Паэтэса Надзея Парчук: «Я сэрца людзям падару…»

Надзея Мікалаеўна Парчук – жанчына складанага лёсу і, тым не менш, чулая, лагодная, спагадлівая, разважлівая і верная свайму духоўнаму прызначэнню. Яна паэтка, публіцыст, літаратурны крытык, рэцэнзент, перакладчык. З 2009 года – сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар васьмі паэтычных кніг, каля сотні публікацый у розных выданнях. Надзея Мікалаеўна вельмі паважаная ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі Брэста, дзе жыве ўжо амаль два дзесяткі год. Даволі высока ацэнена творчасць Надзеі Парчук і ў сталіцы. У 2016 годзе яна ўзнагароджана медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру».
– Надзея Мікалаеўна, вы скончылі Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум. Чвэрць стагоддзя адпрацавалі ў банкаўскай сістэме. І раптам, як пішаце самі, перад вамі раскрылася «акно ў вялізарны свет творчасці…» Ці былі для гэтага нейкія перадумовы?
– Калі мець на ўвазе літаратурныя здольнасці, то можна сказаць: так, хоць нязначныя, але былі. Ды я пра іх тады не задумвалася. Ну, пісала выдатна школьныя сачыненні, пераказы, удзельнічала ў літаратурных конкурсах, калі трэба было да якога школьнага мерапрыемства ці свята – складала вершы, песні. Ні пра які творчы талент ці дар я тады і думаць не магла. Больш таго, мне нават ніхто з настаўнікаў не гаварыў ці, можа, і не падазраваў, што ў мяне ёсць нейкія творчыя задаткі, што іх патрэбна паглыбляць, развіваць. Таму пасля школы мы з братам падаліся ў тэхнікум, пасля заканчэння якога мая праца была цесна звязана з фінансамі, а не з творчасцю. Да вершаскладання ў перыяд працы я звярталася толькі ў тых выпадках, калі трэба было кагосьці з сяброў павіншаваць са святам ці днём народзін. Занатую, бывала, свае рыфмаваныя радкі на паштоўцы і адпраўлю імянінніку, а сабе нічога не пакіну, бо і ў галаву не прыходзіла зберагаць тое, што выказалася душой. Гэта мне пазней, пасля выдання некалькіх кніг, некаторыя скажуць, што мая душа пры нараджэнні была надзелена творчым агнём.
У шчаслівыя школьныя гады і ў перыяд руплівай, напружанай працы мне нават не снілася, што ў маім жыцці настане такі пераломны момант, такі невыносна пакутны час, калі я, як да сваёй выратавальніцы, звярнуся да паэзіі, а пасля стану прызнаным майстрам мастацкага слова. Гэты час наступіў, калі я пахавала спачатку маці, потым бацьку і вымушана была звольніцца з працы, з’ехаць з роднай хаты, любай вёскі ў Брэст да брата, дзе ў мяне акрамя яго сям’і нікога не было, дзе мне, будучы інвалідам 2-ой групы, знайсці новую працу было немагчыма. Я аказалася, як дрэўца, вырванае з роднай глебы, завезенае на чужыну і пасаджанае ў цесным агародчыку… Столькі ўсяго страчанага! Думак –не перадумаць, часу вольнага – шмат, а куды яго падзець? Заняцца шыццём, вязаннем, якому навучылася ў вёсцы, а каму яно патрэбна ў наш час? Дый рук шкада, бо яны – мае ногі: хаджу на мыліцах. Вось тады я вымушана была звярнуцца да паэзіі. Выходзіць, праўду сказаў адзін мудрэц: усяму свой час. Мне ж хочацца дабавіць, што паэта без складанага лёсу не бывае.
– Кажуць, што мастакам, літаратарам і шмат каму з адораных творчых асобаў адкрыта таямніца стваральнага працэсу. Працуючы ў банку, вы наўрад ці задаваліся пытаннем натхнення. А цяпер як вы можаце растлумачыць творчы працэс?
– Ды тут не адно пытанне, а некалькі. Прычым, усе – філасофскія. Але пачнём з самага прыемнага – натхнення. Натхненне – гэта ўрачыста ўзнёслы стан душы, які надае чалавеку новае дыханне, лёгкасць, імкненне да ідэалізацыі, рамантызму, памнажае сілы, прыносіць радасць, узбагачае духоўна, акрыляе, бы птушку ў палёце. Творчае натхненне, лічу, можа прыходзіць любому чалавеку і на любой працы. Натхнёна можа працаваць не толькі мастак, паэт, кампазітар, але і вучоны, настаўнік, інжынер, канструктар, аграном, сейбіт, ляснік і нават банкір. Любому чалавеку трэба не быць промахам, не ленавацца, а самавыхоўвацца, працаваць над духоўным узрастаннем уласнай душы. Чалавеку-паэту ў такі шчаслівы час застаецца толькі паспець запісаць нечакана зляцелыя з таемных нябёс радкі, дапрацаваць верш; мастаку – нанесці на палатно прамільгнулыя ў галаве першыя штрыхі, каб пазней вымаляваць з іх цудоўную карціну; кампазітару – пакласці на ноты душой пачутыя дзіўныя гукі музыкі, пашырыць іх, каб сталі сапраўдным мастацтвам.
Цяпер я штодзённа займаюся творчым працэсам. Паспрабуй толькі адхіліцца ад яго, як табе тут жа сябры, калегі, чытачы, бібліятэкары, паэты-пачаткоўцы напомняць пра яго існаванне, папросяць дапамогі, уцягнуць у творчасць. Тут ужо няма калі задавацца філасофскімі пытаннямі, а рэальна працаваць прыходзіцца, акунацца ў творчасць з галавою. А ў дзяцінстве я марыла стаць настаўніцай. Пазней зразумела, што ў маім стане настаўнікаў не бывае. Аднак на маім шляху заўсёды сустракаліся добрыя, спагадлівыя людзі, разумныя і адказныя начальнікі, з якімі мне было лёгка кантактаваць, прыемна супрацоўнічаць. Мабыць, на генным узроўні мне ад бацькоў і асабліва ад дзеда Косці перадалося ўменне ладзіць з людзьмі і жартаваць. Гэта ратавала мяне і маіх практыкантаў-стажораў ад нецярплівых кліентаў, якія стаялі ў банкаўскай чарзе і патрабавалі хутчэйшага абслугоўвання. Былі і сярод кліентаў добрыя жартаўнікі. Адным словам, я любіла сваю працу, бо любіла і люблю людзей, таму кожны працоўны дзень прыносіў мне радасць і задавальненне.
– Можна быць па жыцці мудрым чалавекам, але не паэтам. А паэт у звычайным жыцці часам выглядае звычайным чалавекам. Але ён «умее палічыць і прачытаць усе складкі і лініі на далоні, як радкі…» Вы адчуваеце гэтую розніцу, ці яе ўсё ж не існуе?
– Як можна процівапаставіць паэзію жыццю? Жыццё – гэта і ёсць сама паэзія, прыгажосць, шчасце. Жыццё і паэзія, па-божаму, – неад’емныя. Без жыцця не бывае паэзіі і наадварот. На жаль, не кожны звычайны чалавек гэта разумее. І не трэба лічыць, што мудры чалавек не разумее і не прызнае паэзіі, не любіць яе, бо сам не паэт. Затое ён займаецца іншай карыснай справай і не забывае захапляцца творамі любімых паэтаў-класікаў, паэтаў-сучаснікаў. Усялякі мудрэц цікавіцца сабе падобным і знаходзіць яго ў паэце. Знайшоўшы вартыя радкі, афарызмы выпісвае сабе ў нататнік, цытуе ў сваіх філасофскіх і навуковых працах, запамінае і чытае пры нагодзе ў сяброўскім акружэнні.
Цяпер пра шэрага чалавечка-паэта. А што, калі паэт сціплы, то ўжо нямудры чалавек? Не мысліцель? Я, напрыклад, сабе не ўяўляю такое сумяшчэнне ў адной асобе. Так што не трэба раздзяляць і судзіць асоб, адораных рознымі талентамі і пакліканых на важную канкрэтную справу. У кожнага з іх – свая місія. Нам трэба паважна ставіцца да заслужанага мудраца і сціплага тварца красамоўнага паэтычнага слова.
– Ці можаце што-небудзь сказаць пра гісторыю стварэння некаторых вашых твораў? Як усё ж яны прыходзяць да вас? Адкуль з’яўляюцца вобразы, думкі, словы, рыфмы?
– Амаль у кожнага майго твора, бы ў госцейка, – свая нагода ці прычына прыйсці да мяне, свая гісторыя напісання. Бывае, хапае аднаго выпадкова пачутага ці прачытанага звонкага слоўка-залацінкі, каб душа прачнулася, ажыла, заспявала і ад нечаканай знаходкі, ад нахлынутай на яе радасці нарадзіўся новы верш. Напрыклад, чытаючы неяк газету «ЛіМ», упершыню наткнулася на мілагучнае слова яснота. І так яно мне запала ў душу, што захацелася яго не толькі ў слоўнік дапісаць, але тут жа скарыстаць у вершы, які на дзіва лёгка стварыўся, як быццам кімсьці быў прадыктаваны:
Яснота на нябёсах,
Святочнасць на зямлі,
І травы ў чыстых росах,
І ў золаце палі,Лясы – у зеляніне,
Азёры ў серабры,
І туманы ў даліне,
І шчэбет у бары.Любуйся, чалавеча,
Спрадвечным хараством,
Малі, каб высі вечна
Адорвалі святлом.
Было і такое: сяджу ў ціхай адзіноце і думаю аб сваім жыцці-быцці і раптам чую – душа прамаўляе шчырыя, філасафічныя радкі:
На добрых мне людзей шанцуе
Заўжды, куды б я ні пайшла,
Іх, як гасцінцы, лёс даруе,
Бо імі поўніцца зямля.Святлом праменяцца іх вочы,
А ў промнях тых – душы цяпло,
Якое грэе ўдзень і ўночы,
Каб і ў маёй ўзышло дабро.
Вобразы і тэмы мне падказвае жыццё, сябры, добрыя людзі, дыктуюць абставіны, часцей за ўсё пішу спецыяльна да творчых сустрэч.
– Як вы адчуваеце, што твор завершаны? Звычайна майстры вучаць паэтаў-пачаткоўцаў своечасова спыніцца, каб не быць шматслоўнымі.
– Верш не павінен быць на 2-3 старонкі. Трэба ўмець укладваць сваю думку ў 3-4 страфы. Гэта самы лепшы і цэнны памер. Канешне, бываюць і выключэнні. Гэта залежыць ад важнасці выбранай тэмы. Калі ты прысвячаеш верш маці, роднаму гораду, любаму краю і цябе перапаўняюць прыгожыя эмоцыі, сыноўнія пачуцці, то не тармазі іх, вылівай на паперу. Потым, калі твор адстаіцца, перачытай яго і падумай – можа, з яго можна зрабіць два творы? Бо выкінуць добрыя радкі шкада. Вопытныя майстры слова кажуць, што верш лепш пакідаць крышку незавершаным, каб чытачы самі дадумвалі ход тваёй думкі і логікі, каб маглі паспрачацца паміж сабой.
– Адны з першых вашых твораў былі напісаны па-руску. Потым вы цалкам перайшлі на беларускую мову. Адчуваецца, што яна прыносіць вам асаблівую асалоду. Напрыклад, які цудоўны выраз «раскрыліўся бусел над хатай…». Чаму такая перавага?
– Я так мала склала вершаў па-руску, што іх хапіла толькі на адзін зборнік «Я сердце людям подарю». Дый выйшаў ён не першым, а другім па чарзе. Першай бала кніга «Жыццёвыя плыні» 2003 года. Рускамоўная ж пабачыла свет у 2004 годзе. Сама, можа, я і не здагадалася б перайсці на беларускую мову, бо ўсё жыццё карысталася толькі рускай, але дапамог шчаслівы выпадак: у госці да мяне прыйшла знаёмая брэсцкая настаўніца, якая раней разам з маім братам прыязджала ў нашу вёску Ладараж у госці. На яе пытанне – чым займаюся ў Брэсце, я адказала, што творчасцю. Вядома, прыйшлося чытаць рускія творы. Яна моўчкі слухала мяне, не хваліла вершы і не асуджала, а потым кажа:
– Вось бы перайсці табе на нашу родную мову! Бо па-руску ўжо столькі ўсяго створана, столькі наварочана!
– Але ж за такі доўгі адрэзак часу з маёй галавы выветрылася ўсё беларускае, уся школьная праграма, – адказала я.
– Так не бывае, – сказала Лілія Францаўна, – тое, што запала ў душу з дзяцінства – вечна там жыве і свеціць. Ты толькі паспрабуй, і ўсё атрымаецца, табе будзе нават лягчэй пісаць на роднай мове, чым на рускай. Я прынясу табе школьныя падручнікі за 6-8 класы, будзеш аднаўляць веды. І я паспрабавала тварыць па-беларуску. А хутка адчула такі смак, такую асалоду, што больш ужо не вярталася да рускай мовы – ахвота адпала. Пачала выпісваць беларускія выданні, каб абагаціць свой слоўнікавы запас, прырасці да свайго роднага.
– Ваша чарговая кніга – «Святло няскоранай душы». У ім выключна хрысціянскія матывы. І выдадзена яна ў гонар вялікамучаніка Георгія Перамоганосца, імя якога носіць праваслаўны храм у Брэсце. У кнігу таксама ўвайшлі прысвячэнні свяціцелю Мікалаю Цудатворцу, Еўфрасінні Полацкай, Сафіі Слуцкай, Афанасію Брэсцкаму. Хацелася б, каб вы прыгадалі гісторыю яе стварэння.
– Калі б мне ў рукі не трапіла кніга «Житие святых», то зборніка не было б. Я амаль нічога не ведала пра гэтага святога. Адно толькі, што вобраз яго як сямейная рэліквія нам ад дзядулі і бабулі дасталася. Паспрыяла выданню тое, што я рэдагавала пачынаючай паэтцы Лідзіі Чайко са Шчучынскага раёна зборнік. Яна перадала мне рукапіс праз сваю дачку Святлану, якая жыве ў Брэсце. Яна і прывезла мне кнігу з Жыровіцкага манастыра. А тут яшчэ недалёка каля нас нядаўна і храм узвялі ў гонар гэтага святога.
Я вырашыла прысвяціць гэтай Свята-Георгіеўскай царкве і святому Георгію Перамоганосцу сваю паэму. Калі яна была напісана і набрана ў макет, то, дзеля ёмістасці кнігі, я рашыла ўключыць у яе прысвячэнні іншым святым і ранейшыя вершы на духоўную тэму. Дарэчы, гісторыя стварэння зборніка падрабязна апісана мною ў прадмове да яго «Непераможаная Любоў».
– Яшчэ адна адзначылася прыкметная рыса ў вашай творчасці – дзіцячая літаратура. Маю на ўвазе зборнік вершаў, загадак, казак для дзяцей «Венерын чаравічак». Як ён нарадзіўся?
– Венерын чаравічак – гэта прыгожая кветачка, якая расце на палескіх балоцісых мясцінах, уздоўж рэк, у тым ліку і на Піншчыне. Яна занесена ў Чырвоную кнігу. Пра гэту цудоўную кветку я чула і палюбіла даўно, смакавала яе назву ўголас, марыла прысвяціць ёй верш пад гэтай жа назвай, але ніяк не магла прыдумаць цікавы сюжэт, у якім годна і гарманічна раскрываліся б – мудрасць і душа народа, прыгажосць мовы, каштоўнасць кветачкі, значэнне і змест мастацкага твора. Як аднойчы з Піншчыны ў Брэст прыязджае прыхільніца маёй творчасці і падказвае мне так назваць будучую кнігу. Я зразумела, што далей адкладваць час напісання нельга. І тады мне прыйшла ў галаву думка: а што, калі напісаць твор у казачнай форме? Дзеці ж любяць казкі. Так атрымалася арыгінальная і пазнавальная казка, бо ў ёй не адна, а некалькі кветачак з палескіх лугоў і палёў задзейнічаны: у казцы яны жыва расказваюць і абмяркоўваюць свае начныя сны.
– На жаль, частка грамадства лічыць, што людзі з інваліднасцю не жывуць, а толькі змагаюцца за магчымасць жыць як усе. Вы проста жывяце, проста любіце дарагіх сэрцу людзей, веруеце, займаецеся любімай і высакароднай справай. Лічыце менавіта гэта галоўным, а не фізічныя слабасці ды пабытовыя цяжкасці. Скажыце шчыра: вы шчаслівы чалавек?
– У параўнанні з няшчаснымі плаксамі ды хныкачамі, то я вельмі шчаслівы чалавек, бо ўмею радавацца жыццю, мірнаму дню, сонцу, чыстаму небу, акаляючаму мяне свету, люблю і даражу любоўю маіх родных, блізкіх, сяброў. У мяне ёсць магчымасць бачыць, гаварыць з людзьмі, тварыць дзеля іх, прыносіць ім радасць і задавальненне. Як кажуць, хочаш быць шчаслівым – будзь ім.
– Як вы лічыце: чаго не хапае сучаснаму чалавеку? Галоўная прычына ўсіх яго няшчасцяў? І ці можа мастацкая творчасць, у прыватнасці паэзія, перамяніць свет?
– Яму не хапае веры і духоўнасці, затым – дабрыні, спагады, жадання працаваць. Не прывучана моладзь пакланяцца ніякім сілам, дый не было з каго браць прыклад. Галоўная прычына ўсіх няшчасцяў заключаецца ў тым, што наша моладзь не прывучана да адказнасці, не навучана самастойна вырашаць хаця б свае праблемы. Іх за ручку вадзілі ў садок, добра накормленых, прыгожа апранутых адпраўлялі ці нават вазілі на дарагіх машынах у школу, стараліся ўсімі сіламі прапіхнуць у ВУЗ, потым знайсці прэстыжную працу ці пасаду, купіць дом, машыну… І ўсё бацькі, бацькі. І дзеткі прывыклі толькі браць, нічога нікому не аддаючы. Гэтай праблеме сучаснымі пісьменнікамі прысвечана шмат розных твораў, напісана мноства кніг. Але на дзікім полі нашай бездухоўнасці, на запушчанай ніве нораваў і чалавечай маралі – працы ў творцаў не паменела. Бяда ў тым, што маладое пакаленне і чытаць развучылася. Толькі глядзець прызвычаілася. Інфармацыйны паток перапоўнены ўсялякім брудам, хлуснёй, фэйкамі. Задача пісьменнікаў – часцей сустракацца з моладдзю, знаёміць яе са сваімі творамі, вучыць дабру, веры і чалавечнасці.
Гутарыла Юлія Савіцкая
Фота з асабістага архіва Надзеі Парчук
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.