі іншыя ў гэты перыяд. І я разумею, што іншая і я. Гэта той час, калі забываюцца склокі, непаразуменні, і пачынаецца ўсё з белага, як снег, аркуша.

Зіма – гэта снежкі, парушынкі, горка і завіруууха! Гэта хруст снегу пад ботамі. Гэта качкі, якія нахабнічаюць, просячы хлеба, але немагчыма ім не даць, калі нешта маеш з сабой.

Зіма – гэта час падзяк і планаў. Я люблю планаваць. Планы далёка не ўсе здзяйсняюцца… Але я люблю аналізаваць сябе і думаць, як і што варта зрабіць дзеля таго каб быць лепшай, чым я ёсць на сёння. І гэта мяне моцна натхняе.

Узімку ва ўсіх месцах я напяваю «Алілуя» Коэна (сябры не дадуць схлусіць). Яны пачынаюць спяваць разам. Не ўсміхацца пры гэтым немагчыма.

Зімой у душы як ніколі валадарыць супакой. А гэта найкаштоўнейшы са станаў, які мы маем.

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.


Exit mobile version