Невідушчы масажыст распрацаваў унікальную методыку, якой карыстаюцца як у Беларусі, так і за мяжой. Гісторыя Андрэя Якаўца з Баранавіч

Поддержи

Будучы падлеткам, у 2001 годзе Андрэй Якавец падарваўся на снарадзе часоў Вялікай Айчыннай вайны. У асноўным, раненні прыйшліся на галёнку. Некалькі асколкаў трапіла ў грудную клетку, нават прабіла адно лёгкае. Але самым сур’ёзным наступствам пасля ранення стала татальная страта зроку. Дыягназ – траўматычнае адслаенне сятчаткі вачэй пасля кантузіі і 1-я група інваліднасці.

“Падарваўся на снарадзе”

Андрэю зараз 39 гадоў. Ён жыве і працуе ў Баранавічах. Той вясновы дзень і сябе 17-гадовага, калі жыццё раздзялілася на “да” і “пасля”, ён памятае ў дэталях.

– Было прыгожае надвор’е. Мы з сябрамі вырашылі пакатацца на роварах па ўскраіне горада, – пачынае расказ Андрэй. – Месцам для прагулкі абралі трасу па мотакросу. Калі праязджалі па ёй, убачылі, што нашы аднагодкі нешта шукаюць у зямлі. Падыйшлі. Яны нам паказалі іржавыя нямецкія снарады і гільзы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Некалькі штук узялі з сабой.

Праз год прыбіраліся ў хаце і агледзелі прыхаваныя небяспечныя жалезкі. Была ідэя выкінуць іх ад граху далей. Але хлопцы вырашылі інакш.

– Выкідваць было шкада, таму вырашылі разабраць, – працягвае суразмоўца. – Нас было чалавек 5. Аднак разбіраў снарад я, бо тады вучыўся на першым курсе прафесійна-тэхнічнага вучылішча на сталяра-цесляра. Снарад падарваўся. Я знаходзіўся бліжэй усіх да выбуху, таму і атрымаў самыя цяжкія траўмы: 24 аскольчатыя раненні, у тым ліку ў вочы, кантузію, адарваныя два пальцы на руцэ. Астатнія абышліся драпінамі.

Пасля выбуху хлопца хутка даставілі ў гарадскую бальніцу. Падчас аперацыі Андрэй перанёс дзве клінічныя смерці.

– У асноўным, раненні прыйшліся на галёнку. Некалькі асколкаў трапіла ў грудную клетку, нават прабіла адно лёгкае. Але, дзякуй богу, аорту і сэрца не зачапіла, – успамінае Андрэй. – Першыя пару месяцаў я амаль не паднімаўся з ложка. Вучыўся зноў хадзіць. Але самым сур’ёзным наступствам пасля ранення стала татальная страта зроку. Дыягназ – траўматычнае адслаенне сятчаткі вачэй пасля кантузіі. На ўсё жыццё – 1-я група інваліднасці.

“Літаральна я сяджу на могілках сваіх мараў”

Андрэй планаваў пасля ПТВ паступаць у вышэйшую адукацыйную ўстанову. Затым адслужыць у арміі, пайсці працаваць на завод, ажаніцца, купіць кватэру і аўтамабіль для сваёй сям’і. Але гэтым планам не суджана было збыцца. Урачы сказалі дакладна – слепата назаўсёды.

– Поўная фрустрацыя – крушэнне ўсіх надзей. Будучыня ператварылася ў туман. Я не ведаў, што рабіць далей, – прызнаецца Андрэй. – Пасля выбуху было відавочна, што працягваць вучобу я не мог. Скончыў вучылішча завочна. Але толку: працаваць цясляром без зроку немагчыма. Не магу сказаць, што ў мяне была дэпрэсія. Нешта на грані таго. Мне было нават жахліва думаць пра будучыню. Я жыў толькі сённяшнім днём, а па начах думаў аб тым, што было б, калі б не крануў той снарад?..

Але ў такім стане малады чалавек доўга не знаходзіўся. Здарыўся выпадак, які можна назваць лёсавызначальным.

– Адразу пасля трагедыі да мяне сталі прыходзіць хлопцы, якія вельмі “спачувалі”. Яны прыносілі алкагольныя напоі, – дзеліцца Андрэй. – З хаты пачалі прападаць розныя рэчы. Прыкладна ў гэты час да нас зайшоў мужчына гадоў 30-ці разам са сваёй маці. Яны сказалі, што дапамагаюць інвалідам. Іх прапанова была наступнай: мая маці, у якой я адзіны сын, перапісвае кватэру на гэтага мужчыну, а той, у сваю чаргу, будзе даглядаць мяне да самай смерці. Мяне ахапіў тады такі гнеў, што я палез у бойку з гэтымі аферыстамі. Пасля гэтага выпадку мяне нібы маланкай ударыла. За паўгода да гэтага ў мяне было жыццё звычайнага падлетка. Мы рэпеціравалі ў самадзейнай рок-групе, сустракаліся ўвечары з дзяўчатамі, будавалі планы на будучае жыццё. Зараз жа нехта ўжо спадзяецца на маю смерць? Я зразумеў, што літаральна сяджу на могілках сваіх мараў.

“Мне пашчасціла”

Андрэй успамінае, як пасля гэтага сеў на ганак, закурыў цыгарэту і вырашыў, што далей так жыць нельга. Ён паабяцаў сабе шукаць любую магчымасць стаць нармальным чалавекам.

– Мне выпадкова пашчасціла, – кажа суразмоўца. – На хатні нумар нам патэлефанаваў мужчына. Ён прадстаўляў баранавіцкіх прадпрымальнікаў, якія гатовыя былі аплаціць інваліду па зроку дарагую аперацыю. Я шчыра адказаў, што ў маім выпадку зрок ужо немагчыма вярнуць. Але яны засумняваліся. Мяне адвезлі да прафесара медыцынскіх навук у Мінск. Кансультацыя спецыяліста не апраўдала надзеі: зрабіць мяне зноў відушчым не зможа ні адзін урач ні ў адной краіне свету. Аднак прафесар прапанавала тым добрым людзям дапамагчы мне з рэабілітацыяй.

Прадпрымальнікі зрабілі для Андрэя падарунак, аб якім большасць маладых людзей у той час толькі марыла – стацыянарны камп’ютар з працэсарам Windows-4. На пачатку нулявых гадоў такая прылада каштавала прыкладна 1,5 тысячы долараў.

– Калі яшчэ быў відушчым, я цікавіўся камп’ютарамі. Але для нашай сям’і гэта была непад’ёмная дарагая пакупка. Калі ў мяне з’явіўся камп’ютар, адзін з праграмістаў загрузіў мне праграму агучкі. Здаецца, я быў адным з першых невідушчых у Беларусі з агучаным камп’ютарам. На той момант мае школьныя сябры ўжо вучыліся ва ўніверсітэтах, таму некаторыя ўмелі карыстацца лакальнымі сеткамі. Па маёй просьбе яны загрузілі мне музыку і электронныя кнігі. Тады аўдыёкнігі былі яшчэ не распаўсюджаны. Але з дапамогай сінтэзатара мовы я навучыўся праслухоўваць кнігі сінтэзаваным голасам, – смяецца Андрэй.

На гэтым цуды ў маладога чалавека не закончыліся. Зноў – тэлефонны званок. І зноў прапанова.

– Патэлефанавалі з Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Сказалі, што ў Брэсце плануюць адкрыць камп’ютарныя курсы для невідушчых. Запыталі, можа і мне трэба? Вядома, я пагадзіўся, – пераказвае тую размову Андрэй.

Ініцыятарам такіх курсаў стаў Міхаіл Антоненка, які на той час быў намеснікам старшыні ЦП ГА “БелТІЗ”. У выніку каля 15 чалавек сталі вучнямі першых у Беларусі камп’ютарных курсаў для людей з парушэннем зроку. У іх ліку і Андрэй.

– Мы 4 месяцы жылі ў інтэрнаце Брэста, – успамінае ён. – Невідушчых было ўсяго чацвёра. Астатнія – з рознай ступенню парушэння зроку. Самае галоўнае, чаму я там навучыўся, – гэта друкаваць дзесяціпальцавым метадам “усляпую”. Зараз друкую крыху павольней, чым у маладосці, але хутчэй, чым большасць запісвае ручкай.

“Кайф дапагаць людзям”

Некалькі месяцаў Андрэй працаваў у Баранавіцкім філіяле ўнітарнага прадпрыемства “Светапрыбор”. Але, па яго словах, гэта была праца не для яго. Кожны дзень яму неабходна было выконваць адну і тую ж аперацыю. І гэта надакучыла.

– Ніякіх прэтэнзій да прадпрыемства ў мяне няма. Наадварот, удзячны за працаўладкаванне, – кажа суразмоўца. – Але я зразумеў, што хачу рухацца ў іншым накірунку. Маці настойвала, каб я паступаў на масажыста. Аднак мне гэтая ідэя не падабалася. А калі пайшоў са “Светапрыбора”, вырашыў усё ж паспрабаваць паступіць на гэтую спецыяльнасць у каледж. Быў цяжкі адбор – 15 чалавек на месца. Але я паступіў! І гэта было правільнае рашэнне.

Андрэй паступіў у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж, які набірае групу людзей з інваліднасцю. Па ўспамінах Андрэя, яму не адразу спадабалася вучоба. Аднак зараз масаж – справа яго жыцця.

– Пасля ПТВ праграма ў медкаледжы мне здавалася вельмі складанай. Да таго ж я не адразу знайшоў падыход да вучобы, – разважае мужчына. – Дзякуючы дапамозе прадпрымальнікаў, у мяне было два дыктафоны – касетны і лічбавы. Яшчэ і ноўтбук. Я прыходзіў на заняткі з тэхнікай. Зараз гэтым нікога не здзівіш, а тады я выглядаў амаль як іншапланецянін. Лекцыі запісваў на дыктафон і паралельна друкаваў на ноутбуку за выкладчыкам. Але сэнсу было мала. Занадта шмат інфармацыі і не заўсёды структураванай. Тады я стаў прасіць у выдатнікаў, каб пасля заняткаў яны надыктоўвалі свой канспект мне на дыктафон. За гэта я частаваў іх прысмакамі і пускаў за камп’ютар глядзець фільмы. Так і скончыў вучобу.

Нягледзячы на страту зрока, праблем з камунікацыяй у Андрэя не было. Да каледжа дабірацца дапамагалі тыя, хто не хацеў купляць талон, бо для суправаджальніка невідушчага праезд у грамадскім транспарце бясплатны.

– Важны момант: у медкаледжы я навучыўся правільна карыстацца палкай пры хадзьбе. У мяне быў аднагрупнік, які вучыўся ў школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем зроку. Там іх абучалі такім рэчам, – успамінае Андрэй. – Але самае цікавае пачалося на практыцы. На мой першы сеанс масажу прыйшоў мужчына, у якога пасля інсульту не працавала рука. Падчас курсу масажу рука яго пачала рухацца. Тады я адчуў, які гэта кайф – дапамагаць людзям. З таго часу я і масаж – адно цэлае.

“Аўтарскі метад масажу”

Пасля вучобы выпускніка Гродзенскага медкаледжа накіравалі па размеркаванні ў Баранавіцкую цэнтральную паліклініку. Там Андрэй быў першым невідушчым тэхнікам-масажыстам.

– Калегі аднесліся з зацікаўленасцю. Адзін з урачоў папрасіў зрабіць яму масаж, а ўсе астатнія прыйшлі паглядзець, як я гэта выконваю, – усміхаецца Андрэй. – З пацыентамі таксама не было праблем. Нехта, мабыць, нават і не заўважаў маёй асаблівасці. Скажу так: скаргаў не было.

У паліклініцы Андрэй працаваў 14 гадоў, пасля чаго пачаў займацца прыватнай практыкай. Зараз асноўны яго занятак – навучанне тэхніцы масажу іншых.

– Яшчэ да страты зроку я зачытваўся медыцынскімі кнігамі, якія засталіся мне ад роднай цёці – ваеннага ўрача. На той момант я і ўявіць не мог, як гэта зацікаўленасць паўплывае на маё жыццё, – кажа суразмоўца. – У паліклініцы я зразумеў, што маю добры попыт з боку пацыентаў. Таму дакладна вырашыў: стану масажыстам высокага класа. У 2008 годзе я, вывучаючы псіхафізіялогію, зацікавіўся прынцыпам сячэння Фібоначчы. Такім чынам нарадзіўся мой аўтарскі метад масажу, у якім выведзены аптымальныя суадносіны працягу сеанса, моцы ўзаемадзеяння і эрганомікі масажных прыёмаў. Паміж прыёмам пацыентаў я пісаў кнігу па сваёй тэхніцы, прыкладна 5 гадоў. Я марыў зрабіць работу як Дэйл Карнегі. Канешне, у выніку гэта перафармавалася ў відэакурс для пачынаючых масажыстаў. Аднак гэта добры вопыт.

У 2018-м годзе Андрэю была прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. І хутка пасля гэтага выйшаў яго аўтарскі анлайн-курс па навучанні прафесіі тэхніка-масажыста. Ён даступны на адукацыйных платформах на дзвюх мовах – рускай і англійскай.

– Адразу планавалася прадаваць курс замежным карыстальнікам, бо яны больш звыклыя да анлайн-навучання. Але прыжылося і ў нас. Планую зрабіць курс яшчэ і на роднай беларускай мове, – дзеліцца масажыст. – Ёсць магчымасць вучыцца ў мяне і ў фармаце афлайн. У маім доме абсталяваны пакоі для прыёму пацыентаў.

Для тых, хто зацікавіцца маімі паслугамі, можна звяртацца ў Instagram – @massage_v_baranovichah.

“Не сядзець на адным месцы”

За паспяховым мужчынам стаіць вялікая жанчына, гаворыцца ў англійскай прыказцы. І ў Андрэя ёсць любімая жанчына – жонка Юлія. А яшчэ ў сямейнай пары двое дзяцей – дзяўчынка і хлопчык.

– Быў перыяд майго жыцця, калі я асабліва актыўна займаўся спортам: ёгай, прабежкамі, фітнесам і г.д. Амаль 10 гадоў таму мы з сябрам пайшлі на трэніроўку на школьны стадыён. Прабежка праходзіла так: я здымаў футболку, адзін канец яе трымаў сам, а другі даваў сябру. Такім чынам па нацяжэнні футболкі разумеў, калі збіваюся з маршруту, – тлумачыць Андрэй. – Сябар мне сказаў, што недалёка ад нас бегае вельмі прыгожая дзяўчына. Вырашылі пазнаёміцца з ёй. Адразу яе зацікавіла, як я займаюся спортам, калі нічога не бачу. А праз некаторы час запрасіла мяне трэніравацца разам. Мы хутка знайшлі агульны язык. Вось так і жывём па сёння.

Для Андрэя жонка не толькі самы блізкі чалавек, але і незаменны памочнік. Юля здымае відэа, займаецца мантажом, вядзе сацыяльныя сеткі для мужа. І яе ніколі не пужала яго асаблівасць.

– А вось бацькі Юлі адразу былі ў шоку, – смяецца масажыст. – Але, спадзяюся, зараз яны задаволены выбарам дачкі. Я поўнасцю забяспечваю сваю сям’ю. На мора адпраўляю жонку з дзецьмі, сам не вельмі люблю вандраваць. Для меня галоўнае, каб Юля была шчаслівай. А тое, што яна ў мяне самая добрая і разумная, гэта я і так ведаю.

Вольны ад працы час Андрэй праводзіць з сям’ёй. У Якаўцоў ёсць некалькі традыцый. Напрыклад, гуляць ці глядзець фільмы на беларускай мове.

–  Глядзець фільмы ўсім разам не так проста, бо яны бачаць, а я – не, – уздыхае суразмоўца. – Апошнім часам глядзім фільмы на беларускай мове. Калі ёсць вольны ад працы час, разам п’ем каву. А яшчэ шмат разоў хадзілі пешшу ўздоўж трасы да возера Мышанка. Там стаім на дамбе, слухаем гукі вадаспаду і ідзём назад.

Дарыя Галоўчыц

Фота з архіва Андрэя Якаўца

 

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.