Новыя фарбы «Палітры радасці»

Гляджу на карціны – нібыта гартаю старонкі старых летапісаў. Вось пахмурны, змрочны, задуменны князь Вітаўт – ці не такім ён быў, калі стрыечны брат Ягайла загадаў зняволіць яго? Вось Барбара Радзівіл – глядзіць стрымана, але не ганарыста. Не, не можа яна ведаць таго лёсу, які чакае і яе, і яе каханага, караля Жыгімонта Аўгуста. Але адкуль такі сумны цень на яе твары? Князі Міндоўг і Свідрыгайла, здаецца, пад час бою – надта ж занепакоеныя, жорсткія і ваяўнічыя ў іх твары…
І нібыта ажываюць падзеі тых заімшэлых часоў, і ўспамінаюцца радкі верша Віктара Шніпа:
Пагоня… Імчыцца пагоня, імчыцца
Наперадзе князь на бялюткім кані
І меч у яго, быццам бы бліскавіца,
І вораг, як травы сухія ў агні,
Знікае з палёў, што спрадвеку святыя,
Як нашая кроў, што праліта была
За волю, за княства, за мову, якія
Для нас, як у цемры шляхі да святла.
Легендарных асобаў нашае гісторыі па-свойму ўбачыў і ўвасобіў на паперы мастак Аляксандр Рашэтнікаў. Яго персанальная выстаўка «Вялікія людзі беларускай культуры» 19 студзеня адкрылася ў мінскай бібліятэцы № 5 на вуліцы Казлова.
Гасцінная загадчыца бібліятэкі Алена Паўлаўна Калейнік ўжо не раз прымала тут гасцей, а з Мінскай гарадской арганізацыяй Беларускага таварыства інвалідаў і мастацкай студыяй «Палітра радасці» ў бібліятэкі ўжо даўняе і добрае сяброўства. А той дзень для студыі быў сапраўды асаблівым, бо да яе палітры талентаў далучыўся і Аляксандр Рашэтнікаў. А паколькі фарбы ярчэй пачынаюць ззяць у сваёй адметнасці і разнастайнасці (напэўна, мастакі з гэтым будуць згодныя), то студыю можна павіншаваць з тым, што яна пабагацела яшчэ на аднаго творчага чалавека.
На адкрыццё выстаўкі прыйшло нямала «новых» людзей, раней з дзейнасцю мастацкай студыі не знаёмых. Каб бліжэй пазнаёміць іх з гэтым творчым аб’яднаннем, старшыня праўлення Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Людміла Цімафееўна Калмыкова крыху распавяла пра «Палітру радасці» і яе стваральніцу і натхняльніцу Ганну Анфімаўну Гадзіраву. Яна падкрэсліла, што творчаму накірунку сярод членаў арганізацыі надаецца асаблівая ўвага.
– Кожнай новай фарбе ў «Палітры радасці» мы вельмі рады, – са шчырасцю выказалася Людміла Цімафееўна. – І вельмі рады таму, што ў нашай суполцы з’явіўся яшчэ адзін мастак. Уласна кажучы, спачатку мы думалі, што студыя аб’яднае толькі мастакоў, потым да нас далучыліся майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці, потым паэты… А сёння да нас на імпрэзу завіталі вучні музычнай школы, каб павіншаваць шаноўнага Аляксандра Іванавіча з адкрыццём выстаўкі.
Выстаўка, дарэчы, атрымалася даволі грунтоўнай: дзясяткі два графічных працаў мастака і некалькі жывапісных пейзажаў, якія сваімі сакавітымі фарбамі ўраўнаважылі аскетычную стрыманасць намаляваных алоўкам партрэтаў.

– Я вельмі люблю Беларусь, – проста сказаў Аляксандр Рашэтнікаў, раскрыўшы гэтай адной фразай і сэнс сваёй творчасці, і сябе як мастака. З яго вуснаў гэтае прызнанне гучала не галаслоўна: сюжэты для сваіх карцінаў творца шукае на роднай зямлі, кожны лапік якой, здавалася б, ужо стаптаны нагамі беларусаў і знаёмы да дробязяў. – Ёсць у мяне серыя карцінаў «Павязынскія мадонны». Калі я іх ствараў, то перамаляваў усіх жанчынаў вёскі Павязынь, што на Маладзечаншчыне. На гэтай выстаўцы прадстаўленая частка маіх графічных працаў, якую я назваў «Постаці Вялікага Княства Літоўскага». Героямі гэтых карцінаў сталі Ягайла, Гедымін, Сімяон Полацкі ды іншыя выбітныя людзі нашай зямлі, пра якіх мы ведаем нават праз шмат стагоддзяў.
У добрым сэнсе апантаным назваў Аляксандра Іванавіча намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэуш Стружэцкі. І дай жа Бог такой апантанасці, такой зацікаўленасці сваім, родным кожнаму беларусу.

– Магчыма, акурат гэтая апантанасць і дазволіла Аляксандру Рашэтнікаву за кароткі час стаць мастаком са сваім асаблівым творчым почыркам, са сваёй манерай і, безумоўна, са сваімі героямі. Ужо сёння творы, напісаныя мастаком, робяць яму гонар, а ў будучым, я спадзяюся, яны зоймуць пачэснае месца ў беларускіх музеях, – выказаўся Тадэуш Стружэцкі. – Справа ў тым, што сучасных прадстаўнікоў інсітнага (наіўнага – аўт. ) мастацтва у нас цяпер вельмі мала, практычна адзінкі, а Аляксандр Іванавіч сярод іх, напэўна, самы яркі і адметны. Ён стварае не асобныя карціны, а цэлыя серыі, і гэта, як мне здаецца, патрабуе ад мастака выдатнага ведання гісторыі, ведання жыцця тых герояў, якіх ён пераносіць на паперу. Да таго ж, такая праца патрабуе вялікай любові – і да сваіх герояў, і да сваёй радзімы. Думаю, гэта бачна ў кожнай працы Аляксандра Рашэтнікава.

Таксама Тадэуш Іванавіч распавёў, што ў хуткім часе ў мастака запланаваная выстаўка ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў вёсцы Раўбічы (Мінскі раён), неаднаразова творца паказваў свае працы ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Магчыма, што і ў сядзібе мастака ў вёсцы Павязынь з’явіцца галерэя з яго карцінамі, дзе Аляксандр Іванавіч зможа ладзіць майстар-класы, куды будуць збірацца на пленэры мастакі…
***
У тую пятніцу ўдзельнікаў студыі чакала яшчэ адна радасная падзея. Кіраўнік «Палітры радасці» Ганна Гадзірава (а ра-зам з ёю і сама студыя таксама) атрымала падзяку ад галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама. Разам з Ганнай Анфімаўнай гэтую радасць раздзялілі ўдзельнікі студыі Іван Пятручык, Святлана Мацвіенка, Дзмітрый Лазавой ды іншыя.
Галоўны спецыяліст упраўлення культуры Ганна Шыманская, якая ўручала падзяку, са здзіўленнем адзначыла, што кожны раз (а на выстаўках «Палітры радасці» яна была неаднаразова) яе па-добраму ўражваюць працы студыйцаў, кожны раз яна захапляецца тым, колькі таленавітых лю-дзей змагла сабраць у суполцы Ганна Гадзірава.
Зрэшты, як ужо было сказана, фарбы найярчэй ззяюць ва ўсёй сваёй разнастайнасці. І «Палітра радасці» ў гэтым, канешне, не выключэнне.
Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара
Комментарии
Анна Гадирова
2016-03-02 11:09:17
Спасибо за прекрасную статью! Передана атмосфера выставки и особенности творческой манеры А.Решетникова - талантливого и разного...
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.